Выбрать главу

Аднак гэты інтэрас беларуса да філёзофіі рэлігіі, малое, або поўнае незьвяртаньне глыбойшае ўвагі на йснаваўшыя ў Беларусі веравызнаньні наагул i іхнія ўзаемаадносіны ў асобнасьці з гледзішча нацыянальна-палітычнага прынясло вялізарную шкоду народу i ў вялікай меры пахіснула асновы беларускае гаспадарсьцьвеннасьці. Справа ў тым, што рэлігія была ня толькі крыніцай, у якой можна было шукаць аб'ектыўнае праўды, але, паколькі яна фармавала сьветагляд адзінак і народаў, зьяўлялася першараднае вагі ўзгадавальным дзейнікам. Заходня-эўрапэйскія народы й Масква, сьветапагляд якіх вырабіўся пад уплывам канкрэтнае царквы, а не філёзофіі рэлігіі, духова зрасьліся з сваім веравызнаньнем i ў пару свайго нацыянальна-палітычнага дасьпяваньня і ў поўнай меры выкарысталі рэлігійны дзейнік як магутную духовую зброю ў каваньні нацыі. Сказаць выкарысталі — ня зусім точна. Ён сам да ix прыйшоў. Ён сам у вялікай ступепі пераняў кіруючую ролю ў працэсе твараньня нацыі, а ў кожным выпадку не стаяў збоку й не прыглядаўся гатаму працэсу пасыўна. Так у навейшую пару гісторыі, калі складаліся нацыі ў сучасным разуменьні гатага слова мы бачым, як у народаў заходняе Эўропы паўстаюць г. зв. «нацыянальныя», або «народныя» касьцёлы, каторыя пачынаюць адыйгрываць вельмі важную палітычную ролю зь якой зусім i не хаваюцца. Нацыянальныя касьцёлы паўсталі блізу ўва ўсіх гаспадарствах заходняе Эўропы i ў Маскве. Мы спатыкаем ix, прыкладам, у Польшчы, Нямеччыне, Чэхіі, Францыі, Англіі, Швэцыі й г. д. Паўсталі яны або дзякуючы рэфармацыі, або ролю гэтую пераймаў унівэрсальны каталіцкі касьцёл, каторы прытарноўваўся да мясцовых умоваў i рабіўся запраўдным пацыянальным касьцёлам. Так было, прыкладам, у Францыі, Польшчы, дзе рыма-каталіцтва пайшло насустрэч дзейнікам, выклікаўшым фармаваньне нацыі й адыйграла выдатную ролю ў яе тварэньні. У Маскве нацьянальнай царквой сталася праваслаўная царква, каторая ў маскоўскіх умовах прадбыла зусім адменныя азнакі. Праўда, у некаторых краінах, як Нямеччына, мы ня бачым аднаго касьцёлу, бо побач зь лютаранствам, тут засталося й рыма-каталіцтва. Але апошняе на нямецкім груньце здабыло тыпова нямецкі характар i як такое, побач зь лютаранствам, уплывала на фармаваньне нямецкае нацыі. Роля нацыянальных, або народных, касьцёлаў у фармаваньні сучасных нацыяў палягала на тым, што яны, парваўшы зь сярэднявечным процістаўленьнем інтарэсаў касьцёлу інтарэсам гаспадарства, безапэляцыйна падпарадкавалі першыя апошнім. Гэткім чынам яны ськіравалі масавы духовы потэнцыял, якім дыспанавалі, на будову нацыянальнасьці й нацыянальнае гаспадарсьцьвенасьці. Побач з гэтым, яны шырылі сьведамасьць патрэбы рэлігійнага адзінства ў народзе, ідучы ў гэтым так далёка, што нат' заціралі розьніцу між рэлігіей i нацыей. Не паклікаючыся на далейшыя прыклады, досыць успомніць прыклад Польшчы, дзе такі Скарга пашыраў з усей ваяўнічасьцю тэзу, што паляк можа быць толькі каталіком i наадварот — кажны каталік — гэта паляк. Скарга, натуральна, ведаў, што, асабліва апошняе цьверджаньне, ёсьць няпраўдай але ўва ўмовах, у якіх ён дзеіў, гэта ня мела значэньня. Яму йшло перадусім аб палянізацыю беларускіх каталікоў i тут ён мог праводзіць сваю тэзу без усялякіх агаворак.