Выбрать главу

Гэткае багацьце культурных тыпаў мы бачым i ў беларускай мінуўшчыне, ужо ад пачатку гістарычнага йснаваньня беларускага народу. Зьвернем увагу на такіх культурных прадстаўнікоў Беларусі, як полацкая князёўна Рагнэда, за якой Беларусь прыняла хрысьціянскую веру й Прадслава (Афрасіньня), князь Усяслаў Чарадзей, Клімэнт Смаляціч, Кірыла Тураўскі смаленскіх князёў Мсьціслава, Рамана, Расьціслава, i г.д., i г.д. Усе яны — гэта рэдкія й багатыя псыхолёгічныя й культурныя тыпы ня толькі ў беларускай гiсторыі, але агулам у гісторыі Эўропы А як размавітым быў круг іхняга заінтарасаваньня, багацьце іхняе духовае язьні, — аж да процілежнасьцяў! Так было ў першую пару гісторыі Беларусі, тое самае наглядалася ў другую. Гісторыя навейшага адраджэнскага беларускага руху павучае нас, што i ў навейшых часох у нас наглядаецца тая-ж псыхолёгічна-культурная размавітасьць тыпаў.

Усе гэтыя адмены культурных тыпаў маюць супольныя, часта беларускія асновы духовае язьні, што наглядаюцца, паміма ўсяе разнаякасьці гэтых тыпаў, абсалютна ўва ўсіх. Суровая доля, якая спаткала беларускі народ, вечнае змаганьне за йснаваньне, безьмяр дазнаванае ў гісторыі крыўды — разьвілі ў беларускім народзе толькі яму свомыя азнакі душы, каторыя й выступаюць з асаблівай яскравасьцю ў культурных прадстаўнікоў нашае мінуўшчыны, на якіх будаваўся іхні культурны сьветагляд. Суровыя ўмовы жыцьця вырабілі ў беларускім культурным тыпе перадусім практычнасьць. Розум беларускі быў ськіраваны наўперад на рэчы практычнае натуры, каторыя ў той ці іншы спосаб былі зьвязаныя, зь ягонаю рэчаіснасьцю, упарадкоўвалі, або дасканалілі яе. У нашых культурных прадстаўнікоў мы зусім ня бачым глыбейшых праяваў мэтафізічных разважаньняў, контэмпляцыі. Усё, што зьвяртала іхнюю ўвагу, было так, ці накш, зьвязана з жыцьцём, у ім знаходзіла свае карэньні. З гэтага гледзішча беларускі культурны тып быў больш падобны да рымскага, як да грэцкага. Але гэтае практычнасьці ня трэба разглядаць як праяву эгаістычнае, матарыялістычнае асновы беларускае душы, што мела месца ў рымлянаў. Эгаізму й матарыялізму беларускі народ у сабе мае вельмі мала. Практычнасьць ягонага розуму была дыктавана, яму вонкавымі ўмовамі жыцьця, а не эгаістычна — матарыялістычнымі асновамі культурнага сьветагляду.

