Выбрать главу

Нягледзячы на супярэчлівыя навіны, бляск золата хутка развеяў дрэнны княжацкі настрой: цяпер можна было пакінуць абрыдлы Утрэхт, каб нарэшце наведаць Гаагу, і нават адправіцца ў Францыю, якая ўжо некалькі месяцаў святкавала нараджэнне доўгачаканага нашчадка — Людовіка XIV!

Раздзел 8

У ПАРЫЖ!

Сэн-Жэрмен-ан-Ле — Парыж

(студзень — май 1639 года)

3 студзеня 1639 года Радзівіл са сваім немалым початам сышоў на бераг у французскім Д’епэ, адкуль паспяшаўся ў сталіцу. Правадніком у гэтым падарожжы быў географ Клод Рывэ, якога Багуслаў павінен быў наняць у Гаазе па рэкамендацыі самога прынца Аранскага, каб супакоіць пана Пуцяту. Той без добрага суправаджэння катэгарычна адмаўляўся ад паездкі ў «гняздо распусты і разбою», як у тагачасных памфлетах называлі Парыж. Паміж клапатлівым выхавацелем і ўжо дарослым выхаванцам, які хацеў спазнаваць свет, а не гразнуць у тэалагічных дыспутах, разгарэлася гарачая сварка, падчас якой Радзівіл прыгразіў адправіць маршалка ў Літву, калі той яшчэ раз паспрабуе пярэчыць яго волі. Пагроза падзейнічала, і пан Пуцята ўсю дарогу пакрыўджана маўчаў, хоць Багуслаў не сумняваўся, што надоўга таго маўчання не хопіць…

Мястэчка Сэн-Жэрмэн-ан-Ле, дзе знаходзіўся французскі каралеўскі двор, было любімай рэзідэнцыяй Людовіка XIII, які правёў тут свае дзіцячыя гады. Размешчанае на адлегласці нейкіх шасці лье[116] ад Парыжа сярод густых лясоў, дзе можна было ўволю паляваць, яно цяпер было цэнтрам палітычнага жыцця Францыі, што, вядома, віруе там, дзе знаходзіцца кароль. Французскія арыстакраты, якіх ад двара не адварочвалі ні невыносны характар караля, ні палітычныя рэпрэсіі яго першага міністра — кардынала Рышэлье, якога ўсе дружна ненавідзелі і яшчэ больш баяліся, будавалі на сярэднявечных вулачках раскошныя рэзідэнцыі. А тыя, каму на гэта не хапіла грошай, займалі местачковыя заезды, цэны ў якіх ледзь не выклікалі ў радзівілаўскага маршалка завал сэрца. Пакуль пан Самуэль ахаў і ўздыхаў з французскай дарагавізны, а потым лаяўся з шынкаром за лепшыя пакоі, за авёс для коней і асабліва з-за абеду, у якім, як на літоўскі густ, было мала спецый, Багуслаў, параіўшыся з Клодам Рывэ, вырашыў інкогніта наведаць каралеўскі палац, каб прыгледзецца да прыдворнага жыцця. У такой таямнічасці была паважная прычына — Радзівіл не жадаў з’яўляцца перад французскім манархам стомленым падарожнікам, спадзеючыся аднойчы паўстаць перад ім бліскучым арыстакратам, як таго патрабавала яго гучнае імя і высокае паходжанне. Яго шляхціцы горача падтрымалі жаданне патрона.

Паабедаўшы і пераапрануўшыся ў найлепшыя строі, адправіліся на агледзіны. Трапіць у каралеўскую рэзідэнцыю было няцяжка — яе брама былі адкрытая для прыстойнай публікі з раніцы да вечара. Каралеўскія гвардзейцы, якія патрулявалі ўваходы і выхады пышнага парку з гротамі і пячорамі, якія атачалі Стары і Новы палацы, сачылі тут хіба за парадкам. Усё ж Стаброўскаму іх прысутнасць не дапамагла: неабдумана зазірнуўшы ў пячору Меркурыя, ён выйшаў адтуль мокры з галавы да ног: нейкі весялун абліў яго вадой з фантана, адкруціўшы спецыяльны вентыль, прыдуманы італьянцам Франчыні для такіх забаваў.

— Вяртайся назад, — незадаволена загадаў Радзівіл, гледзячы, як Самуль, лаючыся, абтрасае мокрую вопратку. — На такім холадзе нядоўга і застудзіцца.

Але Стаброўскі хацеў бачыць караля, і Невяроўскі, падтрымаўшы таварыша, справядліва заўважыў, што ў палацы напэўна знойдзецца камін, каля якога можна абсохнуць і пагрэцца. Таму хлопцы рушылі далей. Уваход у палац ахоўвалі каралеўскія мушкецёры, але і яны толькі абыякава слізганулі вачыма па князю і яго почаце. Багуслаў па падказцы Рывэ адразу ж накіраваўся да вялікай лесвіцы, што вяла на другі паверх, да каралеўскіх пакояў. Сходы ахоўваліся больш пільна, чым дзверы, але ў рашучым поглядзе Радзівіла, напэўна, было нешта такое, што ніхто не адважыўся яго спыніць. Князь, шчасліва мінуўшы ахову, пачаў хутка падымацца, але на паўдарогі спыніўся, пачуўшы за спінай гукі нейкай калатнечы. Азірнуўшыся, убачыў прычыну затрымкі: адзін з мушкецёраў перагарадзіў дарогу Стаброўскаму, і той гучна абураўся такой несправядлівасцю. Радзівіл павярнуў назад.

вернуться

116

Лье — старафранцузская мера даўжыні; у 1674 годзе была роўная прыблізна 10 тысяч п’едаў (даўжыня ступні нагі), або 3,248 км.