Выбрать главу

Само сабой зразумела, што гэты інстынкт павінен быць дастаткова сільным, каб магчы выканаць гэтую ачышчаючую функцыю. Асновы собскае культурнае язьні народу, скуль бярэ пачатак гэты інстынкт, павінны быць няслабшымі за асновы чужое культурнае язьні, бо накш гэтая сялекцыя ўплываў немагчымая. Слабшыя асновы будуць заўсёды пераможаны сільнейшымі.

I калі мы сяньня чуем, што беларускі народ, побач з сваёй мовай, у вяковых змаганьнях з так вялікімі культурнымі потэнцыямі захаваў i асновы свайго самабытнага культурнага сьветапогляду, што ёсьць незапярачальным фактам для кажнага, дык можна ўявіць, як сільным быў у яго гэты самабытны культурны інстынкт, як сільнымі ёсьць духовыя асновы беларускае культурнае язьні. Панесеныя й зразумелыя страты ў гэтым шматвяковым культурным ходаньні з гэтага гледзішча ня маюць значэньня. Яны — драбніца ў прыраўнаньні з тым, што захавалася. Захавалася культурная душа народу. Ён абараніўся ад культурнае асыміляцыі, якая была тым больш небясьпечнай, што йшла ў прыраўнальна лёгкай да страўленьня форме, бо суседняй, славянскай.

Мы ня маем яшчэ працаў, каторыя-б поўнасьцю ахаплялі духовыя асновы самабытнае культурнае язьні беларускага народу, далі абраз ix разьвіцьця й ходаньня за йснаваньне, на якіх можна было-б аперціся пры выясненьні гэтай так важнай квэстыі. Ёсьць толькі няпоўныя фрагмэнты, спробы частковага падыходу да гэтага заданьня, як, прыкладам, ведамая праца М.Шчакаціхіна аб беларускім мастацтве, пакуль што канкратна аб архітэктуры. Але й з таго, што ўжо ёсьць можна збудаваць працэс разьвіцьця беларускае культуры, ды ўхапіць тыя самабытныя асновы беларускае культурнае псыхікі, на якіх ён апіраўся й апіраецца сяньня.

Геаграфічнае палажэньне беларускага народу было й ёсьць такім, што ўжо ад пачатку свайго гістарычнага жыцьця ён быў выстаўлены на ўплывы вялікіх культураў з усіх бакоў — захаду, усходу, поўначы, паўдня. Яны ўзмагліся асабліва ад часу прыняцьця хрысьціянства, што ўзняло Беларусь у цесны сутык з культурнымі камплексамі, якія мы сяньня называем Заходам i Ўсходам. Аднак паміж ўсяг Беларусь не зрабілася краем мэханічнага палучэньня гэтых культураў, а разьвіла сваю аднастайную, беларускую, на ўсім прасторы, займаным беларускім народам з значнай тэндэнцыей да ўплыву на культуры суседнія. Перайманыя чужыя ўплывы, усе роўна скуль яны прыходзілі, «перарабляліся» тут у беларускай культурнай кузьні на беларускі спосаб i толькі тады даставалі права грамадзянства ўва ўсім краі. Гэтае зьявішча абсалютна сьцьверджанае, на што трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу. Яно выступала ў кажнай галіне культурнага жыцьця беларускага народу, цi мы возьмем рознабаковую творчасьць народных масаў, ці адукаваных кругоў, уклад ix жыцьця, іхнія вераваньні, сьветагляд, звычаі, будаўніцтва й г. д. Усюды можна знайсьці, побач з чыста беларускімі асновамі, сьляды чужых уплываў, але яны так перавараны, што ў прысабечанай народам форме ix нельга накш назваць, як беларускімі. Гэтая асыміляцыя чужых уплываў ішла так далёка, што такі кладам, гатыцкі стыль, у Беларусі, як кажа Шчакаціхін, ня быў прыняты у чыстай форме, а змадыфікаваны на беларускі спосаб, згарманізаваны зь беларускім стылем... Ня ён перамог беларускі стыль царкоўнага ці касьцёльнага будаўніцтва, a толькі быў выкарыстаны як прыгожая разнаякасьць у рамах агульна-беларускага стылю. Паасобных прыкладаў з розных галінаў можна было-б прывесьці вельмі многа, але ў рамах гэтага артыкулу ня месца гэтым займацца. Мы хочам толькі зьвярнуць увагу на неабходнасьць разгляданьня беларускай культуры пры яе вывучэньні як культуры самабытнай у вышэй азначаным сэнсе. Гэта ёсьць прынцыповы падход да беларускае культуры і толькі з гэтага гледзішча можна разглядаць камплексы, ці паасобныя культурныя праявы ў беларускай мінуўшчыне. Падчыркнуўшы самабытнасьць беларускае культуры ў тым значэньні, як падалі вышэй, неабходна зьвярнуць увагу на другую яе вельмі йстотную азнаку, пайменна — заходня-эўрапэйскі характар гэтае культуры. Гэтая апошняя азнака зусім не касуе самабытнасьці нашае культуры, бо як ужо было падчыркнена, яна не насьлядавала сьлепа заходня-эўрапэйскіх узораў, а, паколькі ix пераймала, дапасоўвала да мясцовых умоваў, да духовых i матарыяльных патрэбаў беларускага народу. Таму яна творыць самабытную разнаякасьць заходня-эўрапэйскае культуры, як гэткую-ж разнаякасьць твораць культуры нямецкая, французская, італьянская, англійская, скандынаўская, вугорская, чэская і г.д.

Калі з культурнага гледзішча Захад проціставіцца Усходу, дык гэтага нельга разумець у тым сэньсе, што заходня —эўрапэйская культура творыць ува ўсіх сваіх праявах i ўсюды нешта адналітае, што паўтараецца аж да дробязяў ува ўсіх заходня-эўрапэйскіх народаў, як нельга выказаць падобнае думкі аб культуры Усходу. Як на Захадзе, так i на Усходзе маем апрычоныя нацыянальныя культуры, каторыя адпаведна ўкладаюцца ў заходнія, або ўсходнія культурныя рамкі.