Выбрать главу

Гэткім парадкам нацыянальныя касьцелы, аддаючы ўвесь аўтарытэт рэлігіі на службу інтарэсам сваей нацыі, да часу зьяўленьня спэцыяльных навуковых трактатаў аб нацыі й гаспадарсьцьве, у пераходны мамэнт тварылі свайго роду сурагат нацыянальна-гаспадарсьцьвенай ідэёлёгіі. Там, дзе нацыянальны касьцёл у гэтым разуменьні не паўстаў, фармаваньне нацыі вельмі спозьнілася. Гэта мы бачым хоць-бы на прыкладзе Італіі, дзе рыма-каталіцызм, з прычыны мо' знаходжаньня тут яго цэнтру, значна даўжэй, як на пэрыфарыях Эўропы, захаваў свой унівэрсальны характар.

Дасьлядуючы эвалюцыю рэлігійных (адносінаў у Беларусі з гэтага гледзішча трэба сьцьвердзіць, што ў нас ад пачатку вытварыліся адносіны, каторыя выключалі магчымасьць паўстаньня аднаго крывіцкага касьцёлу, як нацыянальнага. Аж да сьмерці Альгерда магло выдавацца, што гэтая роля прыпадзе праваслаўнай царкве.

За Гедыміна й Альгерда праваслаўная царква ў Беларусі (Вялікім Княсьцьве Літоўскім) была вылучным веравызнаньнем, ня мела ніякіх канкурэнтаў, здабыла найвышэйшую арганізацыйную форму — собскую мітраполію й карысталася ўсе-баковай апекай гаспадарства. Пры падтрымцы дзяржавы, наглядалася нат' тэндэнцыя да змаганьня з Масквой за прымат уплываў ува ўсходнім хрысьціянскім сьвеце, паколькі адбывалася барацьба за мёртвы ўжо тытул кіеўскага мітрапаліта між беларускай i маскоўскай царквой. Але ўжо па сьмерці Альгерда выяснілася, што праваслаўная царква ня мае пэрспэктывы стацца нацыянальнай крывіцкай царквой. Перадусім яна ніколі ня выдзеліла з свайго асяродзьдзя сільных адзінак, каторыя поўнасьцю-б зразумелі яе ролю ў жыцьці народу й гаспадарства, а па-другое — ужо ад Ягайлы ў Беларусі пачало шырыцца, каталіцтва, каторае прыняла дынастыя, а за ёй i ўплывовыя ў гаспадарсьцьве ўрадавыя колы. Праваслаўе хутка пагадзілася з роляй раўнапраўнага з каталіцтвам веравызнаньня й ня мела ніякіх іншых амбіцыяў. Было, аднак, ад пачатку ясным, што й каталіцтва ў нас не падыймецца да ролі народнага касьцёлу ўжо хоць-бы з тэй прычыны, што яно, паміма сільных азнак самабытнасьці, выступаўшых яшчэ ў пачатку XVII ст., дзякуючы масаваму даплыву польскага з паходжаньня духавенства, наагул паступова губляла свой крывіцкі (літоўскі) характар i ставалася ўсё больш звычайным адгаліненьнем польскага каталіцкага касьцёлу. Кіраўніцтва каталіцкага касьцёлу ў Беларусі апынулася памалу ў рукох польскага духавенства, якое разглядала яго, выключна як аружжа полёнізацыі, паводле цьверджаньня Скаргі, што кажны каталік — гэта паляк. У гэткіх умовах каталіцтва не магло зрабіцца ў нас народным касьцёлам.

Эвалюцыя рэлігійных адносінаў на Захадзе ў кірунку падпарадкаваньня інтарэсаў рэлігіі гаспадарству, нацыі праз твараньне народных касьцёлаў, была добра ведама беларускаму адукаванаму грамадзянству. Яно разумела, такжа, вагу гэтых падзеяў, аднак не здабылося па адну згодную рэакцыю. Мы наглядаем у нас два кірункі ў тагачаснай рэлігійнай палітыцы. Адзін зь ix, якога трымалася вялізарная бальшыня адукаванай прослані народу, а які ў сутнасьці вызнаваў філёзофію рэлігіі, адносіўся да рэлігійнага пытаньня, наагул, абыяка. Гэты кірунак рэлігійную палітыку будаваў на аснове поўнае цярпімасьці, прызнаючы права на йснаваньне ў гаспадарсьцьве кажнаму веравызнаньню, кажнай рэлігійнай «навінцы». Тыповым, напрыклад, прадстаўніком гэтага кірунку быў ужо неаднойчы ўспамінаны канцлер Леў Сапега, дзейнасьць якога прыпадае якраз на найбольш адказную з гэтага гледзішча пару ў нашай гісторыі. Сам тры разы зьмяніўшы рэлігію, Сапега быў клясычным прадстаўніком крывіцкага філёзофа, рэлігіі, які дасканальна ведаў агульныя асновы хрысьціянства, але ня цівіўся глыбей ніякім веравызнаньнем. Пазнаўшы добра ў часе свайго пабыту заграніцай эўрапэйскія рэлігійныя адносіны, крывавыя змаганьні на рэлігійным фоне, шкоды, якія яны прыносілі гаспадарству, ён, па звароце на бацькаўшчыну, дзе хутка стаўся фактычным кіраўніком гаспадарства, у сваёй рэлігійнай палітыцы з тым вялікшым пракананьнем пастанавіў кіравацца прынцыпам рэлігійнае талеранцыі. Неабмяжаваная, аднак, цярпімасьць у працягу сараку год Сапегавага кіраваньня прынесла вялікія шкоды гаспадарству й народу. Не інтарасуючыся адносінамі ў абрубе апрычоных веравызнаньняў, а толькі жадаючы ад ix «перасьцяраганьня асноў гаспадарсьцьвенасьці й паспалітага супакою», Сапега не дагледзіў, як на чале асобных веравызнаньняў апынуліся чужынцы, што пры падтрыманьні вонкавых дзейнікаў (перадусім Польшчы, а потым Масквы) паднялі ў гаспадарсьцьве запраўдную вайну ўсіх проціў усіх. Было ўжо позна, калі Сапега спасьцярог сваю памылку. Зь вялікім драматызмам гавора ён аб гэтым сам, калі піша да Кунцэвіча, што ён, праўда й сам дапамагаў увядзеньню вуніі, бо чаму-б у нас, побач зь іншымі верамі, не магла існаваць i яшчэ адна, але яму ніколі ўдум ня прыйшло, што гэта новая вера можа спрычыніць столькі шкоды й непакою ў гаспадарсьцьве... Сапега яшчэ грозіць рэпрысіямі, але ўжо ясна, што ён гэтую справу прайграў. Разам зь ім прайгралі яе ягоныя папярэднікі й наступнікі, што стаялі на груньце неабмяжаванай талеранцыі. Яны не дацанілі таго факту, што рэлігія ў руках варожага й чужога духоўнага кіраўніцтва станецца дзейнікам вялікае руйнуючае сілы й дапусьцілі да гэтага чужога кіраўніцтва, дзякуючы чаму правільны ў сваей аснове прынцып рэлігійнае палітыкі, заместа спадзяваных карысьцяў, прынёс руіну беларускага гаспадарства.