Аб нашым нацыянальным назове
Мы ўжо пару разоў закраналі справу нашага нацыянальнага назову, выясьняючы, што беларусы могуць называцца ня толькі гэтым імём, але і, можа яшчэ лепш, прынамся з вялікшым гістарычным абаснаваньнем — крывічамі ці ліцьвінамі (апошні назоў не мае нічога супольнага з цяперашнімі этнограф. ліцьвінамі, ён азначае г. зв. «гістарычных» ліцьвіноў, меўшых сваё гаспадарства — Вялікае Княства Літоўскае). Закрананьне справы нац. назову сяньня, магло-б многім выдавацца нейкім аргумэнтам, каторы мог-бы сьведчыць аб якойсьці «нясьпеласьці» народу, які яшчэ сяньня разважае, як яму назвацца. Гэткі аргумэнт маглі-б падняць, аднак, толькі ляікі, незнаёмыя з беларускай гісторыей. Справа гэта даўно выясьнена і сярод г. зв. навуковых кругоў не выклікае ніякіх сумлеваў. Калі, аднак, мы яе нарушаем, дык ідзе нам толькі аб популярызацыю гэтага пытаньня сярод шырэйшых слаёў нашага тут грамадзянства, якое незаўсёды мела магчымасьць пазнаёміцца з роднай гісторыей i часта паддавалася сугэстыі рознае палітычнае прапаганды, скіраванае супроць беларусаў як народу, яго гісторыі, нацыянальных інтарэсаў i г. д. Гэткая процібеларуская прапаганда, не знаходзячы, дзякуючы розным, ад бел. грамадзянства незалежным прычынам, адпору зь яго боку, вельмі часта нам шкодзіла, выклікаючы ўражаньне, што беларусы, прыкладам, гэта народ без гісторыі, традыцыяў i г. д. На гэтай аснове стварыліся памысныя варункі да дэнацыяналізацыі беларусаў, асабліва інтэлігенцыі, якая канчала польскія або расейскія школы. Дык-жэ закрананьне гэткіх спраў ніколі ня трэба разглядаць як праяў нац. нясьпеласьці беларусаў, a толькі як жаданьне пашырэньня ў папулярнай форме вынікаў навуковых досьледаў між нашым грамадзянствам.
Некаму магло-б выдавацца дзіўным, чаму беларусы маюць тры назовы, тады, калі нармальна народ «павінен» мець i мае адзін назоў. Вось-жа гэтая думка, што народы ў сваёй гісторыі існавалі толькі пад адным назовам у велізарнай бальшыні выпадкаў зьяўляецца цалком памылковай. Найбольш «гістарычныя» народы мелі і маюць па некалькі назоваў. Возьмем дзеля прыкладу Эўропу. Нямецкі народ, каторага нац. адналітасьць не выклікае ніякага сумлеву, мае аж колькі нац. назоваў. Побач з агульньм назовам «Deutschen» мае ён найвялікшае права на назоў «германцы» а да гэтага на іншыя назовы, як прусакі, баварцы i г.д. Сяньняшнія французы, паўстаўшыя з мешаніны германскіх франкаў і ранейшых галлаў, маюць права на гэты назоў «галлаў» i пачынаюць ад ix сваю гісторыю. Англійцы, апрача гэтага назову, завуцца так-жа раўналежна брытамі. Італьянцы, каторыя паўсталі з мешаніны даўнейшых рымлянаў з германскімі плямёнамі, слушна прэтэндуюць на гэты апошні назоў «рымляне». Бізантыйскія грэкі ў пару існаваньня Бізантыі, ахвотна называлі сябе рымлянамі. Расейцы, перш чымся пачалі гэтак звацца, зваліся маскалямі.
Падобных прыкладаў можна паклікаць яшчэ больш, але i гэтых хопіць, каб праканацца, што народы незаўсёды ў гісторыі выступалі пад адным назовам. Нават можва ісьці далей i цьвердзіць, што чымся багацейшай была гісторыя народу, тым больш ён меў нац. назоваў.
Вяртаючыся да нашых нац. назоваў — крывічы, ліцьвіны, беларусы, выясьнім кораценька значэньне кажнага зь ix. Пачнём ад крывічоў. Пачаткова гэта быў назоў аднаго з пяці беларускіх плямёнаў (апрача крывічоў беларускімі плямёнамі былі дрыгавічы, радзімічы, вяцічы, северане). Крывіцкае племя ў зараньню нашай гісторыі першым увайшло на гістарычную арэну. Яно ўтварыла два самастойныя беларускія гаспадарствы — княствы: Полацкае i Смаленскае ды апрача гэтага — Пскоўскае. Назоў іхні ўсё больш заціраў іншыя пляменныя назовы i станавіўся агульнабеларускім нац. назовам. Пад гэтым імём наш народ быў ведамы i заграніцай дзе, прыкладам у Італіі полац. княжну Прадславу называлі «Regina Crivitiae». Аднак, як агульна-нац. назоў «крывічы» не ўтрымаўся, ён ня быў яшчэ дастаткова ўмацаваўшыся, калі на зьмену яму прыйшоў другі назоў, які стаўся агульна нацыянальным i сьляды каторага мы цяпер знаходзім у нашым народзе. Гэты назоў быў «ліцьвіны». Скуль ён узяўся?
У палове XIII ст. у гісторыі нашага народу адбыліся вельмі важныя палітычныя падзеі. Існаваўшыя да гэтай пары самастойныя беларускія гаспадарствы — княствы пад уплывам вонкавых (пагроза татарскага нападу) i нутраных (супольная рэлігія, культура) прычынаў, пачалі дабравольна аб'еднавацца ў вадным гаспадарстве. Ядром гэтага новага беларускага гаспадарства, атрымаўшага назоў Вялікае Княства Літоўскае было Наваградзкае Княства, паўстаўшае на тэрыторыі, займанай дрыгавічамі. Гэтае гаспадарства пачало адразу называцца «Літоўскім». Гэты назоў меў з пачатку толькі палітычнае значэньне — ліцьвіном называўся толькі той, хто ў гэтым гаспадарстве жыў, быў яго грамадзянінам. Дзеля таго, аднак, што гэтае гаспадарства складалася ад свайто паходжаньня з беларускіх этнографічных земляў (Наваградчына, Меншчына, Горадзеншчына, Ваўкавышчына, Піншчына), да якога толькі пазьней (пры Войшалку) былі далучаны частка Жмудзі i Аўкштота, дык практычна гэты палітычны назоў пакрываўся з нацыянальным бо «палітычным» ліцьвіном быў той-жа дрыгавіч.