У вяковых змаганьнях з усходам, — ці то з татарамі, ці з Масквой, трэба разрозьніваць дзьве пары. Аж да сьмерці Вітаўта, калі Масква была яшчэ ў моцнай залежнасьці ад татараў, Беларусь вяла на ўсходзе экспансыўную палітыку, мэтай якой было ня толькі задзіночаньне ўсіх беларускіх земляў у адным беларускім гаспадарьстве й рывалізацыя з татарамі за ўплыў на ўсходніх славянаў. Ад сьмерці Вітаўта, калі Масква пачала дужэць i падняла прэтэнзіі нават да крывіцкіх земляў, становішча Беларусі на ўсходзе сталася абаронным.
Пасма бязупынных войнаў Беларусі з Масквой дае найлепшую характарыстыку адносінаў з гэтым суседам. Прыязныя адносіны зь ім ніколі не ўстанаўляліся. Культурна — гэта былі два процілежныя сабе сьветы. З апошняга гледзішча зьвяртае на сябе ўвагу факт, што яшчэ за Жыгімонта Аўгуста ў II Статуце была зьмешчана пастанова, якая дазваляла крывіцкай моладзі выяжджаць на студыі ўва ўсе краі Эўропы, за выняткам бусурманскіх i Масквы, якая была да ix прыраўняна.
Так вялікае заданьне на ўсходзе, як барацьба з татарамі і Масквой патрабавала ад Беларусі напружаньня ўсіх яе сілаў. У мамэнтах, калі палажэньне было асабліва крытычным, на захадзе выступаў з сваімі прэтэнзіямі другі непрыяцель — Польшча. Цікава, што Польшча не выступала супроць Вялікага Княства Літоўскага з аружжам у рукох. У яе ня было дзеля гатага патрэбных сілаў, а да таго, яна была занята барацьбой з сваімі паўдзённымі суседзямі. Але яна ймкнулася здабыць беларускае гаспадарства «дыплёматычным» способам. Прыракаючы (а між іншым ніколі не датрымоўваючы!) помач Вялікаму Княству ў барацьбе з усходам, яна дамагалася цясьнейшае палітычнае сувязі зь ім. Згэтуль паўсталі так званыя вуніі з Польшчай, пачынаючы ад Крэўскай (за Ягайлы), аж да Люблінскай.
Гэтыя вуніі трэба разглядаць не як дабравольны праяў волі Беларусі да цясьнейшага сужыцьця з Польшчай, а выключна як нявыгодныя міжнародныя дагаворы, каторыя былі вымушаны Польшчай ня войнамі, а выкарыстаньнем прымусовага палажэньня Беларусі праз абяцаньне дапамогі ў змаганьні на ўсходзе. Гэтым тлумачыцца, што калі мінала небясьпека на ўсходзе, вуніі ануляваліся, прынамся практычна. Нават Люблінскае вуніі няможна разглядаць, як касаваўшае незалежнасьць беларускае гаспадарсьцьвенасьці, бо доўгі час яна мела толькі тэорэтычнае значэньне, a беларускае гаспадарства згубіла сваю палітычную незалежнасьць не дзякуючы пастановам у Любліне, а культурнай i прыйшоўшай за ёю палітычнай асыміляцыі кіруючае прослані народу на карысьць польшчыны, што мела месца значна пазьней. Да Люблінскае вуніі мы ня можам прывязваць вялікшага, значэньня за тое, якое ёй падаў Леў Сапега. Як ведама, ён не зьмясьціў Люблінскага пакту ў кодэксе правоў, што абавязваў у Беларусі — III Статуце, чаго не зрабіў-бы, калі-б яна мела глыбейшыя палітычныя насьледкі.
Зьвяртае на сябе ўвагу факт, што ў другім пэрыёдзе адносіны Беларусі будаваліся на тым фундамэньце, што каб мець магчымасьць зграмаджаньня ўсіх сілаў на ўсходзе, быў неабходны супакой на заходняй мяжы. Асягненьне гатага супакою ня йшло далей за спробы паразумленьня з Польшчай. Аж да паловы XVII ст. мы ня бачым ніводнае спробы асягненьня гэтага супакою іншым шляхам, напр. Навязаньня цясьнейшае лучнасьці з крыжакамі, або іншымі эўрапэйскімі гаспадарствамі, каторыя маглі-б быць памочнымі ў падтрыманьні пазыцыі Беларусі адносна Польшчы. Адсутнасьць гэтай глыбейшай народнае палітыкі ў Беларусі адбілася блага на фармаваньні тагачасных беларуска-польскіх адносінаў.
Толькі ў палове XVII ст. мы бачым спробу рэвізіі адносінаў Беларусі да сваіх суседзяў, спробу шуканьня новых асноў для беларускае вонкавае палітыкі. У гэтым часе польскі націск на Беларусь быў ужо так моцным, палажэньне абыдвух краёў было так няроўным, што ня было сэнсу нават думаць дайсьці зь ёй да якогась паразумленьня, каторае-б не наражала гонар беларускае гаспадарсьцьвеннасьці. Тады Ян III Радзівіл, выкарыстоўваючы польска-швэдзкую вайну і цяжкое палажэньне, у якое лучыла Польшча, імкнецца правесьці думку паразумленьня з Скандынавіей, рэпрэзэнтаванай Швэцыей i на ёй думае аперціся ў змаганьнях з усходнім і заходнім непрыяцелем. Але гэтая канцэпцыя прыйшла лішне позна i ў дадатку яна не знайшла належнага зразумленьня ў тады ўжо моцна спольшчаным беларускім магнацтве. З сьмерцю Яна Радзівіла памерла і ягоная канцэпцыя.