Спехам агледзеўшы змрочны Гертрудэнберг, вандроўнікі на злом галавы паімчаліся да знакамітай Брэды, якую войскі прынца Аранскага нядаўна адбілі ў іспанцаў. Камендант крэпасці асабіста ўзяўся задаволіць цікаўнасць маладых людзей, паказваючы ім гарадскія ўмацаванні і распавядаючы падрабязнасці гэтай кампаніі.
— Семдзесят галандскіх жаўнераў і некалькі гадзін часу спатрэбілася ў слаўнай памяці 1590 годзе, каб адбіць Брэду ў Габсбургаў. У 1625-м амаль восемдзесят тысяч іспанцаў дзевяць месяцаў запар спрабавалі забраць яе ў нас, — казаў ён, горда падкручваючы вусы. — Я быў сярод абаронцаў горада і добра памятаю тыя часы. Мы біліся як ільвы і капітулявалі не перад Спінолам[108] і яго войскам, а перад голадам і хваробамі, якія даймалі нас больш, чым іспанская армія. Але ў Гертрудэнберг мы адступалі як героі — з паднятымі сцягамі і ўрачыстым барабанным боем. А ў 1637-м усяго за чатыры месяцы вярнулі горад сабе!
— Вось калі б вы яшчэ крыху пачакалі мяне, — прамармытаў Багуслаў, захоплена азіраючыся.
Крэпасць акружалі шырокія равы, напоўненыя вадой з ракі Марк. Шырыня рова ў некаторых месцах дасягала сямідзесяці пяці стоп[109], а глыбіня — трох з паловай локцяў[110]. Роў быў прыкрыты фасебрэяю[111], а на абароне чатырох гарадскіх варот стаялі горнверк, земляная курціна і пятнаццаць бастыёнаў з равелінамі[112] і капанірамі[113], дзе хаваліся лёгкія гарматы. Зразумела, што ўзяць такую моц можна было толькі знясільваючай аблогай.
Нягледзячы на шматлікія гарадскія цікавосткі, Радзівіл не стаў затрымлівацца ў Брэдзе і хутка адправіўся ў лагер галандскага войска, якое ў гэты час займала нядаўна здабыты форт Ліфкеншок на рацэ Шэльдзе. Прыбыў ён туды як раз своечасова, каб заспець войска ў поўнай паніцы. Аказалася, што галандскі камандуючы прынц Вільгельм ван Насаў-Зіген збіраўся нечакана захапіць форт Кала, які адкрыў бы галандцам шлях на Антверпен, але яго апярэдзілі іспанцы. Перайшоўшы ноччу мяжу, яны раптоўным нападам разграмілі галандскае войска, захапіўшы ў палон дзве тысячы воінаў, амаль усіх кавалерыйскіх коней і артылерыйскі поезд.
Зразумеўшы, што ў гэтым годзе яму не ўдасца заваяваць Антверпен у шэрагах галандскага войска, Багуслаў павярнуў на ўсход, проста ў стаўку прынца Аранскага, які, як змрочна паведаміў дапытліваму госцю прынц Насаў-Зіген, сабраўся ўзяць у аблогу Гелдар. Забягаючы наперад, варта сказаць, што і на гэты раз Радзівілу не пашанцавала: стаміўшыся ад павольнай і знясільваючай кампаніі, прынц Аранскі адмовіўся ад актыўных ваенных дзеянняў і з’ехаў у Гаагу. Homo proponit, sed Deus disponit![114]
Агледзеўшы шматлікія крэпасці на паўднёвым усходзе краіны, Багуслаў вярнуўся ў Утрэхт якраз у той блаславёны (на думку пана Пуцяты) час, калі зялёнае лісце вербаў, што паласкалі свае доўгія галіны ў каламутна-чорнай вадзе гарадскіх каналаў, стала ярка-жоўтым, а войска прынца Аранскага разышлося па зімовых кватэрах. Апрануўшыся ў восеньскую пазалоту, горад выглядаў яшчэ больш прыгожым, чым улетку. Але Радзівіл, ляніва азіраючыся навокал, скрушна ўздыхаў, бо прывялі яго сюды ў той час, калі прынц Руперт і пфальцскі курфюрст аб’ядноўваліся, каб даць бой баварскім войскам, фінансавыя клопаты. Як справядліва папярэджваў пан Пуцята, грошы, якія князь увесь гэты час шчодрай рукой рассыпаў вакол сябе, было цяжка даставіць сюды з Вялікага Княства Літоўскага праз ахопленую вайной Еўропу. Каб захаваць твар, Радзівіл мусіў зноў сесці за кнігі, і не ў прэстыжным і дарагім Лейдэне, а менавіта тут, у ціхім правінцыйным Утрэхце, размеранае жыццё якога не заахвочвала да празмерных выдаткаў. Дрэнны настрой Багуслава не палепшыла і вестка пра тое, што каралева Багеміі з дзецьмі ад’ехала ў Гаагу на зіму, асудзіўшы гэтым Радзівіла на сумную адзіноту. З’ехаў і Ворстарман наведаць родных, але абяцаў абавязкова вярнуцца.
— А мне тут падабаецца, — гучна абвясціў Стаброўскі, каб парадаваць князя. — Не горш, чым у Гронінгене.
— І сумна не будзе, — падхапіў Невяроўскі, падміргнуўшы Радзівілу на дзвюх дзяўчат, якія, высунуўшыся з акна, бессаромна разглядалі прыгожых падарожнікаў.
Сумна не было: заглядзеўшыся на прываблівыя круглявыя клубы прыгожанькай кветачніцы, якія ледзь прыкрывала звыклая для гэтых краёў кароткая спадніца з белым фартухом, Стаброўскі зваліўся ў канал і добра наглытаўся вады, пакуль таварышы з рогатам дапамагалі яму выбрацца на бераг.
108
Дон Амброджа Сынода-Дорыя, маркіз дэ Лос-Бальбасас, герцаг (1569–1630) — іспанскі палкаводзец, камандуючы армій Габсбургаў на заключным этапе Васьмідзесяцігадовай вайны.
111
Фасебрэя (фр.
112
Равелін — фартыфікацыйнае збудаванне трохкутнай формы, якое служыла для агнявой падтрымкі суседніх бастыёнаў.
113
Капанір (фр.