Паколькі пытаньне ўзгадаваньня культурнага беларускага тыпу выясьнена ў тым сэньсе, што яно павінна вярнуцца да эўрапэйскіх самабытных асноў нашае культуры, патолькі ўзрастае вага студыяў нашае мінулае культуры, нашага гістарычнага культурнага тыпу. Прынцыповае значэньне мае тут сам мэтад студыяў нашае культуры ў мінуўшчыне, самы падход да яе, які мы прадставілі вышэй i які павівен запанаваць так у нашых гістарычных досьледах собскае культуры як i ў навучаньню яе сучасных генэрацыяў. Усякія іншыя чужацкія канцэпцыі павінны быць раз назаўсёды адкінены.
РЭЛІГІЙНАЕ ПЫТАНЬНЕ
Справа досьлёдаў рэлігійнага пытаньня ў мінуўшчыне Беларусі ня мае такжа адналітага падходу. A між тым рэлігія згуляла ў нашай гісторыі вельмі важную ролю, пазнаньне якой можа нам высьветліць шмат мамэнтаў у мінуласьці, каторыя й да сяньня выдаюцца няяснымі.
Справа рэлігіі ў першым пэрыёдзе гісторыі Беларусі выглядала проста й вывучэньне яе не спаткае вялікшых труднасьцяў, калі, зразумела, захаваўся адпаведны матарыял. Ведама, што хрысьціянства ў Беларусь прыходзіла з захаду й з усходу яшчэ да 988 г., які ў нас некаторыя гісторыкі склонны разглядаць як афіцыяльную дату хросту Беларусі. Яно тут мірна ўжывалася з паганскай рэлігіей, толькі паступова выціскаючы апошнюю. Што датычыць даты 988 г., дык яна можа быць разглядана толькі як сымбалічная дата хросту Беларусі й то зь вялікай нацяжкай. Яшчэ шмат пазьней у Беларусі спатыкалася паганства, прынамся сільныя яго астачы. Ня можа быць сумлеву, што, прыкладам, у заходняй часьці Беларусі, там дзе нарадзілася суцэльная беларуская гаспадарсьцьвенасьць (Слонімшчына, Ваўкавышчына, Горадзеншчына й Наваградчына) першабытная паганская народная рэлігія йснавала яшчэ ў палове ХШ ст. у поўнай меры, хоць тут было ўжо распаўсюджана й хрысьціянства. Апошняе прынялося ў нас ува ўсходнім абрадзе. Заходні прыйшоў пазьней. Неабходна зьвярнуць увагу на факт, што хрысьціянства пашыралася ў нас не гвалтам, «агнём i мячом», як гэта мела месца шмат дзе на захадзе i ўсходзе, a зусім мірным шляхам, што, ёсьць такжа характэрным праявам вышай разгледжанага псыхолёгічнага тыпу крывіча, які ня зносіць гвалту ў ніякай яго форме. Мы ня можам знайсьці ніводнага крывіцкага князя нават з пары сярэднявечча, каторы-б займаўся шырэньнем хрысьціянства шляхам войнаў, вынішчэньня паганых. Крывіцкія князі не рабілі гэтага ня толькі ў сябе дома, што магло быць больш зразумелым, але нават i сярод тых народаў, каторыя сабе падпарадкавалі. Так, калі ў палове XII ст. у складзе Полаччыны апынуліся сяньняшняя Літва й Латвія, населеныя тады паганскімі народамі чужога крывічом паходжаньня, яны захапалі свае народныя паганскія вераваньні ў поўнай меры й ніхто ix не змушаў да прыйманьня хрысьціянства. З гэтага гледзішча трэба зьвярнуць увагу на сьветчаньні крыжацкіх летапісаў, у якіх гаворыцца, што полацкія князі абмяжоўваліся толькі да зьбіраньня з гэтых народаў дані, але не прымушалі ix пераходзіць у хрысьціянства.
Гэткім чынам, ужо ў пачатку нашае гісторыі, у пару найцямнейшага сярэднявечча, калі рэлігійнае пытаньне ўсюды было аднэй з найважнейшых прычынаў розных збройных закалотаў, у нас ужо панавала ралігійная толеранцыя, каторая ў пазьнейшыя стагодзьдзі адбыла сваю багатую эвалюцыю. Неабходна зьвярнуць увагу на вялізарную розьніцу з гэтага гледзішча між сярэднявечнай Крывіей, а яе суседзямі так з усходу, як i заходу.
Дзякуючы асаблівасьцям беларускаепсыхікі, само хрысьціянства выглядала ў Крывіі ад свайго пачатку зусім накш, як на ўсходзе, або захадзе. Тут яно ня мела ніякіх азнак ваяўнічасьці. I хоць ад свайго пачатку, яно было ў нас распаўсюджана, ува ўсходнім абрадзе, але яно мела вялікія заходнія ўплывы. Хрысьціянства ў Беларусі было чымсь пераходным ад заходу да ўсходу. Характэрна, што, прыкладам, сьв. Прадслава была залічана ў лік сьвятых i каталіцкім касьцёлам, праўда акольным шляхам, i пад іншым іменем, але ўжо ясна даказана, што тут ішло аб адну й тую самую асобу. Яно ня мела ў нас суровага аскетычнага характару. Зьвяртае ўвагу цікавы факт, што ў нас не разглядалася як нешта варожае выкладаньне хрысьціянскае веры з тасаваньнем асноў клясычнае грэцкае філёзофіі, аб чым можа сьветчыць хоць-бы прыклад Клімента Смаляціча. I хоць некаторыя расейскія гісторыкі царквы хочуць гэта разглядаць як прыпадак, ня меўшых глыбейшага значэньня, дык усё ж, прыймаючы якраз пад увагу глыбокую талеранцыйнасьць у нас хрысьціянства да паганскай крывіцкай веры, зусім ня было-б дзіўным тлумачэньне асноў храсьціянства з пакліканьнем на Гомэра, Арыстотэля, паколькі ix ведалі хоць у агульных нарысах.