Выхавацель супакоіўся, але ненадоўга: падстаў для незадаволенасці французская сталіца давала нямала. Яе вузкія вуліцы не дзівілі чысцінёй, і раз’езджаны вазамі ды карэтамі, растаптаны конскімі капытамі і тысячамі ног мінакоў прамерзлы французскі бруд меў дзіўную ўласцівасць намёртва ўгрызацца ў абутак і вопратку. Па горадзе ездзілі конна або ў здымнай карэце. Хадзіць пешшу Радзівіл рашаўся толькі ў выключных выпадках і тады перасоўваўся ўздоўж сцен дамоў (тратуараў у Парыжы яшчэ не было) у атачэнні слуг, якія распіхвалі натоўп, прымушаючы даць дарогу. Схібіўшы, можна было не толькі занурыцца па калена ў агіднае месіва, але і апынуцца пад конскімі капытамі або пад коламі адной з карэт, якія з шалёнай хуткасцю несліся па вуліцах. Хапала і іншых непрыемнасцей. Злодзеі спрытна перасоўваліся ў чалавечым моры, зразалі кашалькі з паясоў мінакоў, а ў шматлікіх шынках на грашовых кліентаў цікавалі прайдзісветы, каб, перакінуўшыся з даверлівым дурнем у косці або ў ламбер, абчысціць ахвяру да ніткі. Гульнёй зараблялі на жыццё не толькі простыя людзі, але і згалелыя шляхцічы, якія прыязджалі ў сталіцу, каб забяспечыць сабе будучыню. У невялікай каморцы месье Піно, пад самым дахам, жылі чацвёра гасконцаў, усё багацце якіх складалася з вострых шпаг, доўгіх языкоў, мудрагелістых тытулаў, запазычаных, напэўна, ва ўзгоркаў і вінаграднікаў, якія шчодра пакрывалі зямлю ад Бардо да Баёны. На ўсю чацвёрку ў іх быў адзін-адзіны вечна галодны слуга. Гэтыя паны сваім вострым зрокам адразу пабачылі, што юнак з невымоўным для французаў іменем (Багуслаў, вядома, хаваў свой княжацкі тытул) — важная птушка. Яны паспрабавалі ўцерціся да багатага госця ў давер, каб трохі разжыцца грошыкамі ці хаця б на халяву паабедаць. Але Радзівіл нават без падказак месье Рывэ зразумеў, з кім мае справу, і хоць з нязменнай шчодрасцю вяльможы часам дазваляў гасконцам пацешыць сябе за вячэрай вясёлымі байкамі, але рашуча даў зразумець, што на большае ім спадзявацца не варта. Пан Пуцята быў яшчэ больш катэгарычны.
— Я, прасветлы князь, стану вось тут на парозе з шабляй у руцэ і буду біцца з кожным аматарам дармовай ежы, як калісьці біў шведаў пад Рыгай. Лепш ужо ваяваць з шляхцічамі, чым з ліхвярамі, і прыняць рыцарскую смерць, чым потым задыхнуцца пад цяжарам даўгавых распісак.
— З табой, пан Самуэль, мне гэта ніяк не пагражае, — смяяўся ў адказ князь. — Ты ж сваёй скупасцю любога яўрэя па пояс заткнеш.
Сапраўдным праклёнам для Парыжа быў недахоп вады, за якой княжацкія лёкаі кожную раніцу тупалі да бліжэйшага грамадскага калодзежа і выстойвалі там доўгую чаргу. Ваду прыносілі ўжо пасля таго, як Багуслаў паспяваў прачнуцца і добра расседзіцца. Пан Пуцята спрабаваў дамаўляцца з вадавозам, які кожную раніцу прывозіў ваду карчмару, але той хапала хіба твар спаласнуць і напіцца. Каб добра адмыцца, трэба было наведваць публічныя лазні, дзе было не нашмат чысцей, чым на вуліцах, яшчэ і смярдзела нямытымі целамі і авечым мылам. Пан маршалак з тугой прыгадваў Галандыю, дзе чаго-чаго, а вады не бракавала, і ўголас марыў аб вяртанні ў Гаагу амаль гэтак жа ўпарта, як і пра ўласны дом у Літве.
Але гэтыя звыклыя для вялікага горада праблемы былі толькі верхавінай няшчасцяў, якія Парыж рыхтаваў для сваіх жыхароў. Пасля таго, як з гарадскіх вежаў раздаваліся сігналы «гасіць агонь» і ў французскую сталіцу прыходзіла густая непраглядная цемра, месцічы зачынялі глухія аканіцы, замыкалі дзверы на магутныя засовы і не паказвалі носа на вуліцу да світання. Ноччу гаспадарамі вуліц станавіліся рабаўнікі і бандыты парыжскага дна. Стаіўшыся ў глухіх завулках злавеснымі чорнымі ценямі, яны чакалі неасцярожную ахвяру, якой часта даводзілася разлічвацца за позні шпацыр не толькі кашальком, але і жыццём. Часта па дарозе дадому з Бургундскага гатэлю[123] або тэатра Марэ Радзівілу і яго людзям даводзілася працаваць шаблямі, каб растлумачыць мярзотнікам правілы гасціннасці і паказаць дарогу на той свет. Для легкадумнай моладзі такія бойкі былі вясёлымі прыгодамі, а вось пан Пуцята потым доўга трымаўся за сэрца і супакойваў нервы віном.
Але на гэтыя дробязі ніхто не звяртаў увагі, бо французская сталіца была вясёлым горадам. Толькі сюды з усіх канцоў Францыі ехалі прыгожыя дзяўчаты, каб стаць бліскучымі куртызанкамі, якія суправаджалі каралеўскі двор падчас пераездаў з адной рэзідэнцыі ў іншую. І хоць славы Нінон дэ Ланкло або Марыён Делорм[124] ніводнай з іх дасягнуць не ўдалося, вясёлым дзяўчатам тут былі заўсёды радыя. Самыя няўдачлівыя прастытуткі працавалі пад Новым мостам, маладзейшыя і прыгажэйшыя — каля цэркваў, ловячы кліентаў пасля імшы, а найлепшыя і самыя разумныя карысталіся паслугамі дасведчаных кабет, якія вышуквалі ім грашавітых мужчын сярод парыжскіх буржуа і арыстакратаў. Гэтыя красуні знешнасцю і паводзінамі мала розніліся ад свецкіх дам і часта станавіліся ўтрыманкамі сваіх кліентаў. Таму найбольшым клопатам для радзівілаўскай моладзі стала выманьванне грошай у пана Пуцяты на такія забавы, бо князю прадажныя жанчыны хутка надакучылі.
123
«Бургундскі гатэль» (