— Луіза збіраецца за яго замуж, — гучна паведаміла князю маленькая Сафія. — А я б не выйшла, таму што ён зусім не прыгожы.
Луіза ўскочыла на ногі і са злосці ўдарыла сястру сурвэткай. Дзяўчынка ўслых зараўла. Каралева Лізавета паклікала няньку і загадала забраць малодшых дзяцей.
Калі маленькіх прынцаў і прынцэсу вывелі з-за стала, размова павярнула ў іншы, яшчэ небяспечнейшы бок. Завёўшы гаворку пра рэлігійны прыгнёт у Рэчы Паспалітай, які перашкодзіў яе дачцэ ўзысці на польскі прастол, Лізавета пільна глядзела на госця, запрашаючы падзяліць яе абурэнне. Багуслаў зразумеў намёк. Паведаміўшы каралеве, што не стаў удзельнічаць у каралеўскіх вясельных урачыстасцях на знак пратэсту супраць шлюбу Уладзіслава з нявартай кандыдаткай, Радзівіл забяспечыў сабе пажыццёвую прыхільнасць каралеўскай сям’і і атрымаў у падарунак яшчэ адну мілую ўсмешку прынцэсы Лізаветы.
Ад каралевы Багуслаў даведаўся і дрэнную навіну — каралевіч Ян Казімір, які так і не атрымаў курляндскую карону, са злосці адправіўся ў Іспанію на запрашэнне караля Філіпа, але дарогай французы арыштавалі яго як іспанскага шпіёна. Радзівіл быў перакананы, што гэта непаразуменне хутка вырашыцца, таму, пакінуўшы ў спакоі беднага вязня, перавёў размову на ваенныя справы. І хутка пашкадаваў пра гэта, таму што прынц Руперт і лорд Нортгемптан пачалі маляўніча распісваць свае ваенныя подзвігі ў нядаўняй аблозе Брэды, прымушаючы госця кусаць вусны ад прыкрасці.
— Я адчуваў сябе поўнай нікчэмнасцю, — пазней прызнаваўся Багуслаў Невяроўскаму. — Сядзець каля прыгожай дзяўчыны і бачыць, як цікавасць тваёй асобай на яе прыгожым твары змяняецца поўным расчараваннем ад таго, што ты ганебна маўчыш, пакуль нехта выхваляецца ўдзелам у кампаніі, дзе ты сам хацеў ваяваць, і подзвігамі, якія павінны належаць табе… Не, хай там пан Пуцята кажа што хоча, а я яго ўгавораў слухаць не буду і пайду ў першы ж ваенны паход, хай толькі надарыцца добрая нагода!
Здаецца, само неба спрыяла юнацкаму запалу, таму што прынц Карл Людвіг быў поўны рашучасці адваяваць у Максіміліяна Баварскага Пфальц — свае спадчынныя землі, якія яго бацька страціў пасля таго, як неасцярожна вырашыў ускласці на сябе чэшскую карону. Прынц няспынна гаварыў пра ваенны паход, які павінен быў адбыцца, як толькі прыбудуць англійскія грошы на аплату войска і абяцаныя шведскім фельдмаршалам Банерам палкі шатландскай пяхоты.
Выслухаўшы гэтыя навіны, Багуслаў падняўся: час быў вяртацца ў Утрэхт. Але, перш чым развітацца з новымі знаёмымі, Радзівіл з радасцю прыняў запрашэнне Карла Людвіга разам наведаць ваенны лагер.
…Да лагера Радзівіл і абодва прынцы ехалі ўжо знаёмай дарогай: спачатку ў Амстэрдам, а адтуль да Гарлема падарожнічалі двума конамі — баржамі, якія цягнулі коні па беразе першага ў краіне трэкварту[104]. Пры ўсіх сваіх выгодах, занадта павольная вандроўка раздражняла радзівілаўскую моладзь. Яна не стамлялася скардзіцца на пана Пуцяту, які не толькі прымусіў усіх падарожнічаць вадой, але і не дазваляў разбавіць нуду віном. Усе з надзеяй глядзелі на Радзівіла, але князь быў занадта заняты размовай з курфюрстам Карлам Людвігам і прынцам Рупертам, каб прыслухвацца да капрызаў слуг.
У Гарлеме таварыства шчасліва сышло на бераг і пасяліліся ў найлепшым гасціным двары «Леў» на галоўнай гарадской плошчы, але дрэнны настрой Невяроўскага і Стаброўскага не палепшыўся. Юнакі пачалі разумець, што яны ўжо не будуць займаць у жыцці Багуслава такое ж пачэснае месца, як раней, а правамі княжых сяброў з гэтага часу будуць карыстацца іншыя людзі, такога ж высокага паходжання, як і сам Радзівіл. Гэтая думка так уразіла Стаброўскага, што ён нават не аблаяў карчмара, які падсунуў яму падгарэлую каўбасу, напэўна, лічачы, што нязначная асоба не вартая сытнага пачастунку. Ян за вячэрай змрочна маўчаў і пайшоў спаць адразу ж, як устаў з-за стала, вырашыўшы, што Багуслаў у шаноўным таварыстве не заўважыць яго адсутнасці. І не памыліўся, бо спакойна праспаў у сваім ложку да раніцы.
Прадзёршы ранкам вочы, Невяроўскі вызірнуў у акно, каб даведацца пра надвор’е. На дварэ ззяла сонца, але Ян, ведаючы пераменлівасць надвор’я ў гэтых краях, не стаў загадзя радавацца і звыкла пацягнуўся па скураны плашч. Яго таварышы ўжо рыхтаваліся да паездкі ў лагер. Пан Пуцята крычаў на конюхаў, якія занадта павольна сядлалі коней, а Багуслаў размаўляў з нейкім важным шляхцічам. Невяроўскі стаў прыслухоўвацца да гутаркі, якая вялася якраз пад вокнамі, але суразмоўцы гаварылі на французскай, якой Ян толкам не ведаў. Атрымаўшы толькі галаўны боль ад незвычайнага разумовага перанапружання, ён хутка пакінуў гэты няўдзячны занятак, апрануўся і выйшаў на вуліцу як раз своечасова, каб на парозе сутыкнуцца з Радзівілам.
104
Трэкварт — тып суднаходных каналаў, якія з’явіліся ў Галандыі ў XVII стагоддзі. Для руху судоў выкарыстоўвалі коней, якія цягнулі баржы па сушы. Гэты спосаб даваў магчымасць не залежаць ад ветру і арганізоўваць рэгулярныя міжгароднія зносіны па раскладзе. Канал паміж Амстэрдамам і Гарлемам быў пабудаваны ў 1634 годзе.