Паміма таго, што Беларусь прыняла хрысьціянства з Усходу ў грэцкім абрадзе, Бізантыя, як культурны фактар, нашых продкаў ніколі глыбей не інтарасавала. Зь ёй ня было ніколі глыбейшых сувязяў, зь яе ня йшло да нас блізу ніякіх культурных уплываў, як, прыкладам, у Кіеў ці Маскву. Дзіўным, сапраўды, выдаецца гэтае духовае адсэпараваньне Беларусі ад жарала, зь якога яна прыняла сваю веру! Гэты факт у сьвятле вышменаваных рзважаньньяў ёсьць лёгка вытлумачальным. Справа ў тым, што Бізантыя ў тым часе была гаспадарствам з культурнага гледзішча цалком усходнім. Хоць яна многа чаго пераняла з Грэцыі й Рыму, але ўсходнія ўплывы, што прыйшлі ў Канстантынопаль, спараліжавалі эўрапэйскія асновы бізантыйскае культуры на карысьць усходніх. Таму характар бізантыйскае культуры, як усходняе, быў чужым беларускаму, з натуры сваей эўрапэйскаму, культурнаму тыпу. Вось чаму ён не знаходзіў у Бізантыі нічога годнага насьлядаваньня. Бізантыйскія ўплывы не прыняліся ў нас у чыстай форме нават у галіне рэлігійнацаркоўнага жыцьця. Стыль беларускіх цэркваў ня меў нічога суполънага з бізантыйскім, нутраное ўладжаньне сьвятыняў, хоць рабілася на бізантыйскі узор, было ў нас эўропэізавана. Аб гэтым могуць сьветчыць, прыкладам, нашыя старыя царкоўныя малюнкі сьвятых. Гэта ня высхлыя, змучаныя, аскетычныя постаці бізантыйскіх маляроў, а жывыя людзі. Падкрэсьліваем, што мы гаворым аб старых беларускіх сьвятынях, а не аб тых, якіх сяньня многа ёсьць на Беларусі, тыпова бізантыйскі стыль, якіх прынесла да нас Масква. Вось-жа, калі Масква ўвесь час шукае культурные сувязі й апорышча ў Бізантыі, калі маскоўскі князь Іван III пераймае нават дзяржаўны бізантыйскі герб двухгаловага арла, калі ўладжвае адносіны на сваім двары паводле бізантыйскага ўзору, калі канстантынопальскія духоўнікі, што ўцяклі ад туркаў у Маскву, ствараюць тэорыю, што Масква праз Бізантыю — ёсьць трэцім Рымам —дык гэта павінна быць для нас зразумелым, бо маскоўскі культурны сьветагляд i бізантыйскі мелі тыя-ж супольныя, усходнія асновы. I павінна быць для нас так-жа зразумелым, чаму гэтыя бізантыйскія ўплывы не прыняліся эўрапэйскай Беларусі. Тут створана была тэорыя паходжаньня беларускага народу з Рыму, але Рыму не ў разуменьні маскоўскім, ці бізантыйскім, a эўрапэйскім, як асновапаложніка эўрапэйскае культуры. Рым старажытны, клясычны, быў спадкабернікам культуры клясычнае Грэцыі й разам зь ёй даў асновы эўрапэйскай культуры. Згэтуль выводзіць наш летапісец паходжаньне народу, ці беларускага баярства. I гэта ёсьць найлепшым доказам пачуцьця сваей эўрапэйскае прыналежнасьці нашых продкаў. У сьвятле вышменаваных разважаньняў тэза аб самабытнасьці беларускае культуры ў заходня-эўрапэйскіх рамах ёсьць дастаткова выясьненай. Нашыя разважаньні мы ймкнуліся ў патрэбе ілюстраваць прыкладамі, але не маглі, зразумела, рабіць гэтага ўва усёй шырыні, бо заданьнем гэтага артыкулу ёсьць не вывучэньне культуры Беларусі, ці культурнага тыпу крывіча, a толькі вызначэньне мэтаду, як трэба дасьлядаваць нашую культуру. Падыход да беларускае культуры, як самабытнага зьявішча заходня-эўрапэйскага характару, ёсьць адзіна правільным і толькі гэты маштаб трэба тасаваць пры дасьлядаваньні мінулай культуры Беларусі.