Урэшце там, дзе ані беларускай асьведамляючай акцыі, ані «тутэйшых» няма, a людзі, гаворачыя па-беларуску або сапсутай беларускай мовай, азначаюць сваю нацыянальнасьць паводле веры, там трэба імкнуцца да стварэньня «тутэйшага» руху. Найбольш гэткіх асяродкаў ёсьць у нашых гарадох. Паўстаньне «тутэйшага» руху ў гэткіх мясцох дасьць мацнейшыя фундамэнты да беларускай асьведамляючай працы, чымся безпасрэдная беларуская акцыя.
З усяго гэтага вынікае, што наагул беларускі рух павінен уключыць у свае рамы i рух «тутэйшы» ды заапякавацца апошнім. Гэта магутны саюзьнік, якога ніяк лёгкаважыць ня можна. Таму неабходна, каб нашае грамадзянства больш зацікавілася гэтай справай, каб у нас зьявіліся навуковыя працы аб «тутэйшых». Квэстыя ўзаемаадносінаў між беларусамі i «тутэйшымі», інакш квэстыя тактычнага падыходу беларусаў да «тутэйшых», патрабуе такжа абдуманьня, бо неразважная тактыка можа больш пашкодзіць, як прынесьці карысьці. Дзякуючы гэтай неразважнай тактыцы, маем часта гэткія прыкрыя выпадкі, што ў ваднэй вёсцы ёсьць беларусы i «тутэйшыя» i ніяк дагаварыцца ня могуць. «Тутэйшыя» лічаць беларусаў партыяй, як прыкладам ППС, камуністаў i г.д. A ўсё дзякуючы няўмеламу падыходу мясцовых беларусаў. У гэтую беларускую «партыю» «тутэйшыя» ня хочуць уступаць! Калі на «тутэйшасьць» бел. грамадзянства зьверне большую ўвагу, тады выясьняцца i найлепшыя шляхі, каторыя прывядуць да поўнага ўліцьця «тутэйшага руху» ў беларускі. Мікола Шкялёнак, Беларусь і суседзі. Гістарычныя нарысы