Выбрать главу

Дасьлядуючы псыхолёгічна — культурны тып беларуса ў мінуўшчыне, нельга яго поўнасьцю ідэалізаваць. З пэўнасьцю шмат чаго ў ім было благога, або недасканальнага, бо калі-б усё было ў парадку, дык мы не апынуліся-б у такім стане, у якім знаходзімся цяпер. Але нам ідзе ў даным прыпадку аб сьцьверджаньне размавітасьці беларускага культурнага тыпу, ягонага заходня-эўрапэйскага характару. Вось-жа з гэтага гледзішча, памінаючы яго добрыя й благія бакі, ён зьяўляецца, бяспрэчна, заходня-эўрапэйскім.

Пераходзячы да культурных памятак нашае мінуўшчыны так пісьменных, як i рачовых, ня будзе асаблівае труднасьці праканацца, што й яны сьветчуць аб неадарвальнай лучнасьці беларускае культуры з заходня-эўрапэйскаю.

Практычнасьць беларускага культурнага сьветагляду выклікала тое зьявішча, што ў нас разьвіваліся наўперад практычныя дысцыпліны, a між імі наўперад права, літаратура рэлігійная, гісторыя. Прыгожае пісьменства, ды мэтафізычныя дасьлядаваньні мала інтарасавалі культурнага беларуса ў мінуўшчыне. Беларускае права, апёртае перадусім на радзімых праўных звычаях, дайшло да асабліва высокага разьвіцьця й дасканаласьці ў г. зв. Статутах Літоўскіх. Значэньне беларускага права выйшла далёка за межы Беларусі, бо яно аказала вялізарны ўплыў на разьвіцьцё права ў Маскве й Польшчы. Так у Маскве на беларускім Статуце будавалася ня толькі «Уложэніе царя Аляксея Міхайлавіча» але й навейшая расейская кодыфікацыя — X. том Збору Законаў. У Польшчы хоць ня было спэцыяльна выдадзенага праўнага кодэксу, але нормы беларускага права былі там шырака прынятыя. Дасьлядуючы юрыдычныя памяткі нашае культуры, што былі толькі кодыфікацыей беларускага звычаёвага права, лёгка заўважыць, што асновы юрыдычнага беларускага сьветагляду былі эўрапэйскія. Права не разглядалася ў Беларусі як адзін з шматлікіх сродкаў уціску людзёў у рукох «бога» — дэспата, a як сіла, што стаіць над гаспадаром i падданымі. Права ў Беларусі, як прыгожа выказаўся Л. Сапега, было мунштуком, каторы стрымліваў самаволю гаспадара, забясьпячаў вольнасьць адзінкі перад ім. Яму павінны былі падпарадкавацца й гаспадар i падданы. Любячы вольнасьць, як ізноў выразіўся той-жа Сапега, мы тым гардзімся між іншымі народамі, што ня маем над сабой пана, каторы-б узаемаадносіны з падданымі апіраў толькі на сваей самаволі. Вельмі рана ў Беларусі быў прыняты прынцып, які забараняў пазбаўляць чалавека свабоды, калі ён не зрабіў праступку супроць права. На гэтым фундамэньце фармаваліся ў Беларусі грамадзка-палітычныя адносіны. Гэта стварала пэўнасьць, стабілізацыю гэтага жыцьця на прынцыпах, каторыя мы знаходзім у праве толькі найбольш разьвітых эўрапэйскіх народаў. Практычная рыска беларускага культурнага сьветагляду прабіваецца нават у рэлігійнай літаратуры. Скарына рабіў свае пераклады Сьв. Пісьма на беларускую мову не дзеля якіхсь адвалочных мэтаў, а дзеля «пажытку агулу» й з гэтага гледзішча разглядаў свой высокі народны абавязак. Трэба тут падчыркнуць, што пераклад Бібліі на беларускую мову, зроблены Скарынам (вярней гэта было зьбеларушчаньне царкоўна-славянскае бібліі) быў трэцьцім ў Эўропе (пасьля нямецкай i чэскай). Перакладаньне Сьв. Пісьма на народную мову ёсьць таксама зьявішчам эўрапэйскім. Заслугоўвае на ўвагу, што так як беларускае права, беларуская рэлігійная літаратура, як i наагул эўрапэйскі склад беларускага рэлігійнага жыцьця меў вялікі ўплыў на рэфармацыю закасьцянелага рэлігійна-царкоўнага жыцьця Маскоўшчыны. Дзеля практычных-жа мяркаваньняў беларусы хацелі мець напісанай собскую гісторыю. Такой гісторыей, доўгі час здаваляўшай патрэбы адукаванага беларускага грамадзянства, быў летапіс, які сяньня нам ведамы пад назовам «Летапіс Быхаўца». Гэта ня ёсьць звычайны летапіс, які паўтарае здарэньні з году ў год, так як яны наступалі. Гэта ёсьць у нас першая спроба напісаньня іменна гісторыі беларускага народу, павязаньня асобных здарэньняў ніткай прагматычнай (прычыновай) сувязі, тлумачэньня фактаў. Праўда, пры тлумачэньні зьявішчаў у ёй тасуецца, галоўным чынам, тэолёгічны мэтад, няма й сьледу сучасных, навуковых, але, усё ж, гэта была спроба дасьлядаваньня сваёй гісторыі. Як на часы, калі гэты «летапіс» быў напісаны, ён быў дасканальным і беларусы мелі аснову ім гардзіцца. З гледзішча, якое нас інтарасуе, пайменна сьцьверджаньня эўрапэйскага характару беларускае культуры, летапіс Быхаўца ёсьць асабліва цікавым дакумэнтам. У ім мы маем паўторанай г. зв. апавяданьне аб рымскім паходжаньні беларускага народу. Нейкі Палемон, уцякаючы ад перасьлядаваньняў Нэрона, выправіўся шукаць у чужых краёх лепшае долі i ў рэзультаце апьнуўся на нашых землях.... Патомства яго размножылася i ў рэзультаце забылася сваю лацінскую мову, прыняўшы беларускую, бо яна аказалася дасканальнейшай. Гэтае апавяданьне – гэта апотэоза свайго народу й яно cьветчыць, як высока ставілі нашыя продкі самых сябе, калі прыпісалі сабе аж рымскае паходжаньне. Гэтаму апавяданьню паверыла нашая шляхта й гардзілася сваім рымскім паходжаньнем прад польскай. Трэба падчыркнуць, што гэтаму апавяданьню паверыў нават такі польскі гісторык, як Длугаш. Менаванае апавяданьне — гэта, ясна, толькі казка, хоць ёй i верылі. Нас інтарасуе тут другі бок гэтае справы, пайменна, чаму паходжаньне народу было выводжана іменна з Рыму, а ня зь іншага якогась няменш «слаўнага» месца? Дасьлядуючы гэты факт, мы прыходзім да цікавых вывадаў.