У рэшце рэшт, Сэнт-Анж, хоць і любіў пагаварыць, але сумленна адпрацоўваў золата, атрыманае ад Багуслава. Фехтавальныя навыкі радзівілаўскай моладзі няўхільна паляпшаліся. Але найперш сваю энергію француз звяртаў на самога князя, які дэманстраваў такія бліскучыя поспехі, што хутка перасягнуў настаўніка.
— У мяне яшчэ ніколі не было такога вучня! — захоплена казаў Сэнт-Анж кожнаму, хто быў гатовы яго слухаць. — Божа, беражы таго дурня, які наважыцца выйсці з прынцам на паядынак!
Такой рэкамендацыі хапіла, каб у Радзівіла не бракавала сапернікаў у фехтавальнай зале, і прадпрымальны Ферх паспеў нядрэнна зарабіць, б’ючыся аб заклад на перамогу патрона. Багуслаў хутка даведаўся пра гэтыя сумніўныя падпрацоўкі і, вырашыўшы, што яны ганьбяць яго княжацкі гонар, прымусіў Рыхарда пакінуць гэтую выгадную справу.
Акрамя фехтавання, Радзівіл вучыўся ў месье дэ ла Фалю акрабатычна ездзіць верхам. Гэта, на думку пана Пуцяты, было ўжо марнатраўствам, бо прынц і так выдатна трымаўся ў сядле і мог, напрыклад, спяшаючыся ў салон мадам Рамбуе, з лёгкасцю скочыць на спіну каня з акна другога паверха, каб не заляпаць начышчаных да бляску батфортаў брудам.
Невялікі, але ўтульны двухпавярховы дом на вуліцы Сэн-Та-ма-дзю-Луўр, дзе жыла мудрая Артэніс — маркіза Катрын дэ Рамбуе[126], быў прытулкам французскіх літаратараў, вясёлай моладзі, якая збіралася тут, стаміўшыся ад сумнага прыдворнага жыцця, і самых вядомых французскіх арыстакратаў, якія таксама прагнулі забавак. Упершыню пераступіўшы парог знакамітай Блакітнай гасцінай[127], дзе на падушках раскошнага ложка напаўсядзела-напаўляжала мадам маркіза, Радзівіл адчуў сябе безнадзейным правінцыялам у гэтым царстве куртуазнасці і вытанчаных манер. Нават тыя вяльможы, што ў паўсядзённым жыцці лаяліся як конюхі, тут мусілі стрымліваць свае языкі пад пагрозай неадкладнага адлучэння ад дома. Граф дэ Данемон са слаўнага дому Клярмон, які таксама браў урокі ў месье Сэнт-Анжа, прадставіў мадам Рамбуе «свайго добрага сябра», прынца Радзівіла, а сам паспяшаўся далучыцца да натоўпу прыхільнікаў юнай прынцэсы Ганны Жэнеўевы Кандэ, якая наведвала салон разам з маці. На шчасце, розум і прыроджаная дасціпнасць дапамаглі Багуславу з гонарам адбівацца ад слоўных нападаў гаспадыні дома, якая яшчэ не насыцілася ўвагай моцных гэтага свету і затрымала высокага госця каля сябе. Тым не менш, выбраўшы момант, калі ўвагу Артэніс на імгненне адцягнуў месье Вуацюр[128], які захацеў далучыцца да іх таварыства, Радзівіл з радасцю адышоў у бок і тут жа апынуўся ў асяроддзі цікаўных наведвальнікаў або, хутчэй, сімпатычных наведніц. Праз пяць хвілін Багуслаў ужо ведаў, што будуць адзяваць у Парыжы вясной і летам, і даведаўся, што кароль Людовік стаміўся заляцацца да мадэмуазэль дэ Атфор і па падказцы Рышэлье звярнуў свой погляд на юнага Сэн-Мара. Але невядома, што з гэтага выйдзе, бо той страшэнна закаханы ў куртызанку Марыён Дэлорм… Радзівіл нудзіўся, слухаючы перасыпаныя незнаёмымі імёнамі размовы, але хутка навастрыў вушы: гаворка зайшла пра каралевіча Яна Казіміра, які дагэтуль сядзеў у французскай турме. Аказалася, што адзін з афіцэраў хацеў зладзіць беднаму вязню ўцёкі, але прынцаў слуга, напіўшыся, выдаў французам гэты план, выракаючы і гаспадара, і сябе самога на далейшае зняволенне. Багуслаў, які тыдзень таму адправіў у Сістэрон[129] Ферха з лістом для каралевіча, дзе прапаноўваў яму свае паслугі, і загадаў па магчымасці даведацца, ці можна неяк вызваліць вязня, устрывожыўся. Але, вырашыўшы, што разважлівы Рыхард не стаў бы дзейнічаць без парады, супакоіўся. Французскія пляткаркі, пакінуўшы каралевіча, пачалі высмейваць графа Данемона. Небарака адважыўся наведаць Блакітную гасцёўню ў плашчы, «дакладна такім самым, які быў у Басамп’ера[130], калі той апошні раз наведваў двор». Багуслаў пакляўся сабе заўсёды сачыць за модай, каб незнарок не трапіць на востры жаночы язычок.
У гэтым таварыстве князь ужо не сумаваў, але зусім хутка гатовы быў аддаць усё, каб зноў апынуцца побач з мадам Рамбуе. У гасцёўню ўвайшлі дзве маладыя жанчыны, якіх сама гаспадыня дома прывітала нізкім рэверансам. Старэйшая была цёмнавалосая станістая дзяўчына. Рашучы позірк яе праніклівых чорных вачэй прабегся па пакоі і чамусьці спыніліся менавіта на Багуславу. Ёй было гадоў дваццаць шэсць. Малодшая — бялявая дваццацідвухгадовая прыгажуня — выглядала сарамлівай ды нерашучай і падалася Радзівілу найпрыгажэйшай дзяўчынай у свеце.
— Прынцэсы Ганзага, — прашаптаў на вуха князю вяртлявы малады чалавек, які ўвесь час спрабаваў звярнуць на сябе ўвагу князя. — Марыя і Ганна.
126
Катрын дэ Вівон, маркіза дэ Рамбуе (1588–1665) — уладальніца вядомага парыжскага літаратурнага салона эпохі Людовіка XIV. «Артэніс» (
128
Венсан Вуацюр (1597–1648) — французскі паэт XVII стагоддзя, вядомы прадстаўнік літаратуры барока.
130
Франсуа дэ Басамп’ер, маркіз д’Аруе (1579–1646) — маршал Францыі, адзін з самых вядомых французскіх прыдворных XVII стагоддзя. У час, пра які вядзецца ў кнізе, ужо чатыры гады сядзеў у Бастыліі.