Выбрать главу

На гэты факт трэба зьвярнуць вялікую ўвагу, а забытую, накрытую пылам стагодзьдзяў асабістасьць Войшалка падняць да ролі найвялікшага героя нашае мінуўшчьны, якім ён i быў у запраўднасьці, хоць даканаўшы свайго вялікага чыну, дабравольна пайшоў у манастыр, у якім быў i перад дакананьнем гэтага чыну!

ТЭОРЫЯ ЗАВАЯВАНЬНЯ

Паміма вышменаваных ясных гістарычных фактаў, варожая нам гісторыёграфія польская і маскоўская кіруючыся выключна палітычнай тэндэнцыей, пераіначвае гістарычную праўду. Яна разьдзьмухвае выдуманую празь сябе г. зв. «тэорыю заваяваньня» беларускіх земляў этнаграфічнымі летувісамі (жмудзінамі). Апіраецца яна на пераданых летапісцам адзіночных, хоць у значнай колькасьці, фактах разбойніцкіх нападаў дробных летувіскіх князькоў на беларускія княствы. Досыць было дзесь паказацца дзесятку летувіскіх разбойнікаў, як ужо цэлая, часам вялізарная (як Смаленшчына, ці Полаччына) землі былі імі «заваяваны». Мы не пярэчым, што гэтыя напады былі, але апрача разбойніцкага, яны ня мелі ніякага іншага характару. Гэтыя напады ніколі ня мелі гаспадарсьцьвена — творчае тэндэнцыі, бо гаспадарсьцьвеная форма жыцьця тады ня была ведама летувісам. Яны былі ўсё яшчэ на прымітыўнай ступені пляменнага разьвіцьця. Дык як яны маглі тварыць гаспадарства ў нас? Беларуская форма гаспадарсьвенага жыцьця была ўводжана на Жмудзі, пачынаючы ад Міндаўга, але канчальна беларускія парадкі завёў там Гедымін. Адваротны працэс ніколі ня меў месца.

Тэорыя заваяваньня парэчыць усім гістарычным жаролам. Гісторыкі, што яе трымаюцца, ня могуць знайсьці ніводнае «пэўнае» даты, калі паасобная беларуская зямля была «заваявана». У кажнага зь іх гэтыя даты выглядаюць накш. А чаму? Бо яны выімагінаваныя, гістарычныя жаролы ix не перадаюць. Летапісец перадаў нам толькі вышменаваныя, нічога нязначыўшыя грабежніцкія напады летувісаў i факты, ілюструючыя арганізацыю Вялікага Княства Літоўскага, якія сьветчуць, што гэтае гаспадарства было беларускім, ад самага свайго пачатку.

На гэтай аснове немагчыма нам паўтараць гэтыя выдуманыя варожай гісторыёграфіей байкі, пярэчучыя гістарычным жаролам i маючыя выключна палітычную, мэту — паніжэньне гістарычнае ролі беларускага народу, выясьненьне, што гэты народ быў «нягістарычным». Паўстаньне Вялікага Княства Літоўскага павінна быць выясьнена так, як пададзена вышэй, як аб гэтым гавораць крыніцы.

ПРАЦЭС ДАЛУЧЭНЬНЯ БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯЎ

Толькі беларускі характар новага гаспадарства выклікаў цікавасць да вольнага далучэньня да яго беларускіх земляў. З аднаго боку магутны палітычны, культурны і рэлігійны ўздым беларускага жыцьця ў ім, а з другога — татарская небясьпека, узрастаўшае пачуцьцё нацыянальнае, рэлігійнае i культурнае салідарнасьці, выклікалі факты, што паасобныя беларускія княствы адно за адным аддаваліся ў ваенную апеку вялікага князя, захоўваючы ў сябе ўсе парадкі пастарому. З свайго боку вялікія князі заўсёды падчырквалі, — «мы старыны ня рухаем, навіны ня ўводзім». Гэтага ня трэба разумець, як нейкага обскурантызму, a толькі як глыбокую палітычную мудрасьць асновапаложнікаў суцэльнага беларускага гаспадарства, умеўшых шанаваць мясцовыя звычаі й гістарычныя асаблівасьці кажнае зямлі. Паступова, шляхам сужыцьця, усе беларускія землі злучыліся ў вялікае фэдэрацыйнае беларускае гаспадарства. Немагчыма дакладна ўстанавіць датаў, калі кажнае княства увайшло ў склад гэтага гаспадарства. Толькі прыблізна можна ix вылічыць.

