Выбрать главу

— Прачнуўся нарэшце, — павіншаваў яго Багуслаў. — Ідзі, пад’еш трохі, бо хутка адпраўляемся.

— Хто гэта быў? — пацікавіўся Ян, рады, што князь усё ж заўважыў яго адсутнасць. — І што хацеў?

— Граф Сольмс-Браўнфельс, губернатар Маастрыхта і брат жонкі гаагскага штатгальтара, — растлумачыў князь.

Асцярожна зірнуўшы ў бок пана Пуцяты, які ўжо навастрыў вушы, ціха дадаў:

— І адзін з генералаў галандскага войска. Хацеў купіць майго каня.

Відаць было, што высакародная жывёла вельмі спадабалася графу, бо, атрымаўшы адмову, ён хоць і адышоў у бок, але глядзеў на яе з непрыхаваным жалем, зрэдку пераводзячы позірк і на гаспадара, чый почат зрабіў на яго вялікае ўражанне. Але паколькі Багуслаў да гэтага часу ўпарта трымаў сваё імя ў таямніцы, Сольмс-Браўнфельс нарэшце даслаў слугу з прапановай прадаць яму хоць бы аднаго з іншых коней, каб мець скакуна незвычайнай для гэтых краёў пароды. Але і на гэтую прапанову, якая, папраўдзе кажучы, не была занадта шчодрай, Радзівіл адмоўна пакачаў галавой, а Ян Невяроўскі ўслых абурыўся такой бесцырымоннасцю.

— Мы што, падобныя да купцоў? — абрынуўся ён на беднага слугу, бо менавіта на каня Невяроўскага паклаў вока Сольмс-Браўнфельс. — Калі твой гаспадар сапраўды так думае, я зараз растлумачу яму, чым адрозніваецца шляхціц ад простага чалавека.

На шчасце, праведны гнеў так раз’юшыў Янава сэрца, што ён ад хвалявання абраў для лаянкі польскую мову, якой не ведалі ні граф, ні яго слуга, і гэты выбух не меў тых непрыемных наступстваў, якія маглі б узнікнуць, калі б яго зразумелі.

— А мне, Ян, прадасі свайго каня? — з усмешкай спытаў Багуслаў.

Невяроўскі вылупіў вочы.

— Ты, мансеньёр, і дарма бяры, — здзіўлена адказаў ён.

— Дарма не прыму, ты за маім Цэзарыёнам пешшу паспяваць не будзеш, — Радзівіл паклаў Яну ў руку скураны кашалёк з грашыма, загадаўшы неадкладна набыць найлепшага каня, які толькі знойдзецца на гарлемскім рынку, і дадаў, хітра бліснуўшы вачыма ў бок графа: — А свайго прыгажуна зараз завядзі да графа Сольмс-Браўнфельса і скажы, што Багуслаў Радзівіл, прынц Свяшчэннай Рымскай імперыі, дорыць яму гэтага жарабца.

— А-а-а, — заўсміхаўся Невяроўскі, зразумеўшы княжацкі намер.

Вядома, пану Пуцяту не прыйшлося даспадобы такое марнатраўства, але Багуслаў, заўважыўшы яго абурэнне, хутка сказаў:

— А калі паважаны пан маршалак лічыць мой падарунак занадта каштоўным, то няхай аддасць табе свайго гнядога, а я для яго нейкую клячу набуду, каб не надта спустошыць свой кашалёк.

Пан Пуцята пляснуў рукамі, але прамаўчаў. Невяроўскі весела засмяяўся.

Як і варта было чакаць, граф Сольмс-Браўнфельс быў у захапленні ад падарунка. У падзяку ён адразу запрасіў шчодрага прынца і яго почат на абед і падарыў Багуславу выдатны мушкет.

— Бачыш, дарагі пан скнара, — весела заўважыў Багуслаў ашаломленаму выхавацелю. — Часам варта развязаць свой кашалёк хоць бы для таго, каб яшчэ больш яго напоўніць. Beneficiorum calcar anfimus gratus est![105]

Князь ведаў, што робіць. Сольмс-Браўнфельс быў адным з камандуючых войск галандскага штатгальтара Фрыдрыха Генрыха Аранскага, таму Радзівіл вельмі разлічваў на гэтае знаёмства, якое павінна было дапамагчы яму ў жаданай вайсковай кар’еры. Вядома, пану Пуцяту ведаць пра такія небяспечныя планы гадаванца было не абавязкова, і князь вырашыў маўчаць пра іх да пары.

Усё ж выхавацель не мог супакоіцца, тым больш, што сяброўскі абед у губернатара, куды пан Пуцята рушыў услед за Радзівілам, не спрыяў душэўнаму спакою: дзякуючы прысутнасці на ім пфальцскага курфюрста з братам Рупертам (яны, вядома, добра ведалі Сольмс-Браўнфельса) занадта ўжо небяспечныя і ваяўнічыя прамовы гучалі за абедзенным сталом. «Забаўляльная» паездка Радзівіла з прынцамі ў ваенны лагер таксама яго не весяліла. Але паколькі абяцаныя шатландцы яшчэ не прыбылі і пра тое, каб менавіта цяпер выступаць у паход, гаворка нават не ішла, пан Пуцята трохі супакоіўся.

Радасць выхавацеля была заўчаснай. Пачуўшы пра жаданне Багуслава ўзяць удзел у ваеннай кампаніі, Сольмс-Браўнфельс параіў Радзівілу далучыцца да прынца Вільгельма Насаў-Зігена, чыё войска цяпер на Шэльдзе блакавала подступы да нідэрландскага Антверпена, галоўнага гандлёвага канкурэнта Амстэрдама, і Радзівіл радасна пагадзіўся.

вернуться

105

Падзяка стымулюе дабрадзействы! (лац.)