Выбрать главу

На гэтых словах пан Крыштаф так бухнуў паўпарожнім кубкам па стале, што запырскаў півам усіх прысутных. Гэта крыху астудзіла яго імпэт, і ён пачаў выбачацца, але Багуслаў знакам паказаў яму, што не злуецца, яшчэ і супакоіў пана Пуцяту, чыё адзенне пацярпела больш за ўсё.

— Не ведаю, як кароль, але мой дзядзька, пане Арцышэўскі, вельмі ўзрадуецца твайму вяртанню, — сказаў ён.

— Ох, я быў бы шчаслівы хоць бы калені прасветлага князя-гетмана абняць, таму што разумею, што каралеўскай ласкай я яму абавязаны! Але ж сустрэў я ў Галандыі пана Анджэя Вышаватага — аднаго з тых польскіх братоў, што пасля закрыцця арыянскіх школ у Кракаве і Любліне вымушаныя былі шукаць шчасця ў чужых краях. Калі распавёў ён мне, як пераследуюць цяпер іншаверцаў у нашай мілай Рэчы Паспалітай, у мяне аж валасы дыбам сталі! Сам я, літасцівы князь, ніколі добрым арыянінам не быў, ды і адлучылі мяне былыя браты ад сваіх кангрэгацый пасля здарэння з Бжэжніцкім, але за рэлігійныя вольнасці я заўсёды стаяў і да канца стаяць буду. Таму і напісаў Уладзіславу ўсё, што думаю пра такую палітыку, і даў яму зразумець, што не хачу жыць у краіне, дзе людзей не за злачынства якое, а за веру смерць чакае!

Слухаючы палымяныя словы, Багуслаў не ведаў, што і думаць пра гэтага чалавека, але чамусьці радаваўся нечаканаму знаёмству. Між тым Арцышэўскі пачаў распытваць прынца аб яго навучанні і вельмі ўзрадаваўся, калі даведаўся, што той наведвае лекцыі прафесара Альтынга, які ў свой час яго, арыяніна ад дзеда-прадзеда, здолеў евангелікам зрабіць. Але, адклаўшы рэлігійныя спрэчкі да заўтрашняга дыспуту, таварыства звярнулася да больш цікавых рэчаў. Няўрымслівы Стаброўскі запатрабаваў апавяданняў аб далёкай Бразіліі, і на нейкі час усе акунуліся ў дзіўны свет прыгод, марскіх паходаў і крывавых баёў…

— А што, найяснейшы князь, — хітра спытаў пан Крыштаф, заўважыўшы, як блішчаць вочы ў Багуслава. — Можа, і твая міласць паплыве са мной на пошукі славы ў далёкія краі?

Гэта быў неасцярожны жарт. Пан Пуцята, для якога, зважаючы на неспакойны характар гадаванца, далёкая Бразілія была прыкладна тым самым, што і пекла, імгненна ўскочыў на ногі з намерам выпхнуць небяспечнага госця за дзверы. Але той ужо зразумеў сваю памылку.

— Ну, Бразілія не Бразілія, — прымірэнча сказаў ён, — але калі ваша княжацкая міласць сапраўды аб гетманскай булаве марыць, я б раіў добра прыгледзецца да асаблівасцей галандскай фартыфікацыі. Цяпер бітвы не ў полі выйграюць, а мудрай аблогай…

Радзівіл прыязна прыняў гэтую думку, тым больш што яна адпавядала яго намерам.

Як толькі цёплае вясновае сонца пакрыла першай зелянінай гэтую дзіўную зямлю, Багуслаў адправіўся ў невялікую паездку па галандскіх гарадах, паслаўшы рэчы і сяго-таго са слуг у Амстэрдам морам. Арцышэўскі не змог яго суправаджаць, таму што яшчэ раней адбыў туды па просьбе купцоў Вест-Індскай гандлёвай кампаніі.

Аб’ехаўшы балоцісты Дрэнтэ, вандроўнікі павярнулі ў зялёную Фрысландыю з яе бязмежнымі пашамі, зялёнымі лясамі, старанна апрацаванымі палямі і блакітнымі плямамі азёраў, а затым пераправіліся морам у паўночную Галандыю, каб агледзець яе сярэднявечныя гарады-крэпасці з высокімі вежамі, байніцамі і пад’ёмнымі мастамі. Іх каменныя і на першы погляд непрыступныя сцены дзіўна кантраставалі з навакольнымі мірнымі краявідамі. Аднак старажытныя ўмацаванні ўжо даўно прайгралі бітву з часам, стаўшы пастаўшчыкамі матэрыялаў для дамоў прадпрымальных гараджан. Такая бестурботнасць толькі на першы погляд здавалася легкадумнай злачыннасцю. З таго часу, калі само жыццё паказала ўсе недахопы італьянскай фартыфікацыйнай сістэмы з яе дарагой і неэфектыўнай сеткай высокіх каменных валоў, не пакрытыя зямлёй каменныя муры якіх хутка знішчаліся прыцэльным артылерыйскім агнём, людзі даверылі сваю абарону вадзе. Радзівіл і яго спадарожнікі захоплена аглядалі шырокія равы, напоўненыя вадой, нізкія земляныя валы без каменных надбудоў, прыкрытыя яшчэ адным, больш нізкім валам, які закрываў сабой роў; шматлікія знешнія ўмацаванні — равеліны[95], дэмілюны[96], горнверкі[97] і кронверкі[98], прымяненне якіх вызначаў мясцовы рэльеф. І, нарэшце, сапраўдны цуд інжынерыі — дамбы і шлюзы, якія падавалі ваду ў равы, а таксама пры неабходнасці дазвалялі затапіць бліжэйшыя землі падчас варожага нашэсця. Усе гэтыя хітрыкі тлумачылі падарожнікам каменданты крэпасцей і камандзіры гарадскіх гарнізонаў, якія былі рады зрабіць паслугу дапытліваму прынцу. Амаль усе яны былі тутэйшыя і дрэнна валодалі іншымі мовамі, акрамя сваёй, таму мець зносіны з імі было складана. Але хутка з’явілася магчымасць абысці і гэтую нязручнасць…

вернуться

95

Равелін — дапаможнае фартыфікацыйнае збудаванне трохкутнай формы, размешчанае перад ровам крэпасці паміж бастыёнамі, якое служыла для прыкрыцця крапасных сцен ад артылерыйскага агню, нападаў праціўніка, а Таксама для збору войскаў гарнізона перад вылазкай.

вернуться

96

Дэмілюн — паўкруглае або падковападобнае збудаванне перад курцінай або бастыёнам для абароны хадоў або рова. Пасля трансфармавалася ў равелін.

вернуться

97

Горнверк (ням. Hornwerk — «рагавое ўмацаванне») — у бастыённай сістэме фартыфікацый знешняе дапаможнае ўмацаванне, якое служыла для ўзмацнення знешняй абароны крэпасці і складалася з бастыённага фронту і двух крылаў (эпалементаў), высунутых у бок саперніка перад галоўным крапасным валам.

вернуться

98

Кронверк (ням. Kronwerk — «каронападобнае ўмацаванне») — знешняе дапаможнае ўмацаванне, якое складаецца з бастыёна і двух паўбастыёнаў на флангах і павінна перашкодзіць варожай атацы на галоўную крапасную вежу. Кронверк узводзіўся насупраць крапасных курцін і звычайна злучаўся з крэпасцю двума доўгімі бакамі.