— Гэта не глупства, — сказаў пан староста. — Хто-хто, а я гэта ведаю, бо ў самога сэрца сплывае крывёй.
Януш пакасіўся на яго.
— Я, братка, зусім не супраць парадніцца з табой, — шчыра сказаў ён. — Калі ты маёй сястры да сэрца прыйшоўся, чаго ж мне носам круціць? Але дапамагчы табе не магу, бацька на мае словы ніколі не зважаў і цяпер зважаць не будзе…
— Зможаш, — рашуча паведаміў Глябовіч, вырашыўшы, што прыйшоў яго час схапіць бога за бараду. — Аддай мне свой ліст да князя-гетмана, а я яму яго адвязу. Хачу ў твой дом госцем, а не ворагам зайсці. А далей — хай будзе, што бог дасць…
Відаць, гарачае каханне змякчыла цвёрдае радзівілаўскае сэрца. Князь прыняў гэтую прапанову і, атрымаўшы ад карчмара паперу і пісьмовыя прыналежнасці, стаў пісаць пасланне. Юрый нецярпліва назіраў, як рыпучае і дрэннае пяро павольна паўзе па паперы, выводзячы душашчыпальныя радкі.
— Усё, — нарэшце сказаў Януш, паставіў апошнюю кропку і дачакаўшыся, пакуль высахне атрамант, змацаваў ліст сваёй пячаткай і ўручыў яго Глябовічу з добрымі пажаданнямі.
Закусіўшы горкую размову засмажанай гуссю, прыяцелі пакінулі карчму. У дзвярах нечакана сутыкнуліся з каралеўскімі слугамі, якія жыва абмяркоўвалі апошнія навіны. Убачыўшы Радзівіла, тыя адразу ж падаліся назад, даючы дарогу. Пазнаўшы аднаго з іх, каралеўскага сябра Сарбеўскага, з якім Уладзіслаў любіў паляваць, Януш па-сяброўску ляпнуў яго па плячы.
— Дык што, шаноўны пане, сціх шум на панскім двары, ці не варта туды сунуцца яшчэ некалькі дзён? — спытаўся ён. — Бо калі я сёння бачыўся з каралём, ад яго кіслага выгляду мяне аж аскоміна звяла.
— Ёсць, ёсць навіны, князь, — ахвотна адгукнуўся той і, нахіліўшыся, зашаптаў на вуха Радзівілу: — Кароль усё ж высылае Ядвіжку.
Радзівіл недаверліва свіснуў.
— І куды ж? — зацікавіўся Глябовіч.
— Будзе жыць ва ўяздоўскім палацы пад апекай пана Яржэбскага…
Януш засмяяўся — ці не першы раз за дзень.
— Ну, раз так, каралеве яшчэ доўга прыйдзецца скардзіцца на бяссонныя ночы. Кароль скора да Уяздова дарожку пракладзе…
Па дарозе ў Кейданы пан Глябовіч успамінаў сваю апошнюю сустрэчу з князёўнай Катарынай.
…Гэта было ў Вільні некалькі месяцаў таму. Нашумелая гісторыя з яе каралеўскім замужжам патроху… не, не забылася (такое не забываецца), але прыціхла, і Юрый зноў вырашыў паспрабаваць шчасця. Ён прыйшоў да князя-гетмана, які тады знаходзіўся ў літоўскай сталіцы. Крыштафа не было дома, але княгіня Ганна сустрэла госця ветліва і пасадзіла за стол. Блізкасць князёўны Катарыны затуманіла і так закаханую галаву юнака. Набраўшыся смеласці, ён дакрануўся пад сталом да яе рукі і праззяў ад шчасця, калі іх пальцы счапіліся.
— І трэба ж было мне ўсё сапсаваць, — юнак лаяў сябе апошнімі словамі, успомніўшы, як быўшы сам-насам з князёўнай яшчэ раз сказаў ёй «люблю» і, атрымаўшы ў адказ жаданае «кахаю», страціў розум, схапіў дзяўчыну ў абдымкі і, пакрываючы пацалункамі яе гарачыя вусны, нечакана сутыкнуўся позіркам з яе раз’юшаным бацькам…
«Што дазволена каралю, таго падданаму нельга!» Мабыць, гэтую прыказку меў на ўвазе князь Крыштаф, калі аблаяў кавалера дачкі за нахабства і, строга папярэдзіўшы, што з гэтага часу дзверы княжацкага дома перад ім зачыненыя, вывеў прэч, не звяртаючы ўвагі на рыданні сваёй улюбёнкі…
…Карэта пераехала шырокі драўляны мост праз Нявежу і пакацілася вузкімі кейданскімі вуліцамі да княжацкага палаца. Зіма была цёплай, снег ледзь прысыпаў агароджы і дахі дамоў, ад чаго горад выглядаў па-святочнаму прыбраным і чыстым. Свята было і ў душы Глябовіча — хутка ён убачыць Катарыну!
Юрый не чакаў цёплага прыёму, дык і не засмуціўся, калі князь-гетман сустрэў яго не вельмі ветліва. Але, узяўшы ліст сына, Крыштаф не мог не запрасіць хай і непажаданага госця да стала. Падзякаваўшы Радзівілу за гасціннасць, Глябовіч пайшоў за ім у пакой і не стрымаў радасці, заўважыўшы за пышна накрытым сталом сярод ганаровых слуг і гасцей князёўну Катарыну. Убачыўшы каханага, дзяўчына замерла, не верачы сваім вачам, а яе шчокі шчасліва зачырванеліся. Пасадзіўшы Глябовіча далей ад дачкі, князь Крыштаф адправіўся чытаць лісты, а Юрый мог колькі заўгодна глядзець на Катарыну, якая таксама не зводзіла з яго закаханых вачэй.
— Я тут толькі дзеля цябе, мая цудоўная княжна, — выбраўшы момант, прашаптаў ён дзяўчыне.
Атрымаўшы ў адказ асляпляльную ўсмешку, Глябовіч не мог сумнявацца ў сваім шчасці і быў поўны рашучасці змагацца за яго з усім светам. Але тут вярнуўся князь Крыштаф. Яго з’яўленне адцягнула Юрыя ад кахання, і ён нарэшце змог агледзець гасцей і прывітаць знаёмых. Гасцей было няшмат. Побач з Радзівілам сядзеў віленскі падваявода пан Саковіч, ашмянскі староста пан Вільшак, паны Кахлеўскі, Сасноўскі і Мяржынскі і незнаёмы Глябовічу жвавы малады чалавек, якога гаспадар прадставіў гасцям як пана Юрыя Нямірыча з Украіны[91].
91
Украінай у XVII ст. называлі землі Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяводстваў Рэчы Паспалітай.