Выбрать главу

Прадмет беларускае гісторыі

Што мае быць прадметам гісторыі Беларусі? У прынцыпе адказ на гэта пытаньне ёсьць просты: беларуская гісторыя павінна даць абраз мінуўшчыны беларускага народу i з гэтай мэтай заняцца сыстэматычным вывучэньнем гістарычных фактаў, павязаць ix ніткай прагматизму, а напасьледак даць сынтэтычны агляд гістарычных падзеяў. Практычнае апрацаваньне гэтых задачаў напатыкае, аднак, на перашкоды падвойнага характару, якія прымушаюць беларускага гісторыка, прынамся сучаснага, ісьці ў кірунку агранічэньня менаваных заданьняў. Першая перашкода дыктуецца агульным станам гістарычнае навукі, ясьней —гістарычнае мэтодолёгіі, другая залежыць ад варункаў спэцыфічна беларускіх: стану жаролаў беларускае гісторыі, дасюлешняе беларускае гісторыёграфіі. Сутнасьць першае прычыны зьмяшчаецца ў тым, што гістарычная мэтодолёгія яшчэ не дайшла да тае дасканаласьці, якая-б дазваляла гісторыку безаглядна ёй карыстацца. Нясучы сьвятло ў цёмныя закуткі мінуўшчыны, гісторык павінен пільна зважаць, ці ён ідзе тым шляхам, які найлепш дазваляе ўбачыць гэтыя куткі, a значыцца павінен усьцяж аглядацца на тасаваны ім мэтад.

Значэньне апошняга выявіцца ўжо пры пляновай сэгрэгацыі гістарычнага матарыялу, ад якой залежыць паўніна малюнку мінуўшчыны, а яшчэ ў большай ступені пры шуканьні залежнасьці між здарэньнямі, інакш пры ix тлумачэньні. Дасьледчык, нават нацыянальнай гісторыі, мае перад сабой вялікае мноства-гістарычных фактаў, важных i няважных, якія трэба разьбіць на групы i выбраць найбольш характэрныя для намаляваньня абразу перажытых народам падзеяў. Але гэта групаваньне павінна адбывацца паводле пляну, абыймаючага тыя кірункі жыцьця народу, якія ў сваёй суцэльнасьці далі-б найбольш дасканальны і праўдзівы малюнак мінуўшчыны. Якія-ж гэта маюць быць кірункі? На працягу шэрагу стагодзьдзяў зацікаўленьне гісторыкаў абмяжоўвалася толькі палітычнымі падзеямі, войнамі, рэвалюцыямі i адпаведна да гэтага дабіраліся гістарычныя факты. Сама гісторыя разумелася, як літаратурнае апавяданьне аб менаваных здарэньнях, з тэндэнцыяй да навучаньня сучасьнікаў. Гэткі стан гісторыі ёсьць характэрны для клясычнае Грэцыі, Рыму, сярэднявечча, гуманізму аж да пары францускага рацыяналізму з канца XVIII ст. філёзафы-рацыяналісты не займаліся гісторыяй, як такой, a бачылі ў ёй толькі адзін з сродкаў да пазнаньня жыцьця чалавецтва, галоўнага яго сэнсу i кірунку. З гэтай мэтай яны сыстэматызавалі адпаведна і гістарычны матарыял, адкідаючы тую яго частку, якую лічылі нехарактэрнай, чым абясцэньвалі масу гістарычных фактаў. З другога аднак боку гэткі naгляд на гісторыю прымушаў рацыяналістаў пашырыць яе рамы ў кірунках дагэтуль ігнараваных. Яны заінтэрасаваліся ня толькі фактамі палітычнага i ваеннага характару, але i эвалюцыяй навук, мастацтва, звычаяў і г. д. Запраўдным зьместам гісторыі падаўнейшаму былі палітычныя і ваенныя падзеі, але ўсё часьцей да апавяданьняў аб ix дадаваліся агляды «поступаў чалавечага духу». Дасьледваючы агульны сэнс жыцьця чалавецтва, рацыяналісты ня шукалі яго ў самой гісторыі, a толькі ў сваіх філёзофічных канцэпцыях. Гэты знойдзены «сэнс» яны ўносілі ў гісторыю i адпаведна да яго сыстэматызавалі гістарычны матарыял. На гэтай аснове працы іхнія ёсьць тэндэнцыйнымі, але сам факт увядзеньня сыстэмэтызацыі гістарычнага матарыялу i пашырэньне межаў заінтэ-расаваньня гісторыі ёсьць вялікай заслугай філёзафаў-рацыяналістаў.

Раз выйшаўшы з традыцыйнага кругу зацікаўленьня, гісторыя ўжо не затрымоўваецца ў пашырэньні яго межаў i абхоплівае найшырэй праявы жыцьця народу. Сяньня ад нацыянальнае гісторыі вымагаецца вывучэньня ня толькі войнаў i палітычных падзеяў, але i матарыяльных умоваў жыцьця народу, яго культуры, эканамічнага быту, грамадзкіх i гаспадарственных устаноў. Пашырэньне ў гэтых кірунках гістарычных досьледаў дасьць у рэзультаце больш менш поўны абраз перажытага народам. Само праз сябе разумеецца, што посьпех гістарычных досьледаў абмяжаваны колькасьцю і якасьцю дайшоўшага да нас матарыялу. Найлепшыя пляны астануцца толькі плянамі, калі няма матарыялу. Гісторыя Беларусі павінна абняць менаваныя галіны народнага жыцьця, каторыя з гледзішча сучаснае мэтодолёгіі i патрэб грамадзянства дастаткова характарызуюць абраз мінуўшага.

Азначэньне межаў заінтэрасаваньня гісторыі, пляновая сэгрэгацыя гістарычнага матарыялу — гэта першае заданьне гісторыка. Наступным будзе тлумачэньне гістарычных фактаў. інакш шуканьне між імі прычыновае сувязі. Толькі ў вадносна рэдкіх прыпадках запраўдныя прычыны гістарычных фактаў пераказалі нам тагачасныя наглядчыкі. У бальшыні прыпадкаў гісторык сам павінен шукаць гэтых прычын, каб павязаць факты ніткай прагматызму. Гэта важная мэтодолёгічная квэстыя перажыла вялікую эволюцыю, зь якой неабходна пазнаёміцца, каб на яе фоне ўцяміць дасюлешнія памылкі гістарычнае мэтодолёгіі з гэтага гледзішча i азначыць шлях найбольш правільнага навуковага спосабу шуканьня прычын гістарычных фактаў.