Выбрать главу

Ведама, аднак, што беларуская культура у вышэй азначаным сэньсе разьвівалася тады, калі йснавала незалежная беларуская гаспадарсьцьвенасьць. Апошняя, як ведама заняпала ў канцы XVII ст. i ад гатага часу на культурнае жыцьцё Беларусі й вырабленьне беларускага культурнага тыпу аж да сяньняшняга дня аддзеіваюць розныя іншыя фактары, што ня мелі, або блізу мелі, уплыву на беларускую культуру ў пару незалежнага жыцьця беларускага народу. Вось-жа, паўстае пытаньне — у якой ступені адказвае свайму прататыпу сучасная беларуская культура, сучасны беларускі культурны тып? A калі не адказвае, дык чаму й ці, ў прыпадку йснаваньня розьніцы, варта вам навязваць да культурных традыцыяў нашае мінуўшчыны?

Хоць гэтае пытаньне мае чыста практычны, тэлеолёгічны характар, аднак мы лічым, што яно мае для нас вялізарнае значэньне й таму ў рамах гэтага артыкулу мы хочам яго закрануць. Тут-жа йдзе аб асновы будаваньня нашае новае культуры, нашага сучаснага й будучага культурнага тыпу. А ведама агульна, што культура народу — гэта аснова ўсякага іншага яго разьвіцьця й сьветагляду. У асобнасьці, у вельмі цеснай лучнасьці з культурным сьветаглядам знаходзіцца сьветагляд палітычны.

Калі дваццаць зь лішкай год таму назад беларуская палітычная думка знайшла сваё найвышэйшае афармленьне у абвешчаньні актам 25 сакавіка 1918 г. незалежнасьці Беларусі, дык само сабой зразумела, што рэальнасьць гэтага палітычнага сьветагляду узалежнена ад існаваньня адпаведнага культурнага тыпу крывіча, здольнага ўспрыняць падобны сьветагляд. Мыляюцца тыя, што думаюць, быццам палітычную будову жыцьця народу можна ўзносіць з абы якім культурным тылам, з абы якім культурным сьветаглядам. Палітычнае жыцьцё беларускага народу ніколі не асягне сваей найвышэйшай формы, калі яно будзе будавацца людзьмі з маскоўскім, польскім, ці іншым не беларускім культурным сьветаглядам. Гэта павінна быць абсалютна ясным, бо тады ў палітычную форму ад пачатку будзе ўкладацца чужы зьмест i ўвесь будынак будзе мець фундаманты зь пяску. Рознабаковая адбудова беларускага жыцьця можа толькі тады памысна разьвівацца, калі яе будуць праводзіць людзі з адпаведным беларускім культурным сьветаглядам.

Ад старое беларускае культуры нас аддзяляюць сяньня вякі, у працягу каторых наш народ з культурнага гледзішча перажыў вельмі многа. Ці перажытыя апошнія стагодзьдзі былі вякамі поступу беларускае культуры, вякамі дасканаленьня беларускага культурнага тылу? На гэтае пытаньне можа быць толькі нядвузначны, нэгатыўны адказ. Мы вельмі аддаліліся ад свайго старога культурнага тыпу, для многіх з нас ён ёсьць ужо нават незразумелым i вельмі далёкім, але мы не здабылі нічога новага, што з крывіцкага культурнага гледзішча было-б карысным. Па дарозе, мы вельмі многа страцілі, a ўзамен назьбіралі ўсялякага сьмяцьця, у якім ня так лёгка адрозьніць сваё ад чужога, карыснае ад шкоднага, вартаснае ад бязвартаснага. Гэты «поступ» зайшоў так далёка, што калі-б мы сяньня паставілі пытаньне, ці ёсьць у нас масавы беларускі культурны тып, самабытны, заходня-эўрапэйскага характару, як гэта было ў мінуласьці, дык пасьля доўгіх хістаньняў, усёж, трэба было-б адказаць нэгатыўна. Ён ёсьць у тэорыі, мае нямала прадстаўнікоў, але ён ня ёсьць масавым. Апошнія стагодзьдзі паднявольнага жыцьця народу пакінулі нам у спадчыне вельмі многа «заходніх» і ўсходніх астачаў, каторыя моцна скалечылі наш стары, чысты, беларускі культурны тып. Мы скажам нават больш — культурныя ўплывы апошніх стагодзьдзяў скалечылі псыхолёгічную язьнь народу. Ідэнтыфікаваць сучасны наш псыхолёгічны тып з мінулым, а вышэй разгледжаным, можна толькі зь вялікімі засьцярогамі і, зразумела, не на карысьць сучаснага. Найглыбей сягаючыя зьмены прынёс нам маскоўскі ўсход.