Гэткім парадкам Беларусь абняла, аб'яднала й злучыла, азначыла й адасобніла сваю зямлю, увесь вялізарны край ад Дзьвіны да Нёмана, ад граніц польскага каралеўства да пскоўскіх, ноўгарадзкіх, смаленскіх, дзе ўрэзвалася ў Вялікарасею пад самы Мажайск, а на паўдзён яшчэ далей па рэках, асабліва Дняпры, праз Валынь i Чарнігаўшчыну паступовымі пералівамі зьлівалася з Малой Русьсю (Украінай). І цяпер, уступаючы ў межы гэтага краю, які нядаўна прынята называць, хоць i ня зусім правільна «Паўночна-Заходнім Рускім краем» паміма насьледкаў, выцісьненых на ім рукою апошніх стагодзьдзяў, бачыш, чуеш і адчуваеш усюды, што тут запраўды існуюць нявыдуманыя, або толькі на карце азначаныя географічныя ці гаспадарсьцьвеныя граніцы, а што ўнутры ix ёсьць, запраўды, асаблівасьць, якая навонкі сама сябе азначыла, што тут свой грунт, сваё племя, свой народ, некалі валадаўшы, хоць бы сяньня жывыя асобы яго хаваліся ад вашых вачэй у руінах былога, хоць бы яны з тупымі тварамі й маўклівымі вуснамі, спатыкалі пры сваіх руінах новага гасьця».
Пераходзячы да азначэньня таго вялізарнага культурна-грамадзкага ўплыву на суседзяў, да характэрыстыкі тэй вялікай місіі, якую выканаў у сваёй гісторыі беларускі народ, аўтар кажа так: “Грамадзка-культурны ўздым у Беларусі выдзяліў вялікія сілы, якія далёка пераступілі граніцы беларускага сьвету й разьліліся далёка ўва ўсіх кірунках. Беларускія школы із сваёй навукай папярэдзілі i з гэтага гледзішча Малую Расею (Украіну), шмат y чым перадалі ёй свой тып, a тым болей цалком перанясьліся ў Маскоўскае гаспадарства ўжо да канца XVII ст. Беларускі літаратурны язык пад гэтым самым іменем хоць і незаўсёды з азнакамі чыста беларускімі, а часта з польскімі, лацінскімі й іншымі чужаземнымі, стаўся пануючым для ўсёй Заходняй Русі, не выключаючы Малой (Украіны), увайшоў уплывовым інгрыдыентам y літаратуру расейскую. Тымі-ж шляхамі беларуская вымова асабліва сваім аканьнем (вымова а дзе о без націску) перарадзіла, пачынаючы ад паловы XVII ст., цэнтральны маскоўскі язык i сталася сяньня адрозьніваючай прыкметай апошняга. Навука, хоць збудаваная на асновах сярэднявечнаe схолястыкі, але з ненаторай дозай рэфарматарскага адраджэньня, ахапіла ўсе галіны веды, ад граматыкі да тэорыі музыкі, пяяньня, да багаслоўскага катэхізму й полемічнага багаслоўя — ўсё гэта старэйшае ў краі, як дзе колечы ў іншай Русі.
Перадавыя беларускія сілы, зноў жа к ix чэсьці, кіруючыся старымі нормамі свайго жыцьця, ня выключылі й ня зьнішчылі поступаў іншых нацыянальнасьцяў, жыўшых у іхнім краю, хоць апошнія часта былі іхнімі ворагамі.
Край пры ўсіх разбурэньнях нават да апошняга часу свайго самастойнага йснаваньня выстаўляў на кожныя 25 кв. вёрст прынамся адну вялікую бібліятэку, апрача малых. Пэрыёд ад XVI да канца XVIII ст. трэба назвацьасьветным у сэнсі школы, навукі,літаратуры, бібліятэкаў, друкарняў і іншых сродкаў шырэньня веды.
Але асаблівы блеск i славу яму прынесьлі тыя сілы, каторыя выліваліся за межы краю. Гэта была маса пераважна з беларусаў, кончыўшая дома, а часам за граніцай дасканальную на тыя часы школу, якая з прычыны нездаваленьня нутраным палажэньнем краю, заблытанай няскладнасьцю свайго гаспадарства, выяжджала за межы. Злучыўшыся ў адну шматлікую, стагодзьдзі трываўшую колёнізацыю, шарэгі калёнізатараў накіраваліся туды, дзе бачылі ніжэйшы стан асьветы й куды спадзяваліся
Прынесьці з сабой суму рэформаў, а з гэтым, зразумела, знайсьці сабе спакойны прыпынак, пашану й добрыя матар'яльныя сродкі для жыцьця. Мы не ацэньваем тут ані крысьцяў гэтых рэформаў, зразумела шмат у чым не вытрымоўваўшых крытыкі, ні маральнай стараны гэтай дзейнасьці, ні зразумелага няведаньня тых краёў, куды накіраваліся колёнізатары й культурныя дзеячы, каторыя прадстаўляліся ім грубым i сырым матар'ялам. Мы бяром пад увагу толькі трывалыя рэзультаты гэтай дзейнасьці, а кажны ведае як спорнымі, сільнымі й уплывовымі яны былі напр. у Вялікарасеі, а асабліва ў Маскве. Прыбышы занялі тут самыя важныя, уплывовыя становішчы, ад сьвяшчэньнікаў да кіраўнікоў кансысторыяў, імі-ж уладжаных, ад узгадавальнікаў царскай сям'і да настаяцеляў манастыроў, да рэктараў, прэфэктаў i настаўнікаў імі-ж утвораных школаў, да габінэтных вучоных, кіраўнікоў канцылярыяў, дзякоў, сакратароў. Усё было паддадзена іхнім рэформам: багаслоўская навука, карэкта сьвятога й багаслужэбнага тэксту, друкарства, справы расколу, царкоўная адміністрацыя, казаньні, царкоўнае, публічнае й хатняе пяяньне, ноты, вонкавасьць архірэйскіх дамоў, ix прыватнае жыцьцё, павозкі, вупраж (цугам, у шорах, з пугай, у трывуголках), вопратка прыслужнікаў, род i нутраны парадак школаў, прадметы й спосабы навукі, утрыманьне бібліятэкаў, правапіс, вымова вусная i ў чытаньні (царкоўнае мяккае г заместа цьвёрдага) публічныя гульні й відовішчы й г. д. й г. д. Колькі б ня прынясла гэта культурная сіла карысьці, ці шкоды іншым краям, собскі беларускі край яна пакрыла славай, але ў такой жа ступені падарвала яго самастойнасьць, забрала яму найлепшых прадстаўнікоў: гэта была сіла, што ня ймкнулася да цэнтру, а аддалялася ад яго, бо эмігранты ўжо не вярталіся на бацькаўшчыну. Заблытаўшыся на чужыне ў гаспадарсьцьвеныя й палітычныя справы, мала ім знаныя, не атрымаўшы й дома дастатковага палітычнага такту, яны гінулі бясьследна для сваёй бацькаўшчыны, ня маючы магчымасьці пры ўсім сваім жаданьні памагчы ёй здалёк. Так у канцы бывае з усімі эмігрантамі. Пётра Вялікі палажыў усяму гэтаму канец, сягнуўшы сваёй рукой проста з Расеі на Захад, мінуючы ўсякае беларускае пасярэдніцтва».