Выбрать главу

— Не ведаю, навошта ў Парыжы плаціць за каханне, калі гэтага кахання тут і так хапае, — сказаў ён, і меў рацыю.

У краіне, дзе шлюб быў хутчэй дамовай аб куплі-продажы, чым саюзам закаханых сэрцаў, шлюбны ад’юльтэр быў нормай сямейнага жыцця.

У бліжэйшым касцёле, куды Багуслаў як пратэстант зазіраў, каб паглядзець на жанчын (так рабілі і добрыя каталікі), дзясяткі жаночых галовак павярталіся да яго, і цяжка было адмовіць сабе ў задавальненні прыўдарыць за міленькай прыгажуняй. А калі побач з ёй яшчэ і сядзеў пахмуры муж, кароткая любоўная прыгода набывала п’янлівы прысмак небяспекі, што распальвае кроў і ўзбуджае пачуцці.

І ўсё ж алькоўныя перамогі не маглі прымусіць Радзівіла забыцца пра мэту свайго падарожжа. Рыцарскую навуку ў хворай на дуэльную ліхаманку краіне можна было асвоіць найлепшым чынам. Яшчэ Карл ІХ[125] заснаваў у французскай сталіцы Каралеўскую рыцарскую акадэмію, дзе вучыліся шляхцічы, якія жадалі прысвяціць жыццё вайсковай кар’еры і не адставаць у свецкім жыцці. У гэтай установе мелася вучыцца і радзівілаўская моладзь, якая ахвотна прамяняла сумныя кнігі на ўрокі фехтавання, верхавой язды, танцаў і этыкету. Паколькі ў акадэміі вучыліся дзеці небагатых шляхцічаў і пераважна за каралеўскі кошт, Багуслаў вырашыў, што гэтая паважаная ўстанова не адпавядае яго высокаму статусу і наважыўся вывучаць рыцарскае мастацтва ў прыватных школах, якіх у французскай сталіцы таксама хапала.

Найлепшы настаўнік фехтавання ў Парыжы і, адпаведна, ва ўсёй Францыі, месье Сэнт-Анж, у зале якога Радзівіл браў урокі, віртуозна валодаў рапірай і мог пахваліцца іншымі не менш важнымі для добрага фехтавальніка якасцямі: гнуткасцю кошкі і спрытам акрабата. Але ўсе гэтыя якасці засланяла празмерная любоў месье да тэорыі высакароднага мастацтва, якое ён меў гонар выкладаць. А звычка прыпраўляць свае заняткі доўгімі цытатамі з навуковых трактатаў вядомых майстроў фехтавання даводзіла да шаленства яго вучняў, асабліва тых, якія не маглі пахваліцца вытрымкай. Радзівілаўская моладзь, якая часам наведвала заняткі разам з патронам, пачаўшы навучанне ў акадэміі са значным спазненнем, таксама была ад гэтага не ў захапленні.

— Каб добра пырнуць саперніка ў кварце, — казаў Сэнт-Анж, наўмысна ўкалоўшы Кожкіля ахоўным наканечнікам фехтавальнай шпагі, каб той нарэшце стаў у патрэбную пазіцыю, — варта адначасова з выпадам павярнуць свой левы бок і, паклаўшы руку на сцягно, выцягнуцца так, каб правае плячо, правае калена і пальцы правай нагі былі на адной перпендыкулярнай лініі… Я сказаў пер-пен-ды-ку-лярна! — крыкнуў ён Стаброўскаму, які круціў галавой, спрабуючы падгледзець значэнне гэтага слова ў таварышаў, якія паслухмяна станавіліся ў пазіцыю.

— А вось калоць у прыме, — ён пастукаў эфесам па спіне Фелкерзона, патрабуючы ўвагі, — варта зверху ўніз, калі запясці ўзнятыя над галавой. Але рабіць гэта трэба адразу, як толькі ваша зброя пакіне похвы, інакш праціўнік насадзіць вас на сваю шпагу раней, чым вы паспееце вохнуць: гэты прыём занадта адкрывае тулава, робячы з вас выдатную мішэнь.

Паколькі словы мэтра суправаджаліся дзеяннямі, Фелкерзон сапраўды ўбачыў ахоўнае лязо шпагі ў сябе пад сэрцам і павінен быў разам са сваімі таварышамі выслухаць лекцыю на чвэрць гадзіны пра асаблівасці прымянення ўсіх чатырох фехтавальных пазіцый, а таксама засвоіць перавагі прымы над секундай і тэрцыі над квартай.

— Я на ўроку фехтавання ці латыні? — абураўся Стаброўскі. — У мяне пасля гэтых заняткаў не толькі цела свінцовае — галава таксама быццам свінцом налітая!

— З вас, месір, ніколі не выйдзе добрага фехтавальшчыка, — парыраваў француз. — Я, вядома, і мядзведзя магу навучыць прыстойна трымаць шпагу, і вас навучу, не сумнявайцеся. Але ведайце, што на паядынку пераможа той, хто мае добрую вытрымку і халодны разлік ды не дазваляе эмоцыям зацямніць свой розум. Ваша лютасць — гэта ваша пагібель, мой пан!

Пакрыўдзіўшыся за мядзведжае параўнанне, Самуль бясстрашна ірвануў наперад, але француз адным спрытным ударам выбіў зброю ў яго з рук, заслужыўшы гучныя апладысменты астатніх вучняў.

вернуться

125

Карл ІХ (1550–1574) — французскі кароль з дынастыі Валуа; яго праўленне «адзначылася» шматлікімі рэлігійнымі войнамі і «Варфаламееўскай ноччу» — сумна вядомай разнёй гугенотаў.