— Гэта ён? Гэта юны князь? — спытаў той у Пуцяты і, атрымаўшы пацверджанне, няўмела пакланіўся.
— Хто ты, пане? — з усмешкай спытаў Багуслаў, бо дзіўны госць бессаромна разглядаў яго з галавы да ног.
— Прашу дараваць мне, міласцівы князь, — спахапіўся той, відавочна, успомніўшы пра манеры. — Ваша міласць трохі выраслі з тае пары, калі я сустракаўся з вамі ў Ліхтэнбергу па справах вашага дзядзькі і майго дабрадзея князя-гетмана… Я генерал Арцышэўскі. Пачуў ад тутэйшага бурмістра, што вы ў Гронінгене, і з’явіўся, каб прывітаць вашу светласць і прапанаваць свае паслугі, калі ваша светласць мае ў іх патрэбу.
Генеральскае званне наведніка трохі збіла Радзівіла з панталыку, і Багуслаў ніяк не мог зразумець, хто перад ім. Яму дапамог Стаброўскі, што разам з княжацкай моладдзю прыбег на грымотны голас нечаканага госця.
— Пан Крыштаф! — радасна ўсклікнуў Самуль. — Пан Эліяс Арцышэўскі[93] шмат распавядаў пра цябе, калі гасцяваў у нас пасля смаленскага паходу! А мой бацька…
Ён змоўк, таму што меркаванне старога Адама Стаброўскага пра пана генерала ніяк нельга было назваць хвалебным. Але той не пераймаўся такой драбязой.
— Твой бацька, малады чалавек, цалкам мае рацыю, — паведаміў ён. — Такога гуляку, як я, яшчэ трэба пашукаць! — пры гэтых словах дзіўны госць гучна зарагатаў.
Крыштаф Арцышэўскі быў выбітнай асобай, пра якую з захапленнем гаварылі не толькі ў Рэчы Паспалітай, але і ў Галандыі, дзе ён быў на службе ў штатгальтара, і ў далёкай Бразіліі, дзе ён асвойваў для галандскіх гандлёвых кампаній новыя землі, і нават у Іспаніі, якой ён прынёс нямала прыкрасці на сушы і ў моры. Гэта ён з чатырма сотнямі людзей заняў добра ўмацаваны форт Аранж, здабыў крэпасці Рыял, Кальва, Алінду і Ітамараку і за нейкія сем гадоў зрабіў выдатную вайсковую кар’еру, даслужыўся ад капітана да генерала артылерыі і віцэ-губернатара галандскай Бразіліі. Але на радзіме Арцышэўскага абвясцілі па-за законам і пакаралі інфаміяй за лютае забойства аднаго залішне спрытнага праўніка, які прыбраў да рук яго родавы маёнтак. Дзякуючы княжацкаму заступніцтву Крыштаф вярнуўся з выгнання, але, увязаўшыся ў справу аб так званых «французскіх лістах»[94], павінен быў ратавацца ад каралеўскага гневу аж на іншым краі зямнога шара. Вяртанне на радзіму і нават знаходжанне ў саюзных Рэчы Паспалітай краінах пагражала яму зняволеннем або нават смерцю.
Успомніўшы ўсё гэта, Багуслаў падаў руку знакамітаму выгнанніку і правёў яго ў гасцёўню. Адтуль ужо чуўся голас пана Пуцяты, што прыспешваў слуг накрываць на стол і адначасова тлумачыў тоўстай непаваротлівай галандцы, якая сачыла за чысцінёй у доме, якія менавіта стравы трэба замовіць у найбліжэйшым шынку. Генерал таксама прыйшоў не з пустымі рукамі: па яго знаку слугі ўкацілі ў дом цяжкую бочку добрага іспанскага віна і ўручылі пану Пуцяту вузел з экзатычнай садавіной.
— Перад князем-гетманам я ў неаплатным даўгу, — седзячы за сталом, прызнаваўся Арцышэўскі. — Ён не адвярнуўся ад мяне нават тады, калі я адправіў на той свет таго ліса Бжэжніцкага і прыбіў да шыбеніцы яго доўгі язык, якім ён суддзяў аблытаў і маю бацькаўшчыну сабе забраў. На свае сродкі ў Лейдэн адправіў, каб я там, перасядзеўшы цяжкія часы, навігацыі навучыўся; сваякам Бжэжніцкага заплаціў, каб тыя не пярэчылі майму вяртанню дадому… А сам жа тады быў абдзелены манаршай ласкай і сродкаў дастаткова не меў, бо шведаў, якія яго маёнткі зруйнавалі, з роднага краю сваімі сіламі выганяў. Я часта ўспамінаю тыя ліхія часы нават цяпер, калі ашчадзіў тое-сёе і не такі ўжо жабрак, — ён задаволена пагладзіў тоўсты залаты ланцужок, урачыста ўручаны купцамі Вест-Індскай кампаніі разам з памятным медалём, адбітым на яго гонар. — Ды што тут казаць! Жыццём я князю-гетману абавязаны і буду лічыць за шчасце чымсьці паслужыць вашай княжацкай міласці, каб хоць крыху гэты доўг вярнуць.
Пасля гэтых запэўніванняў гутарка пайшла весялей. Аказалася, што пан Крыштаф нядаўна вярнуўся з Бразіліі, дзе як віцэ-губернатар меў досыць клопатаў з галандскім намеснікам — прынцам Насаў-Зігенам.
— Самазакаханы дурань! — цэдзячы піва, роў Арцышэўскі. — Хацеў адправіць мяне на заслужаны адпачынак! А дудкі яму! Я сам пайшоў, па ўласнай волі. Тым больш, што польскі кароль, хай бог дае яму здароўя, даслаў мне генеральскі прывілей… Але я ведаю, што і года не пройдзе, як Генеральныя Штаты на чале з самім штатгальтарам будуць маліць мяне вызваліць таго дурнога асла з чарговай непрыемнасці! Але я калі і вярнуся ў Бразілію, дык толькі каб выйсці з гэтым прынцам на паядынак. А калі ён зноў адгаворыцца высокім паходжаннем, я абвяшчу яго не прынцам, а каралём баязліўцаў!
94
Справа, па якой князя Крыштафа Радзівіла абвінавачвалі ў намеры пасадзіць на польскі трон французскага прынца Гастона Арлеанскага (1626). У ёй фігуравалі лісты радзівілаўскага рэзідэнта ў Францыі К. Арцышэўскага і П. Кахлеўскага. Большасць гісторыкаў схіляецца да думкі, што абвінавачванне сфальсіфікаваў палітычны праціўнік Радзівіла — вялікі гетман літоўскі Леў Сапега.