Выбрать главу

Ад часоў Ягайлы да нас прыходзе рыма-каталіцтва ў шырэйшых разьмерах. Яно распаўсюджваецца, галоўным чынам, сярод вышэйшых просланяў народу — магнатаў i баярства. Характэрна, што рымакаталіцтва, якое да нас ішло з Польшчы, нясло з сабой i тыпова польскую сваю азнаку — нецярпімасьць да іншых веравызнаньняў. Адразу, за Ягайлы, зьявіўся закон, які забараняў нeкаталікам займаць вышэйшыя ўрады ў гаспадарсьцьве. Гэты закон ўва ўмовах беларускага жыцьця ня меў практычнага значэньня, а па нейкім часе быў скасаваны зусім, аднак паказальным ёсьць сам факт яго зьяўленьня на беларускім груньце, бо гэта цікавы доказ глыбокае розьніцы ў падыходзе да рэлігійнага пытаньня ў беларусаў i палякаў.

Kaлі ў ХV ст. на захадзе зьявілася рэфармацыя, яна была занесена й да нас. Найбуйнейшым яе прадстаўніком быў князь Мікалай Радзівіл Чорны. Рэфармацыя (перадусім кальвінства) ахапляла ў нас, такжа, толькі вышэйшыя слаі насельніцтва — магнатаў, баяраў i наагул адукаваных людзёў. Годзі зацеміць, што яна была ў нас, усё-ж, зьявішчам сэзоновым i хутка перажыла пару свайго буйнага разьвіцьця.

Ад канца XVI ст. у нас зьяўляецца вунія, каторая здабыла сабе права трэцьцяга побач з праваслаўем i каталіцтвам веравызнаньня ў гаспадарсьцьве. Яна аказалася ў нас зьявішчам трывалым і ў барацьбе за йснаванъне, галоўна з праваслаўем, здабыла вялікія сукцэсы. Паколькі рыма-каталіцтва й кальвінства былі веравызнаньнямі перадусім пануючых слаёў насельніцтва, патолькі вунія, менш аб тое, якімі спосабамі, глыбака закранула «просты» народ — беларускае мяшчанства й сялянства. У сваей барацьбе зь іншымі веравызнаньнямі вунія вырозьнівалася вялікай ваяўнічасьцю.

Наагул, калі мы зьвернем увагу на эвалюцыю рэлігійнае справы ў Беларусі ў пару яе незалежнага йснаваньня, дык трэба сьцьвердзіць, што гэтая авалюцыя была чымсь асаблівым, характэрным толькі для таго камплексу культурна — палітычных адносінаў, які паўстаў на Беларусі. Нідзе, ані на захадзе, ані на ўсходзе, ня было нічога падобнага. На чым палягала гэтая сваеасаблівасьць эвалюцыі рэлігійнае справы ў нас?

