Яшчэ раз зьвяртаем увагу нa неабходнасьць падчыркваньня як выходнага пункту пры абгаварваньні адносінаў Беларусі з суседзямі йснаваньня ў тагачаснай беларускай вонкавай палітыцы пасьлядоўнасьці ў фармаваньні адносінаў з суседзямі, якая выплывала з сьведамасьці патрэбы захаваньня самастойнасьці беларускага гаспадарства — Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая пасьлядоўнасьць ня была мо' належна разбудавана, ня былі выкарыстаны ўсе магчымасьці, але i яна бяспрэчна йснавала. Запярэчаньне гэтай думкі некаторымі прадстаўнікамі афіцыйяльнае польскае, або расейскае гісторыі, ня мае ніякіх асноў i іхніх, цалкам фальшывых з гэтага гледзішча цьверджаньняў мы ня можам паўтараць пры выкладаньні беларускае гісторыі.
КУЛЬТУРА
Пры аглядзе культуры Беларусі ў мінуўшчыне, трэба зьвярнуць увагу на вельмі важную яе азнаку — самабытнасьць. Маем на ўвеце самабытнасьць культуры духовай, не матэрыяльнай. Самабытнасьць культуры народу мае такое-ж важнае значэньне ў ягоным жыцьці, як, прыкладам, мова. Народ, які страціў сваю культуру й лучыў пад неабмяжаваны ўплыў чужой, заўсёды пераставаў быць сабой, ня жыў сваім собскім, нацыянальным, жыцьцём, бо за культурнай асыміляцыей прыходзіла палітычная ды кажная іншая. Ведамым ёсьць сказ Ф. Багушэвіча: «не пакідайце мовы сваей беларускай, каб не памерлі». Тое самае можна сказаць аб значэньні культуры для народу.
У чым выражаецца самабытнасьць культуры й чаму народ павінен імкнуцца яе захаваць? Трудна тут шырэй на гэтую тэму гаварыць, але трэба зьвярнуць увагу на наступнае. Кажны народ — гэта ня толькі азначаная колькасьць людзёў супольнага паходжаньня, што жыве шчыльнай масай на дадзенай тэрыторыі й гавора аднэй мовай, але й аб'яднаная адным духовым сьветаглядам, аднымі звычаямі, аднэй псыхікай. Гэтыя духовыя свомасьці народнае душы вырабляюцца вякамі, a мо' й тысячагодзьдзямі, а на фармаваньне іх маюць уплыў ня толькі прыродныя абставіны, у якіх даны народ жыве, але й супольна перажытая барацьба за йснаваньне ў мінуласьці, што пакінула па сабе пэўную суму народных традыцыяў, якія твораць скарб народнага дазнаньня й мудрасьці. Захаваньне, гэтага духовага скарбу для народу ёсьць жыцьцева неабходным i зьяўляецца складовай часткай яго паняцьця. Ён ёсьць найлепшым настаўнікам у жыцьці народу, ён вызначае спраўджаныя стагодзьдзямі вехі народнага паступаваньня. Хоць нельга цьвердзіць, што мінуўшчына ёсьць заўсёды i ўсюды настаўніцай жыцьця, але ў галоўных асновах яна, бязумоўна, ёй ёсьць i да ейнага голасу трэба прыслухоўвацца. Для каго ня будзе, прыкладам, дастаткова павучальнай хоць-бы гісторыя навейшых баларуска-польскіх, або беларуска-маскоўскіх культурных i іншых адносінаў калі-б ён заінтарасаваўся гэтай квэстыей, усе роўна зь якой нагоды?
Вось-жа духовы культурны скарб ёсьць першараднае вагі крыніцай сілы народу, магутнай зброей у ходаньні за ягонае йснаваньне. І калі гэты скарб траціць свае народныя свомасьці, падменьваецца іншым, чужым, дык, зразумела, народ пачынае жыць чужым дазнаньнем i мудрасьцю, што азначае для яго няўхільную сьмерць, бо як правільна кажа народная прыказка, чужым розумам далёка ня зойдзеш. Можна й часам трэба, нават, выслухаць, што ён гавора й зь ім згадзіцца, калі ён ёсьць дастаткова пераканалыным, але ў прынцыпе — трэба перш усё прапусьціць праз прызму свайго собскага народнага розуму.
Самабытнасьць духовае культуры народу й палягае ня толькі на разьвіцьцю радзімых псыхолёгічных асноў духовае язьні народу, але й на перайманьню чужых культурных зьявішчаў, аднак пад умовай папярэдняга скантраляваньня іхняе карыснасьці праз менаваную прызму народнае мудрасьці. Самабытная культура ў гэтым разуменьні — гэта ня культура ранейшых кітайцаў, што адгараджваліся ад iншагa сьвету высокай сьцяной. Разьвіваючы радзімыя асновы духовае культуры народу, самабытнасьць не бароніцца ад сутыку з чужымі культурнымі ўплывамі, a толькі адкідае бяскрытычнае перайманьне апошніх, загадвае паддаваць ix кантролі.
Сяньня ў пару так дасканальных мэтадаў культурнае барацьбы можна ўявіць сабе йснаваньне адумыснае інстытуцыі, каторая-б магла спэцыяльна займацца гатый справай i гэткія ўстановы маюць шмат якія культурныя народы. Але ў мінуўшчыне ролю гэтака абаронцы сваей культуры выкопваў адзіна толькі самабытны культурны інстынкт народу, асабліва ў нас. Ён падсьведама кантраляваў чужыя ўплывы й пераймаў толькі тое, што ўважаў за карыснае, або, прынамся, няшкоднае.