Само сабой зразумела, што гэты кірунак рэлігійнае палітыкі, які ў нас nota-bene заўсёды быў афіцыяльным, ні ў якой меры не інтарасаваўся справай свайго народнага касьцёлу ці царквы. Ягоныя асновы былі нават запярэчаньнем гэтае патрэбы.
Вышэй мы разгледзілі адзін кірунак крывіцкай рэлігійнай палітыкі й падчыркнулі, што ён быў у нас праз увесь час існаваньня незалежнае беларускае гаспадарсьцьвенасьці афіцыяльным. Пры дасьлядаваньню, аднак, рэлігійных адносінаў у Беларусі трэба зьвярцуць увагу на другі кірунак тэй-жа палітыкі, які, хоць i ня быў афіцыяльным, аднак з гледзішча на асобы, якія яго рэпрэзэнтавалі, ён меў паважны ўплыў на ўкладаньне фактычных рэлігійных адносінаў у Беларусі.
Гэты другі кірунак рэпрэзэнтаваўся людзьмі, каторыя з розных матываў інтарасаваліся глыбей рэлігійнымі справамі й імкнуліся да рэформы рэлігійных адносінаў у гаспадарсьцьве. Трудна цьвердзіць напэўна, што гэты кірунак імкнуўся да стварэньня беларускае нацыянальнае царквы, усё ж, некаторыя даныя сьветчаць, што гэтую тэндэнцыю ён меў. Некаторыя ўплывовыя ў гаспадарсьцьве адзінкі, а нават шырэйшыя грамадзкія колы зь непакоем глядзеліна разьвіцьцё рэлігійных адносінаў у краю, на той рэлігійны падзел народу, які ўсё больш замацоўваўся. Каб папярэдзіць некарыснае разьвіцьцё гэтых адносінаў, яны прапанавалі, а калі мелі магчымасьць, дык і праводзілі ў жыцьцё імі абдуманыя мерапрыемствы. Гэтыя адзінкі й грамадзкія колы асабліва балюча адчувалі падзед народу на праваслаўных i каталікоў, бачылі ўсё ўзрастаючае выкарыстоўваньне гэтага падзелу варожымі гаспадарству вонкавымі дзейнікамі й на гэтай, галоўна, аснове, ймкнуліся да завядзеньня ў гаспадарсьцьве аднае веры. Галоўнай, аднак, перашкодай у гэтым было пытаньне, якая гэта мае быць вера? Была згода, што гэтай верай ня можа быць ані каталіцтва ані праваслаўе, але ня было згоды, што да новай, якая мела-б ix замяніць.
Вялікі патрыёт краю, выдатны гаспадарсьцьвены муж i ваеньнік князь Мікалай Радзівіл Чорны бачыў гэтую новую веру ў кальвінсьцьве. Ён з асаблівай безагляднасьцю пашыраў гэтую веру ў сваіх вялізарных валаданьнях, ды апякаваўся кальвінскімі зборамі ўва ўсім гаспадарсьцьве. Дзякуючы ягоным вялікім уплывам, за кароткі час кальвінства вельмі пашырылася ў Беларусі. Многія й многія сотні выдатных крывіцкіх фаміліяў прынялі гэтую веру, якая нат прымусова ўводзілася сярод сялянства й мяшчанства, паводле ведамага тады прынцыпу — cujus regio, ejus religio.
Дзякуючы масаваму далучэньню да кальвінства крывіцкіх баярскіх родаў, становішча праваслаўя й рыма-каталіцтва ў краі было паважна загрожана. Сярод пашыральнікаў новае веры мы бачым такую выдатную адзінку з нашай мінуўшчыны, як Сымон Будны. Усюды паўставалі кальвінскія друкарні, якія выпушчалі багатую рэлігійную літаратуру, прысьведчаную, галоўна, палеміцы зь іншымі веравызнаньнямі.
Аднак спроба Мікалая Радзівіла канчылася няўдала. Зь ягонай сьмерцю мы бачым такі-ж хуткі заняпад кальвінства ў Беларусі, як хуткім быў ягоны рост. Чым тлумачыцца гэтая няўдача? Гэтая справа патрабуе глыбейшага дасьлядаваньня, але трэба падчыркнуць, што адно з дасюлешніх яго тлумачэньняў выдаецца правільным. Галоўнай прычынай няўдачы была нястача вырабленых i адпаведна адукаваных крывіцкіх працаведнікаў гэтага веравызнаньня, дзякуючы чаму Мікалай Радзівіл быў змушаны сьцягваць ix у Беларусь з заграніцы, a галоўна з Польшчы. Дзякуючы гэтаму, уся справа новае веры хутка апынулася ў рукох чужога крывічом элемэнту, які хоць i пашыраў яе з поўнай адданасьцю, але не разумеў крывіцкага інтарэсу ў заводжаньні новае веры. Многія прапаведнікі ня ведалі нават беларускае мовы й таму рэлігійную літаратуру часта друкавалі папольску, чым далажыліся да пашырэньня польшчыны. Гаворачы аб лёсе кальвінства ў нас, нельга не зьвярнуць увагі на выпадак, што ўжо сыны Мікалая Радзівіла Чорнага былі навернены ў каталіцтва й аддавалі вялікія сумы грошай езуітам на скуп рэлігійнае літаратуры, выдадзенай іхнім бацькам, якую ўрачыста палілі.