Выбрать главу

1927

Кормны i надворны

Аб іх скажу я, што магу… Ў адным хляве і берлагу I нават ад адной свінні Радзіліся яны — Адзін Руды, другі Падласы. Пассаць абодва былі ласы, I дружна так яны спачатку Клалі матку, Уплёўшыся за цыцкі ўдвох, А тая ляжа — рох ды рох. Пасля, сумуючы па цыццы, Ў адным капаліся карытцы I разам елі ды пілі — Ну, аднакашнікі былі, Хоць бульбяную елі кашу. Пасля ганялі іх на пашу; Як уцячы ж рабілі спробу, Пастух абодвух пугай сцёбаў. Так цэла лета. Але ўвосень Канец настаў такіх адносін — Ім разлучыцца давялося. — Трэ да ладу прывесці свінні,— Сказаў раз муж да гаспадыні,— Карміць пара, але якога? — Ды ўжо ж няйначай, як Рудога: Рахманы ён і не маркотны I да яды нек больш ахвотны… Заперлі Рудага ў хляўчук. Аднак жа я сказаць хачу, Хоць пад сакрэтам, вам аб гэтым, Што неахайны той хляўчук Рудому здаўся кабінетам. Руды ў пяшчоце дый у ласцы: Штодзень тры разы бульбы ў ражцы Даюць яму, ды шчэ й з мукою — Пайшло свінчо зусім рукою: Руды наш стаў дабёр і гладак, Аж чуць цягае ўжо азадак, Не верыцца, што ёсць і косці, I закруціўся зграбна хвосцік. Зажыў Руды. Але з Падласым Зусім не тое гэтым часам: Наш гаспадар яго акінуў — Падласы еў адну мякіну, Тарчком на ім расло шчацінне, I спачувалі яму свінні, А ён сланяўся й скрыгаў горна, Што лёс зрабіў яго надворным… Раз нешта здарылася цётцы К Рудому не ўшчыніць варотцы. Убачыў гэту рэч Падласы I, каб не траціць марна часу, Рашыў зайсці к Рудому ў госці (Ён ведаў, што Руды не посціць): — Ругу! ругу! — дзень добры, братка! Які ты зграбны стаў ды гладкі!.. Што ж не вітаеш ты мяне? — А ты што прэшся ў кабінет, Свіное рыла, без дакладу? — Сказаў Руды і адвярнуўся задам.
Нямала ёсць яшчэ брыды, Як той Руды, Што так вітаюцца з «надворным» Задам кормным.

1925

Ліслівае цяля

«Ліслівае цяля дзве маткі ссе». Вы гэту прыказку напэўна чулі ўсе. Але на практыцы выходзіць, Што і цялятам часта шкодзіць Залішне многа малака. У дзядзькі аднаго, вяскоўца-кулака, Было штук пяць кароў. А кожны ж ведае, здароў, Які ў кароў вясковых абавязак: Трасянку есці ў дзень тры разы, Настойваць гной, вадзіць цялят Ды малака даваць патроху. Такія ж абавязкі акурат У кулака Цімоха Спаўнялі гэтыя сумленна, I скора нек пасля каляд З іх дзве ўжо прывялі цялят. Ды толькі для Цімоха тое дрэнна, Што у Гнядой — бычок і у Рабой — бычок (Яны былі супроць дачок), А гаспадар хацеў цялушку гадаваць, Бычкоў рашыў ён прадаваць. Вось аднае нядзелі I зараўла Гняда: Ёй не на ўме яда, Ёй не на ўме вада. Аднак жа на пратэст не паглядзелі: Бязлітасны мяснік панёс Яе Пярэстага на воз. Між тым Рабая Аб гэтым нават і не дбае: Пры ёй рыжман яе малакасос. Але й яе спаткаў не лепшы лёс. У пераплёце загародкі Жардзін са дзве было кароткіх, I вось у дзірку ля сцяны Пралез Бычок-дурніца Ды да Гнядой пачаў маніцца. Нюхнуліся яны, I пачаліся ў іх цялячыя пяшчоты. Бычок з вялікаю ахвотай, Падлезшы да Гнядой пад вымя, Губамі мяккімі, вільготнымі сваімі Пачаў там так прыемна казытаць, Так міла хвосцікам матаць, Як быццам гэта той, Пярэсты, I аддала яна ўсё малако, дарэшты. Назаўтра бедаваў Цімох, Што Рыжы здох. Тут аднаго хачу, нарэшце, я: Над байкаю мая каб не прапала праца,— Хай помніць кожнае ліслівае цяля, Што можна ссаць, ды можна й абассацца.

1928

Мандат

Аслу раз выдалі мандат,— Няйначай, памылкова. (Такія і ў людзей памылкі — не наўда, Але аб іх пасля размова). Ад шчасця гэтага ў Асла Аж галава кругом пайшла, I вылецеў з яе апошні розум — Як п'яны стаў Асёл, хоць быў цвярозым: Такога ўраз задаў разумнік тону, Такога шуму нарабіў, такога звону, Што не спрачаліся жывёлы ані крышку I палічылі ўсе Асла за шышку. — Ну й розум! Вось дык галава! — Не раз гучалі хвалы словы. Другі дык ледзь не цалаваў Капыцікі асловы. А «галава» з мандатам у паўметра Стаіць над яслямі ў хляве: Ніводнай думкі ў галаве — Жуе сабе авёс, псуе сабе паветра. Пры гэтым бедныя жывёлы I чхнуць баяцца без дазволу. Адзін вось толькі Лыска, Калі Асла пабачыць блізка, Заўсёды брэша: «Гаў-гуў-гуў! Цярпець я дурня не магу!» Ды Лыска той сядзеў на ланцугу.