Нельга, зразумела, пярэчыць, што як усюды на захадзе, або ўсходзе, сьветагляд крывіча ня толькі ў пару сярэднявечча, але й да канца йснаваньня беларускае гаспадарсьцьвенасьці быў рэлігійны ў хрысьціянскім, ясна, сэньсе. Рэлігія тлумачыла й культурнаму крывічу паходжаньне сьвету, чалавека, народаў, штодзённых зьявішчаў прыроды, давала яму рады ў практычным жыцьці й разьвязвала адвечную філёзофічную загадку жыцьця пасьля сьмерці. Усё было ясна й проста. Выразныя сьляды рэлігійнага сьветагляду мы знаходзім ува ўсёй нашай культурнай спадчыне. Аднак, калі на захадзе рэлігійны сьветагляд фармаваўся пад уплывам перш рыма-каталіцтва, а пазьней рэфармацыі (кальвінства, лютаранства), а на ўсходзе ў Маскве праваслаўя — кажным разам пад уплывам нейкай канкратнае царквы, канкрэтнага веравызнаньня, якія й выціскалі свае асаблівасьці на фармаваным імі рэлігійным сьветаглядзе, — у нас ён складаўся пад уплывам філёзофіі рэлігіі наагул, а ня якогась канкрэтнага веравызнаньня. Рэлігійны сьветагляд, асабліва культурнага беларуса, базаваўся на acновах рэлігіі як агульнага духовага зьявішча ў жыцьці чалавецтва й не інтарасаваўся розьніцамі між асобнымі веравызнаньнямі, што кансэквэнтна выплывала з псыхолёгічнае азнакі беларуса — заўсёднага шуканьня вечнае, аб'ектыўнае праўды, справядлівасьці. Згэтуль бярэ свой пачатак i тая бяспрыкладная рэлігійная цярпімасьць, якая йснавала ў беларуса, паміма таго, што ягоны сьветагляд быў, усё-ж, глыбока рэлігійным! Дасьледчык гэтае квэстыі знойдзе ў нашай мінуўшчыне безьмяр прыкладаў гэтае талеранцыі. Мы ўспомнім тут хоць-бы гэткія факты, як фундаваньне беларусам-каталіком, побач з касьцёламі й праваслаўных цэркваў (сам гаспадар Казімер Ягайлавіч, каталік, пабудаваў аж 40 праваслаўных цэркваў у чэсьць сьв. Ільлі за тое, што ягоная жонка цудам ратавалася ад сьмерці якраз у дзень праваслаўнага сьвята Ільлі), багатыя адказы ў тэстамэнтах беларусамі —каталікамі на карысьць праваслаўных, ці вуніяцкіх цэркваў i наадварот i г. д. А ўжо клясычным сфармуляваньнем асноў беларускага рэлігійнага сьветагляду й выплываючае зь яго талеранцыі беларуса ёсьць гэткі дакумэнт, як ліст Лявона Сапегі да Язахвата Кунцэвіча (які мы ўжо мелі нагоду падаць у працы «У трохсотлетнія ўгодкі сьмерці вялікага канцлера Лявона Сапегі» — Гадавік Бел. Нав. Т-тва, Вільня, 1933). Гэты дакумэнт ёсьць клясычным доказам таго, што беларус шукаў у рэлігіі іменна толькі асноў вечнае, аб'ектыўнае праўды. Ён інтарасаваўся толькі філёзофіей рэлігіі, як такой i з гэтага гледзішча шукаў у апрычоных хрысьціянскіх веравызнаньнях толькі тое, што было супольным, бо яно стаяла бліжэй да гэнае аб'ектыўнае праўды й адкідаў розьніцы, бо яны былі ад яе далей. Вось чаму ў часы, калі на захадзе i ўсходзе, дзе рэлігійны сьветагляд так адзінкі як i народу складаўся пад уплывам аднае, але заўсёды канкрэтнае царквы ці касьцёлу, з прычыны рэлігійных розьніцаў вяліся найбольш крывавыя ў гісторыі чалавецтва войны й прасьлядаваньні, у нас былі магчымымі гэткія праявы рэлігійнае цярпімасьці, да якой іншая Эўропа дайшла толькі пасьля доўгае эвалюцыі. Трэба мець тут на ўвеце, што польская гісторыёграфія вельмі часта падчырквае славутую польскую рэлігійную талеранцыю. Калі, аднак, сягнуць да жаролаў гэтага цьверджаньня, дык выявіцца, што яна або прысабечвае тут цярпімасьць беларускую, або мае на ўвеце тую пару, калі ў Польшчы панавала дынастыя Ягайлавічаў, прадстаўнікі якой сваімі псыхолёгічнымі крывіцкімі свомасьцямі паўстрымоўвалі польскае жыцьцё ад захапленьня ідэямі-fixe, ад запанаваньня ў ім рэлігійнае неталеранцыі. Як выглядадала польская талеранцыя, калі нястала гэтага крывіцкага кіраўніцтва, можа светчыць распаленая палякамі ў сябе i ў нас рэлігійная барацьба, i гэткія, прыкладам, факты, што польскія соймы яшчэ ў канцы XVIII ст.. наконадні згубы Рэчыпаспалітай, займаліся выдаваньнем канстытуцыяў у якіх «схізматыкам» дазвалялася весці хаваць сваіх нябошчыкаў толькі тымі вуліцамі, якімі вывозілася сьмяцьцё.