Выбрать главу

— Ох, Самуль, не давядуць цябе жанчыны да дабра, — смяяўся Багуслаў, гледзячы, як злосны юнак абтрасае мокрую і брудную вопратку і выбірае смецце, што заблыталася ў валасах. — Ды жабу… жабу з галавы здымі!

Пад рогат таварышаў Стаброўскі нарэшце намацаў агідную істоту і са злосці шпурнуў яе так, што жаба, праляцеўшы некалькі ярдаў, звалілася проста за пазуху нейкай служанцы, якая мыла ганак. Тая, заверашчаўшы на ўсю вуліцу, падскочыла да юнака, што аслупянеў ад нечаканасці, і, хвастануўшы яго па галаве мокрай анучай, бягом кінулася ў хату. Агаломшаны Самуль паглядзеў на сяброў, якія амаль каталіся па зямлі ад рогату, і, пачырванеўшы ад лютасці, выхапіў шаблю ды, падскочыўшы да дзвярэй, некалькі разоў ударыў у іх рукаяццю. І тут жа паплаціўся за такую дзёрзкасць: служанка з акна верхняга паверха, выліла яму на галаву змесціва начнога гаршка і з трыумфальным крыкам закрыла аканіцы, бо ў акно ўжо ляцеў камень, пушчаны Фелкерзонам.

Тут забіяка Кожкіль выхапіў шаблю і з крыкамі «На прыступ! Наперад!» паімчаўся дапамагаць таварышам. За ім кінуліся і астатнія, каб выламаць дзверы і правучыць гаспадароў дома, што з гарышча спалохана клікалі на дапамогу. Натоўп, які сабраўся паглядзець на вясёлую прыгоду, абурана загуў. Выхавацелі кінуліся стрымліваць моладзь, але і самі вымушаныя былі дастаць зброю: з навакольных дамоў пачалі выходзіць з кіямі змрочныя жыхары. Невядома, чым бы скончылася справа, калі б удалечыні не затрашчалі ляскоткі і не пачуўся гучны свіст і тупат ног гарадскога патруля. Натоўп рассеяўся яшчэ хутчэй, чым сабраўся. Нашы вандроўнікі, не губляючы часу, таксама кінуліся прэч ад негасціннага дома, не жадаючы сутыкацца з ахоўнікамі, якія, як сцвярджалі тагачасныя мемуарысты, былі яшчэ горшыя за разбойнікаў.

Багуслаў і яго людзі пасяліліся ў тым жа гасціным двары, дзе спыняліся мінулы раз. Пазнаўшы шчодрых пастаяльцаў, гаспадар сустрэў іх радаснымі паклонамі і паведаміў, што пакоі, якія абраў дасланы князем слуга, ужо гатовыя, як і замоўленая ім вячэра. Згаладалы Радзівіл адразу ж сеў за стол, а Стаброўскаму пан Пуцята працягнуў кубак ядлаўцовай гарэлкі і загадаў спачатку выпіць колькі зможа. Той з радасцю падпарадкаваўся і выпіў амаль палову.

— Цёпла ж на вуліцы, — не зразумеў такога клопату князь, — не прастудзіцца.

— Не прастудзіцца, але чарвінку[115] пасля купання ў канале, куды мяшчане звычайна скідаюць розны бруд, можа і падхапіць, — адрэзаў пан маршалак і адаслаў Самуля мыцца і чысціць вопратку — пахла ад яго пасля дзвюх купеляў, як з выграбной ямы.

Але ці то галандскія каналы не былі такімі бруднымі, ці то неба вырашыла, што шляхціц ужо даволі нацярпеўся — ніякая хвароба да яго не прыстала, калі не лічыць сіняка ад Кожкіля, якім той аддзячыў Стаброўскаму за штурхель, атрыманы пасля спробы яшчэ раз пасмяяцца з яго купання.

х х х

Пачаліся сумныя студэнцкія будні. Слухаючы лекцыі прафесара філасофіі і тэалогіі Гізбертуса Ваетыуса і Бярнардуса Шхатануса, што выкладаў права і матэматыку, а ў вольны час займаючыся рыцарскімі практыкаваннямі для загартоўкі цела, Радзівіл з усёй сілы стараўся не паказваць слугам сваю агіду да такога жыцця. Разам з імі ён тужліва прыслухоўваўся да навін, якія вецер заносіў у гэты край. Навіны былі дрэннымі. Бітва каля Влоты, якая адбылася 17 кастрычніка, паклала канец надзеям курфюрста Карла Людвіга адваяваць свае ўладанні: яго армія была разбітая, а прынц Руперт і лорд Грэйвен патрапілі ў аўстрыйскі палон. Пачуўшы пра гэта, Багуслаў не мог не падзякаваць лёсу, які збярог яго ад такой бяды, хоць і коштам павольнай смерці ад правінцыйнай нуды.

За два месяцы княжацкім пакутам прыйшоў канец — з Літвы нарэшце прыбыў давераны слуга князя-гетмана пан Марцін Аборскі, што прывёз Багуславу грошы, каралеўскі дэкрэт, згодна з якім Радзівіл атрымаў званне вялікага літоўскага харужага, лісты ад родных і купу навін. Вестка пра жаніцьбу Януша, якую ён атрымаў толькі цяпер, узрушыла юнага князя, і ён доўга ўчытваўся ў пасланне князя-гетмана, вымушанага справіць вяселле менавіта так, як хацелі Катарына з маці. Дзядзька не хаваў свайго абурэння выбарам сына і прасіў пляменніка быць асцярожней і не даваць шлюбных абяцанняў, не параіўшыся з ім.

— Спадзяюся, маладая княгіня вартая такога вар’яцтва, — сказаў Багуслаў, выслухаўшы аповед Аборскага аб барацьбе, якая папярэднічала братавай жаніцьбе. — Гэта нічога, што бедную ўзяў. Значна горш, што фанатычную каталічку, а ўжо зусім дрэнна, што з норавам. А мог жа сабе і сярод еўрапейскіх прынцэс пару знайсці!..

Пра вяселле сястры Катарыны з каталіком Глябовічам, якое павінна было адбыцца праз некалькі месяцаў, Багуслаў не сказаў. У рэшце рэшт, ён быў шляхетнага паходжання, меў добрыя даходы, а таксама вызначаўся памяркоўнымі рэлігійнымі поглядамі. Каб задобрыць будучага цесця і дагадзіць каханай, Глябовіч пагадзіўся і на пратэстанцкі абрад вянчання, і на выхаванне будучых дзяцей у кальвінісцкай веры.

вернуться

115

Дызентэрыя.