Жанчыны спачувалі маладосці і лаялі старога канцлера. Мужчыны маўчалі, зацікаўлена чакаючы развязкі. Радзівіл супраць Радзівіла! Дзядзька супраць пляменніка! Такой падзеі не памяталі ні летапісцы, ні варшаўскія пляткаркі. Таму, калі ваяводзіна з дачкой прыбыла ў палац, іх сустрэлі позіркі і шэпты дапытлівых прыдворных. Але жанчына ганарліва прайшла ў каралеўскія пакоі, дзе і замкнулася з каралевай. Следам з’явіўся і князь Альбрэхт. Каралеўскі сакратар, толькі вызваліўшыся, кінуўся да канцлера з расповедам пра сваю прыгоду, і хоць пан Казаноўскі ўсяляк прасіў прабачэння, скардзячыся на дурных слуг, якія выпадкова замкнулі дзверы, але так і не пераканаў, што палон ніяк не звязаны з радзівілаўскімі заручынамі. Князь-канцлер верыў гэтаму яшчэ менш, таму неадкладна паспяшаўся ў палац і пачаў дамагацца аўдыенцыі ў яго вялікасці. Да караля яго, зрэшты, не пусцілі, а пан Казаноўскі, што якраз выйшаў з каралеўскай спачывальні, сказаў з вытанчанай фамільярнасцю каралеўскага ўлюбёнца:
— Я б табе, князь, не раіў зараз да караля ісці. Нічога карыснага для сябе ты там не атрымаеш, хіба выслухаеш папрокі за тое, што так подла з пляменнікам абышоўся.
Князь-канцлер закусіў вусы са злосці.
— Гэта ты са мной, пан падкаморы, так размаўляеш, ці кароль тваімі вуснамі? — усё ж спытаўся ён.
Пан Казаноўскі развёў рукамі:
— А ты сам падумай, князь, ці мог бы я з табой па ўласнай волі так размаўляць?
Пачуўшы такое, літоўскі канцлер адправіўся да каралевы. Яе вялікасць не асмелілася не даць аўдыенцыі такой уплывовай асобе, але перад тым збегала да караля. І калі князь Альбрэхт стаў прасіць яе дапамагчы ўзяць за сябе Катарыну Патоцкую, адказала, як навучыў муж:
— Мяне, князь, ужо пра заступніцтва пан падкаморы літоўскі прасіў, і я яму абяцала. А слова каралеўскага адмяніць не магу і не хачу тым звычаям ад вашай міласці вучыцца, што, паабяцаўшы аднаму, за другога б хадайнічала.
Януш чуў гэты адказ, седзячы ў спачывальні яе вялікасці, якая межавала з пакоем, дзе адбывалася аўдыенцыя. Не вытрымаўшы, ён выглянуў адтуль, і з-за спіны каралевы пераможна тыцнуў абражанаму канцлеру добрую дулю.
Але князь Альбрэхт таксама быў радзівілаўскага роду і капітуляваць не збіраўся. Пакуль каралева ўмаўляла ваяводзіну змяніць рашэнне, задумаў новае паскудства. Калі затузаная і заклапочаная каралеўскімі ўгаворамі пані Марыя з бледнай як смерць Катарынай выйшлі з палаца ў двор, яны не знайшлі там карэты, якую скралі канцлеравы слугі. Іх сустрэў сам князь Альбрэхт са святочна ўбраным сватам і ласкава прапанаваў свае паслугі. Катарына, зразумеўшы гэты падвох, зайшлася гучным плачам, аднак маці гвалтам пасадзіла яе ў карэту князя, што якраз пад’ехала. Януш, які затрымаўся ў палацы, каб падзякаваць іх вялікасцям за дабрыню, пачуўшы крык каханай дзяўчыны, выглянуў у акно. Убачыўшы, што адбылося, ён схапіўся за сэрца.
Князь Альбрэхт трыумфальна давёз жанчын дадому і, застаўшыся на вячэру, афіцыйна зрабіў прапанову. Пані ваяводзіна паабяцала яму руку сваёй дачкі, якая, пачуўшы рашэнне маці, залямантавала і выбегла з пакоя.
— Няхай ваша княжацкая міласць гэтым не пераймаецца, — супакоіла літоўскага канцлера пані ваяводзіна. — У маладых дзяўчат перад вяселлем такое часта бывае. Памятаю, я, як ішла замуж за яе нябожчыка бацьку, тры дні слёзы выцірала, але пасля гэтага шчаслівае шлюбнае жыццё мела.
Яна магла не марнаваць часу на тлумачэнні, таму што князь Альбрэхт нават не думаў займацца такой драбязой, пра што і запэўніў задаволеную пані Марыю.
Паколькі на двары стаяла глухая ноч, жаніх павінен быў вяртацца дадому. Паабяцаўшы заўтра даслаць падарункі і асабіста прыбыць на вячэру, князь развітаўся.
Ледзьве карэта князя-канцлера знікла за вуглом, як у дом уварваўся Януш, які ўвесь гэты час з нецярпеннем чакаў ад’езду дзядзькі. Забегшы ў пакой, ён убачыў заплаканую дачку і разгневаную маці, якая на яе наступала.
— Што яшчэ табе трэба, дурная дзяўчына? — крычала пані ваяводзіна. — І Радзівіл, і канцлер, і католік, і сам сваімі маёнткамі распараджаецца! Абяцаў твой пасаг падвоіць і запісаць на сваіх уладаннях як дажывотнае[87], яшчэ і прыбыткі з двух самых багатых старостваў, з тых, што ад караля атрымаў, таксама табе перадасць! А ў князя-падкаморага бацька ўсім запраўляе, а да таго ж ён яшчэ ерэтык.
— Раней цябе гэта не хвалявала, — хліпала Катарына. — А каралева сказала, што добрая жонка і да праўдзівай веры мужа можа прыхіліць. Князь Януш мяне кахае…