Выбрать главу

Таму найвялікшай недарэчнасьцю ёсьць ідэнтыфікаваньне яго з сучаснымі назовамі «летувіс», «Летува», што наглядаецца практычна ў некаторых гісторыкаў у тасаваньні гэткіх бяссэнсоўных, прыкладам, выражэньняў, як — «Літоўска-беларускае княства», або «Літоўска-рускае княства» і г.д., чым зіначваецца значэньне слова ”літоўскі”. Вялікае Княства Літоўскае ніколі нямела гэткага падвойнага назову, ніколі ня было нейкім супольным творам летувісаў i беларусаў, a толькі творам гістарычных ліцьвіноў, г. зн. беларусаў. Таму дзеля паясьненьня беларускага характару назову «літоўскі» можна дадаць у дужках «бeларускі», але ніколі ня лучыць гэтых словаў лучнікам. Паўстала гэткае недарэчнае лучэньне зь лёгкае рукі чужое гісторыёграфіі, якая, прыймаючы тэорыю заваяваньня беларускіх земляў, але зноў-жа бачучы беларускі характар гаспадарства, пачала ўжываць тэрмін «літоўска-рускі», а ўжо мы яго паправілі на «літоўска-беларускі».

Факт, што сягоньня гэты назоў прысабечаны жмудзінамі і мы да ix яго толькі тасуем, ня можа мець ніякага, значэньня, бо тыя ці іншыя сучасныя палітычныя меркаваньні ня могуць пераіначваць нашае гісторыі.

ДЫНАСТЫЯ ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА

Мноства летапісаў цьвердзіць, што дынастыя Вялікага Княства Літоўскага была полацкага паходжаньня, i пробуюць нават падаць радаводы яе ад полацкіх князёў.

Мы трымаемся пагляду, што яна была мяшанага, балтыцка-полацкага паходжаньня, аб чым сьветчаць хоць-бы балтыцкія ймёны першых вялікіх князёў. Род ix выводзіўся, бязумоўна, з тых першабытных Балтаў, каторыя растапіліся ў беларускім славянскім элемэньце, творачы субстрат беларускае нацыі. Пазьней прыйшла полацка-крывіцкая дамешка. Гэтая дынастыя ня прыйшла да нас з Жмудзі, як стараліся некаторыя гісторыкі, прыхільнікі тэорыі заваяваньня, безрэзультатна даказаць, а была мясцовага паходжаньня.

Яе валаданьні знаходзіліся там, дзе паўстала гаспадарства Міндаўга, г. ё. у Беларусі, a ня дзесь на Жмудзі, як гэта безрэзультатна выводзілі некаторыя прыхільнікі тэорыі заваяваньня, а між імі ўжо успомнены Лаўмянскі.

У жылах вялікіх князёў цякла балтыцкакрывіцкая кроў, гэта ня была дынастыя чужого беларусам паходжаньня. Культурна яна, была беларускай ужо ад пачатку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Балтыцкі элемэнт у ёй да гэтага часу ўжо поўнасьцю растапіўся ў славянска-крывіцкім. Так Войшалак, сын Міндаўга — першага ведамага нам закладчыка Вялікага Княства, культурна быў ужо поўнасьцю крывічом.

На асаблівуго ўвагу заслугоўвае вялікая палітычная мудрасьць, такт, ды патрыятызм першых вялікіх князёў, зьбіральнікаў беларукіх земляў. Ідучы да вялікае мэты задзіночаньня ўсіх крывіцкіх земляў у адно гаспадарства, яны, ведаючы мясцовыя палітычныя й культурныя традыцыі, тасавалі сродкі, каторыя мы сяньня можам азначыць як адзіна правільныя. Былі гэта сродкі процілежныя тым, якія тасавалі вялікія князі маскоўскія. У той час, калі там задзіночаньне наступала шляхам пашырэньня цэнтралізацыі й абсалютнае ўлады вялікага князя, літоўскія (крывіцкія) князі аб'еднавалі беларускія землі, толькі на прынцыпе дэцэнтралізацыі. Згэтуль у Беларусі паўстаў так апрычоны ад маскоўскага нутраны лад у гаспадарсьцьве.