Выбрать главу

Закладчыкі гаспадарства ад Міндаўга да Вітаўта адзначаліся вельмі шырокім палітычным, крывіцкім, гарызонтам. Імкнуліся яны нятолькі да задзіночаньня беларускіх земляў, але наглядаючы ўзрост Вялікага Княства Маскоўскага, у якім бачылі крывіцкага непрыяцеля, хацелі забясьпечыць гегэмонію Крывіі на Ўсходзе. Ад Міндаўга да Вітаўта палітычная думка вялікіх князёў ёсьць усьцяж ськіраванай на Усход. Толькі пасьля сьмерці Вітаўта Вялікае Княства рэзыгнуе з сваей экспапсыўнай палітыкі на Усходзе й займае тут абаронную пазыцыю.

Побач з шырокімі палітычнымі плянамі ўжо першыя князі разьвіваюць глыбока абдуманую рэлігійную палітыку, апёртую на чыста крывіцкіх асновах. Так ужо Гедымін, аб «паганьсьцьве» якога выдумана столькі баек, устанаўляе першую беларускую мітраполію, незалежную ад Кіева й Масквы. A ведама, што рэлігійная незалежнасьць вяла тады і да культурнанацыяналынай, бо культурна-нацыянальнае жыцьцё, нават у гэтых часох, цесна перапляталася з рэлігійным.

Так-жа дзякуючы палітычнаму розуму першых вялікіх князёў мы заўдзячваем факт, што ў новым гаспадарсьцьве прынялася за ўрадавую мову не лаціна, як усюды на захадзе, a крывіцкая мова. Слабая тэндэнцыя да ўвядзеньня ў нас лаціны, якая праяўлялася ў некаторай ступені за Міндаўга й Гедыміна, дзякуючы іхнім зносінам з Рымам, хутка зчэзла i ўжо пры Альгердзе крывіцкая мова становіцца канчалына ўрадавай.

Ад Ягайлы вялікія князі літоўскія стаюцца адначасна (хоць былі й выняткі) каралямі Польшчы. Злучыўшы ў сабе гэтыя дзьве годнасьці, яны, аднак, перасьцярагалі апрычонасьці Вялікага Княства, што рабіў нават апошні прадстаўнік гэтай дынастыі Жыгімонт Аўгуст III. Характэрна, што пара панаваньня ў Польшчы гэтай крывіцкай дынастыі належыць да пары найвялікшага яе росквіту.

Гаворачы аб наступніках Ягайлавічаў на вялікакняскім пасадзе трэба мець наўвеце, што гэта былі ўжо поўнасьцю чужнікі, якія мала нават арыентаваліся ня то што ў нашых, але й польскіх справах. Зь ix на асаблівую ўвагу заслугоўвае вялікі князь Сьцяпан Батура, які, апіраючыся на літоўскія (крывіцкія) сілы, закончыў памысную для Вялікага Княства вайну з Масквой.

НУТРАНЫЯ ПАДЗЕІ Ў ВЯЛІКІМ КНЯСТВЕ ЛІТОЎСКІМ

Зусім зразумелым ёсьць, што й пасьля задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў у адным гаспадарсьцьве наглядаліся час ад часу адцэнтральныя тэндэнцыі, выступаўшыя асабліва моцна там, дзе былі й багатыя лёкальныя палітычныя традыцыі. Наглядаліся глыбейшыя рухі, меўшыя сацыяльную аснову. Былі паважныя забурэньні рэлігійнае натуры і г. д. Падобныя зьявішчы здараліся i ў кажным іншым гаспадарсьцьве. У той, аднак, час, калі ў гэтых іншых гаспадарствах гісторыёграфія апрацавала адналіты, уласьцівы, падход да гэтых зьявішчаў — у нас, дзякуючы расейскім i польскім уплывам, з гэтага гледзішча ўсё яшчэ пануе анархія. У нас можна напр. часта спаткацца з паглядам, што выступленьне Швідрыгайлы — гэта спроба ўзнаўленьня «незалежнасьці» беларускага гаспадарства, што казацкі рух XVII ст. спроба тэй-жа натуры й т. п. Гэткі падход ёсьць у аснове фальшывы. У гэтым прыпадку вырываецца з агульнае цэласьці адно чыста лёкальнае зьявішча, беспадстаўна глёрыфікуецца і проціставіцца ўсей іншай беларускай гісторыі, як чамусьці варожаму. Адзіна правільным падходам беларускага гісторыка будзе той, які разглядае цэласьць зьявішчаў як сваё, беларускае, a толькі кваліфікацыю іхняе дадатнае, ці ад'емнае, патуры ўзалежняе ад таго, ці гэтыя зьявішчы разбуралі беларускі гаспадарсьцьвенны арганізм, цi памагалі яго захаваньню, або напраўлялі ў ім той ці іншы бок жыцьця. Дзеля таго да беларускае гісторыі будзе аднолькава належаць i паўстаньне Швідрыгайлы (nota bene па сацыяльнай аснове) i акцыя супроць яго Жыгімонта I; казацкія паўстаньні XVII ст. i акцыя супраць іх Яна III Радзівіла, які гэтыя паўстаньні зьліквідаваў. Падобных прыкладаў можна назваць больш, але хопіць i гэтых. Істота беларускае гісторыі будзе, аднак, не ў паўстанні Швідрыгайлы, ці казацкіх паўстаньнях, a ў проціакцыях Жыгімонта I, ці Яна Радзівіла, каторыя баранілі адзінства гаспадарства. Можна мець вялікія сымпатыі, скажам, да казацкіх паўстаньняў, але нятрэба забывацца, што гісторыя Беларусі ў другім пэрыёдзе (пара Вялікага Княства Літоўскага) мела, калі так выразіцца наскрось «арыстакратычны» характар i тое, што зрабіла гэтая арыстакрацыя ёсьць дэцытуючым, а ня розныя лёкальныя рухі. I рэакцыя апошніх будзе тады толькі дадатнай, калі яны выклікаліся зьявішчамі, якія дзеля дабра гаспадарства, павінны былі быць зьменены, зрэфармаваны. Стрыжанём нашае гісторыі аднак гэтыя адцэнтральныя, ці іншае натуры лёкальныя зьявішчы, паколькі яны не зрабілі перавароту ў гаспадарсьцьве, ніколі быць ня могуць.