На наступны дзень адправіліся ў госці. Ведаючы, што пасля страты Пфальца і чэшскай кароны Лізавета Сцюарт з дзецьмі жыве не па-каралеўску сціпла, — гэтую інфармацыю абурана пацвердзіў Ян, якога нават не пачаставалі абедам, — Радзівіл вырашыў не браць з сабой увесь почат і адправіўся ў дарогу толькі з Невяроўскім, Кажэўскім і Фелкерзонам.
Палац каралеўскай сям’і хутчэй нагадваў дыхтоўны загарадны дом, чым жыллё каранаванай асобы. Але маляўнічыя пейзажы і ціхая веліч Рэйна, што важна каціў свае хвалі міма зялёных пагоркаў, на адным з якіх і стаяла рэзідэнцыя, напаўнялі вочы і сэрцы радасцю. Удыхнуўшы на поўныя грудзі свежага паветра, што п’яніла галаву, Радзівіл з усмешкай павярнуўся да Яна, які таксама ўсміхаўся.
— Зусім як дома, — шчыра сказаў Невяроўскі, па-свойму вытлумачыўшы гэтую ўсмешку.
— Так, — пагадзіўся Багуслаў, перад вачыма якога прамільгнулі зялёныя пейзажы Франконіі. — Дзе цяпер той Ліхтэнберг? — уздыхнуў ён, ведаючы, што нябожчыца-маці прадала былы радзівілаўскі маёнтак дзядзьку-маркграфу, перакрэсліўшы тым самым сынаву магчымасць засядаць у рэйхстагу.
Але цяпер не час было думаць пра сумнае, таму, заехаўшы на прасторны двор, Багуслаў хвацка саскочыў з каня і, кінуўшы повад слугу, накіраваўся ў дом. Шляхціцы зайшлі следам.
Нягледзячы на тое, што экс-каралева Багеміі была пазбаўленая магчымасці трымаць пышны двор, як гэта належала б каранаванай асобе, цырымоній у яе доме хапіла б на цэлы каралеўскі палац. Таму, прадставіўшыся старшаму лёкаю, а затым і старому гофмайстру, які з цяжкасцю перастаўляючы ногі пайшоў дакладаць гаспадыні аб гасцях, Радзівіл пачаў разглядаць палотны выбітных галандскіх майстроў у пярэднім пакоі.
Княжацкія слугі адкрыта нудзіліся. Фелкерзон ад няма чаго рабіць пачаў выпісваць пазногцем на абабітых ціснёнай скурай сценах нейкія ўзоры, пакуль суровы погляд Багуслава не прымусіў яго спыніць гэты занятак. На шчасце, якраз вярнуўся гофмайстар і правёў гасцей у каралеўскія пакоі, дзе перадаў іх паважнай матроне, якая, відавочна, была пры каралеве ахмістрыняй. Жанчына завяла Радзівіла і яго почат у невялікую залу, якая адначасова служыла і гасцёўняй, і сталовай, і троннай залай, бо менавіта тут на простым драўляным крэсле сядзела гаспадыня дома. Уздоўж пакоя вышыхтавалася ўся вялікая каралеўская сям’я, нешматлікія сябры і самыя паважаныя слугі. Вядома, князя і яго почат чакаў самы цёплы прыём. Тут ведалі самога Багуслава як сына брандэнбургскай прынцэсы, яшчэ не забыліся пра прыезд да двара прынца Аранскага яго кузэна Януша як паўнамоцнага польскага пасла, і больш за ўсё, вядома, тут памяталі намаганні князя Крыштафа выдаць дачку «Зімовай каралевы» замуж за польскага караля.
Лізавеце ўжо было сорак два гады, але яе фігура, нягледзячы на век і шматлікія роды, захавала дзявочую грацыёзнасць. У цёмна-русыя валасы яшчэ не закралася сівізна, а тонкая белая рука, якую яна з ветлай усмешкай працягнула госцю, была па-сапраўднаму прыгожай, як і чароўныя цёмныя вочы, пра якія некалі захоплена пісаў выхавацель Багуслава пан Набароўскі ў сваёй вядомай паэме.[102] Таму Багуслаў, крануўшыся вуснамі далікатнай рукі, тут жа працытаваў некалькі вершаваных радкоў, якія загадзя пераклаў на французскую. Бледныя шчокі жанчыны пакрыліся румянцам, і яна прывітала князя некалькімі ветлівымі словамі. Радзівіл іх не пачуў, таму што якраз разглядаў дзяўчат, што ажыўлена шапталіся і весела хіхікалі за спінай Лізаветы. Найстарэйшай і самай прыгожай з іх выявілася дачка каралевы, дваццацігадовая прынцэса Лізавета Багемская — тая самая, што ледзь не стала польскай каралевай. Побач стаялі сёстры: шаснаццацігадовая Луіза, дванаццацігадовая Генрыета Марыя і васьмігадовая Сафія. Перацалаваўшы ручкі ўсім прынцэсам і выказаўшы прынцэсе Лізавеце шкадаванне з нагоды таго, што бачыць яе ў Галандыі, а не на польскім пасадзе, Багуслаў пайшоў знаёміцца з прынцамі. Дваццацігадовы Карл Людвіг, які насіў ганаровы тытул пфальцскага курфюрста, дзевятнаццацігадовы Руперт[103] і васямнаццацігадовы Морыц радасна віталі Радзівіла, які таксама не хаваў задавальнення ад таго, што нарэшце аказаўся ў годным таварыстве. Трынаццацігадовы Эдуард, адзінаццацігадовы Эдуард Філіп і нават шасцігадовы Густаў Адольф таксама стараліся трымацца адпаведна свайму высокаму паходжанню, за чым пільна сачыў іх выхавацель — лорд Уільям Грэйвен, палюбоўнік Лізаветы.
Селі абедаць. Багуслаў атрымаў пачэснае месца справа ад каралевы, а яго шляхціцы апынуліся на другім канцы стала побач з блізкім сябрам англійскага караля, графам Нортгемптанам. Прынцэса Луіза пацікавілася, ці не сваяк Багуслаў брандэнбургскаму прынцу Фрыдрыху Вільгельму, які наведваў іх некалькі месяцаў таму ў Гаазе, але нечакана мусіў вярнуцца дадому. Атрымаўшы сцвярджальны адказ, яна пачырванела. Радзівіл здзіўлена паглядзеў на яе: несумненна, дзяўчына была закаханая ў яго нямецкага кузэна.
103
Руперт Пфальцскі, герцаг Камберлэндскі (1619–1682) — рэйнскі пфальцграф, вядомы англійскі арыстакрат, палкаводзец, палітычны дзеяч і вынаходнік. Браў актыўны ўдзел у каланізацыі Канады, дзе яго імем названа вобласць, рака і порт. Увайшоў у гісторыю пад іменем прынца Руперта.