Дзеля таго, што Вялікае Княства Літоўскае будавалася на аснове шырокае аўтаноміі, назоў «літоўскі», «ліцьвін», меўшы, як ніяк, палітычны адцень, не прыняўся адразу гэткімі складовымі часткамі яго, як Полаччына, Смаленшчына, хоць у вачох, напрыклад Масквы адна i другая даўно былі «літоўскімі». Толькі паступова назоў, літоўскі стаўся нацыянальным у Полаччыне i Смаленшчыне. Гэтак, вялікі канцлер Леў Сапега, паходзіўшы із Смаленшчыны, называў сябе ўжо «ліцьвіном» ня толькі з гледзішча палітычнага, але i нацыянальнага. У сваёй прадмове да Літ. Статуту 1588 года ён кажа: «А калі якому народу ўстыд правоў сваіх не знаці, дык пагатове нам, каторыя не обчым якім языком i словы, а сваім ўласным правы спісаныя маем». Ведама, што Літоўскі Статут «спісаны» у беларускай мове дык, значьщца, Леў Сапега, як ліцьвін, называў сваёй уласнай, як цяпер кажам, роднай мовай, беларускую мову. Яна сталася неадлучнай часткай паняцьця ліцьвіна як азначэньня нацыянальнасьці. Усе найвыдатнейшыя нашы палітычныя і культурныя дзеячы з пары існаваньня Вялікага Княства Літоўскага называлі сябе «ліцьвінамі» як, прыкладам, Рыгор Хадкевіч, князі Агінскія, Радзівілы, Сапегі, Валовічы і іншыя. Пры гэтым у паняцьце «ліцьвін» укладалі беларускі, як з гледзішча культурнага, так i гістарычна-палітычнага, нацыянальны зьмест. Калі мы сёньня прыраўнаем нацыянальны зьмест, які лучыцца з паняцьцем «беларус» з тым зьместам, які лучылі нашыя продкі з паняцьцем «ліцьвін», як з нацыянальным назонам нашага народу, дык праканаемся, што тут няма абсалютна ніякае розьніцы. Гістарычны ліцьвін i пазьнейшы беларус маюць той самы нацыянальны зьмест.
Назоў «ліцьвін» натолькі пашырыўся як нацыянальны назоў нашага народу, што глыбока закараніўся ў народных гушчах. Гэтак, прыкл., яшчэ сяньня можна спаткацца на Палесьсі і, нават, аж у далёкім Навазыбкаўскім павеце, з гэтым назовам, які ўжываюць мясцовыя беларусы на азначэньне сваей нацыянальнай прыналежнасьці.
Неабходна падчыркнуць, што сяньняшнія этнаграфічныя ліцьвіны не маюць нічога супольвага з гэтым гістарычным назовам.
У часе існаваньня Вял. Кн. Літ. гэты назоў з палітычнага гледзішча абыймаў нейкі час i ix, але нацыянальным назовам iхнім быў «жмудзіны». Гэтага назову яны моцна трымаліся, так што нават навейшы літоўскі адраджэнскі рух даўжэйшы час называўся «жмудзкім». З часам, аднак, жмудзкія гісторыкі, як Басановіч, Давойна-Сыльвэстровіч і іншыя, рэпрэзэнтуючыя жмудзкі імпэрыялізм, захапілі ўсю мінуўшчыну Вялікага Княства Літоўскага. Гэта ім тым лягчэй удалося, што ў той час ня было яшчэ разьвітага бeларускага навуковага руху, які ў галіне гісторыі cтавіў першыя шагі i опэруючы ўжо гатовым назовам «беларусы», вельмі падазрона адносіўся да гэтага свайго старога назову. З часам, аднак, калі дасьледаваньні нашай мінуўшчыны i ў прыватнасьці пары Вялікага Княства Літоўскага былі належна пастаўлены (нашымі дасьледчыкамі праф. М. Любаўскім і M. Доўнар-Запольскім) выяснілася, што тэрмін «літоўскі» наўперад, подле свайго нацыянальнага зьместу, адносіўся да беларусаў. Ён, аднак, не прыняўся беларускім адраджэнскім рухам, галоўна, з прычынаў апартуністычных, каб ня ўводзіць блытаніны ў нацыянальную номэнклятуру беларусаў і новапаўсталых ліцьвіноў (жмудзінаў).
Што датычыць трэцяга нашага назову — беларусы, — які цяпер найбольш пашыраны, дык ім пачалі нас называць у сэнсі агульна-нацыянальным маскоўцы, галоўна ад пары Кацярыны II, за якой усе беларускія землі ўвайшлі ў склад расейскае імпэрыі. Раней маскоўцы звалі нас такжа блізу выключна, «літоўцамі» i толькі адзіночных выпадках «белорусамі», «белорусцамі». Самі сябе беларусы гэтым назовам ніколі не называлі, аж пакуль не пачалося нашае адраджаньне ў XIX стагодзьдзі, якое прыняло гэты назоў. Ён цяпер вельмі пашыраны i зусім выціснуў два старыя нашыя назовы «крывічы» і «ліцьвіны». Нейкі час (прыблізна да 1928 г.) ува Ўсходняй Беларусі пачаў вельмі пашырацца стары назоў «крывічы», аж пакуль новая хваля русыфікацыі, несеная гэтым разам не татарскай, a бальшавіцкай Масквой, пашэрэньня яго не спыніла.