Польская культура — гэта бязумоўна эўрапэйская. Аднак, дзякуючы спэцыфічным рысам польскага псыхолёгічнага тыпу, галоўна-ж адсутнасьці ў ім здольнасьці захаваньня псыхічнае раўнавагі, польская культура выказвае моцную тэндэнцыю да орыенталізацыі, якая праяўляецца ў заўсёдным шуканьні якойсь ідэі — fixe, каторая апаноўвае ўвесь культурны сьветагляд паляка. Гэтыя сваеасаблівыя ідэі ня маюць усходняга фаталістычнага, абстракцыйнага характару, яны паходжаньня эўрапэйскага, але іменна адсутнасьць псыхічнае раўнавагі ў польскім тыпе дазваляе некаторым ідэям на польскім груньце дэгенэравацца, i хваравіта-вырастаць коштам іншых. Гэта у рэзультаце прыносіць дэгэнэрацыю культурнага жыцьця. Ведама напрыклад дзікое захопленьне палякоў у мінуўшчыне станам анархіі («liberum veto»), каталіцкай ідэяй. Адно й другое маюць, бязумоўна, эўрапэйскае паходжаньне, але на польскім груньце яны прынялі монструальныя форму й зьмест і праглынулі ўсё польскае культурнае жыцьцё. I ў навейшых часох, ужо ў гэтым стагодзьдзі, хто наглядаў польскае жыцьцё мог пераканацца аб нямінучым i хуткім выялавеньню польскае культурнае язьні, каторая аддавалася часткова старым, а часткова новазнойдзеным варыяцкім ідэям.
Польская культура з гледзішча асаблівасьцяў польскага псыхолёгічнага тыпу, ня можа разьвівацца самастойна, а патрабуе чужога кіраўніцтва. Гэтае кіраўніцтва павінна направіць, а вярней дапоўніць у культурным жыцьці нястачы польскага псыхічнага тыпу. Яно павінна ўнесьці духовую стабілізацыю, раўнавагу, якіх ня мае паляк. Вось чаму нас не павінна дзівіць, што польская культура найбуйней разьвівалася тады, калі палякамі кіравалі чужынцы з адпаведнымі псыхічна — культурнымі свомасьцямі. Ведамы ёсьць буйны развой польскае культуры ў пару панаваньня ў Польшчы Ягайлавічаў. Апошнія, як яскравыя прадстаўнікі беларускага псыхічнага й культурнага тыпу, уносілі ў польскае жыцьцё вышменаваныя духовую раўнавагу, стабілізацыю, чым добра рэгулявалі польскае культурнае жыцьцё, паўстрымоўваючы яго ад захопу ідэямі — fixe. У што абярнулася польскае культурнае жыцьцё, калі нястала гэтага беларускага кіраўніцтва, ведама такжа добра зь гісторыі. Часы, каторыя наступілі пасьля Ягайлавічаў, — гэта часы найвялікшага ўпадку Польшчы, поўнае духовае дэгэнэрацыі.
Польскі культурны ўплыў не падважаў эўрапэйскіх культурных асноў беларускае культуры, бо й польская культура мела тыя-ж асновы. Але пэўныя прослані, галоўна вышэйшыя, нашага грамадзянства ён асыміляваў культурна, а з гэтым заўсёды й палітычна. Зразумелая рэч, што польскія ўплывы на наш культурны тып былі без параўнаньня меншыя за маскоўскія. У асобнасьці мы не знаходзім абсалютна ніякіх доказаў таго, каб гэтыя ўплывы закранулі наш псыхічны тып, як гэта зрабілі маскоўскія, аб чым было вышэй. Гэта толькі культурны й палітычны налёт.
Калі мы цяпер вернемся да пытаньня — ці ў абліччы тых зьменаў, каторыя выклікалі ў нашым культурным тыпе апошнія стагодзьдзі варожых чужых уплываў, існуе патрэба навароту да старых эўрапэйскіх традыцыяў беларускае культуры, да гадаваньня новага беларускага культурнага тыпу на слаўных фундамэнтах мінуўшчыны, дык на гэта адказ можа быць толькі пазытыўны. Паміма таго, што сёньня слова «Эўропа», «эўрапэйскі» выдаецца нам амаль чужым, вельмі мала выясьненым, нязнаным, дык, усё-ж, у нас засталося так многа эўрапэйскіх культурных астачаў, што значна лягчэй будзе ix упарадкаваць збудаваць на старых традыцыях нашае культурнае жыцьцё, як нагінаць нашую культуру пад ўсходнія, маскоўскія, або тым болей заходнія польскія асновы. Хоць сьведамага эўрапэйскага культурнага тыпу ў масавым значэньні мы яшчэ ня маем, але мы маем старыя культурныя фундамэнты, каторыя яшчэ моцна захаваліся й на якіх мы можам узьнесьці свой культурны будынак. Што гэтыя фундамэнты йснуюць, нас пераконвае хоць-бы вялізарная культурная адпорнасьць беларуса на чужыя ўплывы. Мы й сяньня ня можам сабе напр. уявіць, каб хтось з нашага культурнага грамадзянства важыўся прысабечыць зь мінуўшчыны асобу, каторая паходзіла скажам з Маскоўшчыны або Кіева, Польшчы, якой-бы вялікай яна ня была. Гэта нават у тым выпадку, калі яна дзеіла на Беларусі. Гэты інстынкт, які ачышчае нашую культуру ад засьмечаньня чужым дабром, пераконвае нас у тым, што старыя культурныя фундамэнты ў беларускім народзе захаваліся й да сяньня вельмі моцна, што ix ня збурылі ворагі й што тымбалей нятрэба ix бурыць нам.
Мы павінны адкінуць той забабон, каторы часта сяньня спатыкаецца, a які палягае на тым, што некаторыя з нас думаюць, што нам нехта можа «прынесьці» эўрапэйскую культуру, можа нас «далучыць» да Эўропы. Ніхто нам гэтае культуры прынесьці, або нас «з'эўропэізаваць» ня можа, хоць-бы з тэй простае рацыі, што мы ад пачатку сваёй багатай гісторыі зьяўляемся эўрапэйцамі ў найчысьцейшым разуменьні гэтага слова, а сяньня мы павінны толькі саскрабаць той налёт, каторы да нас прынеслі чужыя ветры. Мы павінны, такжа, ведаць, што нашая культура ў вялікай сямьі эўрапэйскіх культураў ёсьць самабытнай i займае між імі пачэснае месца. Мы маем свае собскія асновы культурнага разьвіцьця, якія павінны пазнаць i ix гадаваць, а ні ў якім выпадку не мяняць на іншыя, бо гэта азначала-б для нас культурную, а за ёй i нацыянальную сьмерць, на што мы ніколі пайсьці ня можам.