У некаторых землях, як прыкладам у Смаленшчыне, частка насельніцтва бунтавалася супроць далучэньня. Але больш уплывовыя колы былі за далучэньнем, што пры Вітаўце канчальна й наступіла.

Адзіночных выпадкаў апору супроць далучэньня да суцэльнага беларускага гаспадарства, якія дзе-ня-дзе мелі месца, ні ў якім вытадку няможна разглядаць, як абарону «гінуўшай» беларускай «незалежнасьці», як гэта робяць некаторыя нашыя гісторыкі, a толькі як праявы лёкальнага шкоднага сэпаратызму, падтрымоўванага ці то мясцовымі пакрыўджанымі князямі, ці некаторымі просланямі жыхарства, выражаўшымі незадаволеньне новымі парадкамі. Сутнасьць гісторыі Беларусі трэба бачыць у гэтую пару ў працэсе задзіночаньня гаспадарства, а не ў адцэнтральных адскоках, хоць яны ясна такжа ўваходзяць у нашую гісторыю.

НАЗОЎ ЛІТВА, ЛІТОЎСКI

Сяньня трэба лічыць даказаным, асабліва пасьля грунтоўна абаснаваных мяркаваньняў з гэтага гледзішча праф. Лаўмянскага (Studia nad spoіeczeсstwem i paсstwem litewskim), што першабытны назоў «Літва» адносіўся тэрытарыяльна да зямлі між Вяльлёй i Нёманам, этнаграфічна беларускай, дзе нарадзілася гаспадарства Міндаўга. Чый гэта быў назоў — няведама. Ані беларуская, ані летувіская а тымбалей латыская мова этымолёгічнага значэньня гэтага слова выясьніць ня могуць. Ды і гэта няважна. З тэрытарыяльным пашырэньнем Вялікага Княства шырыўся й гэты назоў. Спачатку ён азначаў гаспадарсьцьвеную прыналежнасьць, а потым стаўся нацыянальным назовам нашага народу. Нятолькі асьвечаныя клясы нашага народу называлі сябе Ліцьвінамі, але назоў гэты пранікаў у шырокія народныя гушчы. З астачамі гэтага зьявішча спатыкаліся дасьледчыкі яшчэ зусім нядаўна, нават на ўсходнім беларускім Палесьсі тады, калі ўжо, здаецца, непадзельна панаваў наш новы нацыянальны назоў — Беларусы! Само сабой зразумела, што ён у гаспадарсьцьвеным сэньсе ахапіў i жмудзінаў. Але тасаваўся ён наўперад да беларусаў i іхняга гаспадарства. Яшчэ за Казімера Ягайлавіча, жмудзіны чуліся чужымі і гэтаму назову й літоўскай гаспадарсьцьвенасьці кaлi ўпорыста дамагаліся, каб у грамаце жмудзкай зямлі Казімер абавязкава ўставіў зацемку, што Жмудзь не аружжам была далучана да літоўскага гаспадарства (што ў сутнасьці адказвала праўдзе), а дабравольна (што ўжо не адказвала ей). Гэткім чынам яны яшчэ ў XV ст. проціставіліся літоўскаму элемэнту як чужому, хацелі толькі сужыцьця зь ім i загварантаваньня сабе некаторых праў, але не ідэнтыфікавалі сябе зь ліцьвінамі. Гэты назоў мы павінны разглядаць як наш нацыянальны, выціснуўшы слаба яшчэ пашыраны ранейшы крывічы, а заменены потым беларусамі.