Выбрать главу

Вядома, такому рашэнню патрона ніхто не ўзрадаваўся. Стаброўскі не разумеў, нашто добраахвотна падстаўляць галаву пад варожыя кулі, калі можна прыемна бавіць час — хоць у Утрэхце, хоць у Гаазе. Невяроўскі, якога жанчыны вабілі больш за аскетычнае лагернае жыццё, быў згодны з таварышам. Цадроўскі звыкла пачаў у сабе сумнявацца, як рабіў кожны раз, калі гаворка заходзіла пра ваенныя баталіі, а пан Пуцята, які баяўся не за сябе, а за Багуслава, рашуча асудзіў такую авантуру. Але ў думках выхавацель збіраў рэчы, разумеючы, што яго пратэсты князь слухаць не будзе. Астатнія шляхціцы, хоць і неахвотна, але былі гатовыя ехаць куды скажуць, і толькі Ворстарман, што ведаў гэты край як свае пяць пальцаў, шчыра ўзрадаваўся небяспечнай паездцы.

Гэта насмяшыла Самуля Стаброўскага.

— Майстар Ворстарман лічыць сябе вялікім ваяром, — здзекліва сказаў ён. — Вось як выйдзе са сваім пэндзлікам супраць варожага войска, праціўнік імгненна памрэ ў страшных канвульсіях…

— З перапуду? — заклапочана ўдакладніў Ян, які меў дрэннае пачуццё гумару.

— Ад смеху!

Лукас, які ў вольны час сапраўды арудаваў пэндзлем над партрэтам Багуслава, нейкі час цярпліва маўчаў, чакаючы, пакуль юнак супакоіцца. Але Стаброўскі супакойвацца не жадаў і яшчэ б доўга цешыўся ўласнай дасціпнасцю, калі б гравёр, стаміўшыся ад кпінаў, не ўзяў падораны Сольмс-Браўнфельсам мушкет і, зарадзіўшы яго, не збіў трапным стрэлам капялюш з галавы веселуна.

— Хто ж так жартуе? — абурана ўсклікнуў Стаброўскі, мацаючы галаву, якая, на яго думку, мусіла разляцецца на кавалкі, але чамусьці да гэтага часу трымалася. — Ты ж мог і прамахнуцца!

Пасля гэтага ўжо ніхто і ніколі гравёра не чапаў. Ныць і скардзіцца на свой лёс княжацкія слугі таксама перасталі. Цёпла развітаўшыся з Сольмс-Браўнфельсам і прынцамі, Багуслаў з початам і некалькімі кавалерамі з атачэння курфюрста адправіўся на пошукі новых прыгод.

х х х

Самы стары горад Галандыі — Німвегене[106], узведзены яшчэ рымлянамі на ўзгорыстых берагах паўнаводнага Рэйна і звілістага Ваала, уразіў Багуслава моцнымі сярэднявечнымі сценамі, удасканаленымі найноўшай сістэмай шлюзаў, якія рабілі горад амаль непрыступным. Агледзеўшы грозную памежную крэпасць, князь рушыў далей на захад, дзе таксама было на што паглядзець. Кожны гарадок у гэтых краях маг пахваліцца бездакорнымі ваеннымі збудаваннямі і здзіўляў адсутнасцю прыгарадаў і маёнткаў. Улічваючы пастаянную небяспеку, жыхарам было строга забаронена сяліцца за ўмацаваннямі. Уражвалі сваёй заўзятай працавітасцю і сяляне. Тут не было прыгону, і людзі, якія прывыклі да пастаянных ваенных нягод (іспанска-галандская вайна працягвалася з перапынкамі ўжо больш як семдзесят гадоў), упарта адбудоўвалі тое, што вайна паспявала знішчыць. Малапрыдатныя для жыцця багністыя землі Паўночнага Брабанта, беражліва асушаныя чалавечымі рукамі, ператварыліся ў зялёныя пашы, заціснутыя паміж шэрымі стужкамі каналаў. Яшчэ не так даўно гэтыя краі славіліся раскошнымі лясамі, але цяпер нават горад-крэпасць Хертагенбос[107] не мог пахваліцца цяністымі наваколлем: лясы высеклі для павышэння абараназдольнасці горада і на гаспадарча-ваенныя патрэбы. Аб мінулых добрых часах маглі нагадаць хіба парослыя вербамі берагі рэк Дамела і Аа, у вусцях якіх цяпер кіпела праца: узводзілі новы форт, названы па імёнах дзяцей прынца Аранскага — Вілем-Марыя. Форт павінен быў дапамагчы галандскаму штатгальтару трымаць у пакоры каталіцкае насельніцтва горада і заадно стаў бы абарончым пунктам у цяперашняй вайне з Нідэрландамі. Паглядзеўшы на будаўніцтва, Радзівіл і яго спадарожнікі рушылі далей. Вайна, што ішла на паўднёвых межах Галандыі, а яшчэ некалькі гадоў таму закранула і гэтыя землі, з кожнай міляй на поўдзень давала пра сябе знаць усё гучней. Дарогі сталі небяспечнымі, заезды горшымі, а сцерагчыся прыходзілася як не дужа высокамаральнай жаўнерскай браціі, што прагнула набіць кішэні за кошт падарожнікаў, так і збяднелых сялян, якія таксама не цураліся разбою. Хапала і жабракоў — пераважна былых воінаў, што паныла сядзелі на ўзбочынах дарог, выстаўляючы напаказ атрыманыя ў ваенных кампаніях калецтвы. Пан Пуцята наўмысна не даў князю прамінуць няшчасных, каб той на ўласныя вочы бачыў, што вайна — гэта не вясёлы шпацыр, але нічога гэтым не дабіўся. Затое Багуслаў загадаў выхавальніку ехаць ззаду і не псаваць яму настрой недарэчнымі павучаннямі.

вернуться

106

Зараз Неймаген.

вернуться

107

Літаральна «герцагскі лес» (нідэрл.).