Дазнаныя ў працягу стагагодзьдзяў крыўды, вырабілі ў беларускім народзе тугу за справядлівасьцю, склоннасьць да шуканьня гэтае праўды, справядлівасьці. Гэтая адзнака беларускага культурнага тыпу выступае нязвычайна пуката ўва ўсіх ягоных адменах. Апошняе слова ёй даў наш вялікі родзіч, прафэсар права б. Пецярбурскага унівэрсытэту Лявон Петражыцкі, сэнс глыбокіх досьледаў каторага можна азначыць адным сказам — права ёсьць сілай, а ня сіла правам, як гэта шмат дзе было прынята думаць на захадзе. Гэтая думка пануе ў беларускім культурным сьветаглядзе праз усе вякі йснаваньня народу. Хто хоча зь ёй лепш пазнаёміцца, хай прастудыюе хоць-бы ліст Льва Сапегі да Язахвата Кунцэвіча, у якім Сапега (у пачатках XVII стагодзьдзя!), калі ўсюды ў Эўропе панавала цёмная пара, выказаў такія думкі аб паняцьці праўды й справядлівасьці, да якіх чалавецтва дайшло толькі ў ХІХ стагодзьдзі, перажыўшы пару францускага рацыяналізму, нямецкага рамантызму, глыбокіх рэвалюцыйных рухаў. А трэба ведаць, што Сапега быў зусім не адзінокі з сваімі думкамі ў Беларусі. Шуканьне вечнае праўды, справядлісьці ў адносінах людзёў i народаў вырабіла ў беларускім народзе мякчыню душы, характару. Беларус з маланкавай хуткасьцю разумее чужую крыўду i ў сваім жаданьні памагчы, гатоў, нават, ахвяраваць свае інтарэсы. Нельга сказаць, каб гэтая рыска народнага характару ў абставінах жыцьця, што вызначыла нам гісторыя, была дадатнай. Аднак яна была й засталася неадлучнай ад беларускай псыхікі й гэта мы мусім сьцьвердзіць. Вось псыхолёгічныя свомасьці беларускага характару, вось азнакі агульнага беларускага культурнага тыпу, на якіх вырасталі багатыя яго адмены. Мы ўвесь час умысна лучым псыхолёгічныя асновы беларускае душы з асновамі беларускага культурнага сьветагляду, што павінна быць зразумелым, бо якая душа народу, такая й ягоная культура. Немагчымай ёсьць будова культурнага сьветагляду народу на іншых, або процілежных ягонай душы асновах. Калі апошняе мае месца, тады мы маем дачыненьня з культурнай асыміляцыей, а не з радзімай культурай. Гэтым багацьцем адменаў культурнага тыпу эўрапэйскія народы розьняцца ад народаў усходняе культуры. Там нідзе не паўстала размавітасьць культурнага тыпу. Як вялікім і шырокім ёсьць Усход, так аднастайным ёсьць там псыхолёгічны й культурны тып. I гэта зразумела. Асновы ўсходняе культуры, у якіх усё было падпарадкавана фаталізму абстракцыйных ідэяў, выключалі свабоду чалавечае індывідуальнасьці, падганялі ўсё над адзін фасон думаньня. Калі й былі такія, што важыліся выйсьці за агульна прынятыя рамкі думаньня, дык ix «ліквідавалі» ад пачатку. Таму гісторыя ўсходніх народаў не пераказала нам ніякіх праяваў свабоднага думаньня чалавека, нат ніякіх спробаў зрабіць гэта. Прыклад нашага ўсходняга суседа будзе з гэтага гледзішча для нас асабліва павучальным. Да прыняцьця эўрапэйскае культуры (за Пётры Вялікага) там ня было ніякага ўмыслова — культурнага руху, апрача жудаснае з нашага пункту гледжаньня плыні пратапопа Авакума. Прыняцьце эўрапэйскае культуры ўзбагаціла расейскі культурны тып, але толькі сярод вышэйшага сацыяльнага слою народу — дваранства, маса-ж расейская засталася ўсходней культуры аж да нашага часу. Прынцыпы народнае расейскае культуры выступілі асабліва войстра на ўзьверх у апошнім часе, за бальшавікоў. Страціўшы асновы сваей веры, свайго народнага сьветагляду, якія былі ўцялесьнены ў асобе цара, расейская маса зь ненавісьцю адкінула прапанававыя ей (за тымчасовага ўраду) эўрапэйскія культурныя асновы й прагавіта хапілася за свае радзімыя, каторыя ей падсунулі бальшавікі. У ix яна знайшла тое, без чаго не магла жыць — фаталізм і пэрсоніфікацыю ідэі. Культ Сталіна з гледзішча расейскае масы нельга разглядаць як нейкае штучна разьдзьмуханае зьявішча. Ён выплывае з усходніх асноў маскоўскага культурнага сьветагляду, які для свайго йснаваньня патpa6ye «боскага» носьбіта фаталістычнае ідэі.