Выбрать главу

Так ацэньвае нашу мінуўшчыну, тую вялізарную культурную ролю, якую адыйгралі нашы продкі на Ўсходзе Эўропы чужнік-расеец. Калі-б гэтак напісаў беларус, дык шмат хто падумаў бы, што ён пяе беспадстаўны панэгірык свайму народу, затое што сам беларус. Але чуючы чужы голас, трэба зірнуць на гэту справу накш. Мы пракананы, што з разьвіцьцём беларускай навукі, хутка шырокія колы беларускае грамадзкасьці даведаюцца вялікай праўды аб сабе. Гэта нязвычайна падыме іхнюю нацыянальную гордасьць i пэўнасьць сябе. Пакуль што гэткай веды аб сабе мы ня маем. Скромнымі толькі сродкамі ў нячутна цяжкіх абставінах мы яе пашыраем.

Чаму беларускія шырокія гушчы ня ведаюць, а вярней забыліся аб сваёй вялікай мінуўшчыне, нa гэта дае таксама адказ чужынец, вялікі расейскі рэвалюцыянэр А. Герцэн. Убачыўшы абраз Адама Міцкевіча «Беларускі нявольнік» Герцэн пісаў так: «Беларускі мужык, бяз шапні, звар'яцеўшы ад страху, нэндзы й цяжной работы, рукі на паясе, стаіць сярод поля й нейк коса й безнадзейна глядзіць уніз. Дзесяць пакаленьняў, замучаных паншчынай, стварылі такога парыя, яго чэрап звузіўся, яго рост змалеў, яго твар ад дзяцінства пакрываецца рубцамі, яго рот сударгава скрыўлены, ён адвык ад слова».

Гэта правільна. Пасьля страты сваей незалежнасьці, дзесяць пакаленьняў жыло ў няволі й яна пакінула ў нас так цяжкія насьледкі. Вось-жа каб мы ня зьгінулі, каб раз назаўсёды затрымаць гэты нявольніцкі бег нашага жыцьця, цяпер якраз найвышэйшая пара, каб кажны з нас з карэньнем вырваў-бы із сваёй душы тыя праклятыя насьледкі, што пакінула гэтак доўгае рабства. Тады мы йзноў станемся народам, якім былі калісь, над якім ужо ня будуць зьдзекавацца розныя прыгоньнікі, a які далей пойдзе із сваёй вялікай культурнай місіяй, як ішоў калісь. А шта мы, запраўды, умелі выканаць гэтую місію, дык найлепшым свядоцтвам гэтага ёсьць ня наша собская самахвальства, як гэта часта здараецца ў іншых, a нязьлічоныя сьвядоцтвы самых чужынцаў, сярод якіх мы нясьлі некалі духовае сьвятло й адзін з галасоў каторых мы тут падалі да агульнага ведама.

Копныя суды ў Беларусі

Старадаўнае беларускае права пераказала нам шмат сваіх установаў, што згулялі ў праўным жыцьці беларускага народу вялікую ролю. Аднэй з гэтакіх установаў былі копныя або грамадзкія суды.

Гэта цікавая судовая ўстанова яшчэ дагэтуль не дачакалася свайго дасьледаваньня, хоць ужо ёсьць шмат датычучых яе матар'ялаў, каторыя дазваляюць ня толькі рэстаўраваць гэту інстытуцыю нават у яе дэталях, але i выясьніць яе паходжаньне. Абзнаямленьне з копнымі судамі мае важнае значэньне ня толькі гістарычнае, але й практычнае, гэта з наступных прычынаў.

1) Пазнаньне характару нашае сучаснае культуры немагчыма без пазнаньня яе гісторыі, а гэта дзеля таго, што культурны прогрэс ня ведае раптоўных пераскокаў, a толькі шлях памальнае эволюцыі. Дзеля таго выясненьне характару беларускае культуры ў мінуўшчыні яе складовых часьцяў і дзейнікаў, што выклікалі яе разьвіцьцё ці заняпад, ёсьць пытаньнем першараднае вагі. Копныя суды зьяўляюцца адным з найяскравейшых довадаў творчае здольнасьці беларускага народу ў будаўніцтве собскае культуры i яе жывучасьці. Як пабачым ніжэй, копныя суды былі пашыраныя толькі ў этнаграфічнай Беларусі i дзеля іх паходжаньня й структуры прадстаўлялі зьявішча ў беларускай культуры тыпова caмароднае.

2) Копныя суды былі ў поўным сэнсе гэтага слова судамі народнымі. Мы ведаем, што шмат якія грамадзкія ці палітычныя арганізацыі цяпер у праграмах сваіх зьмяшчаюць параграфы аб народных судох, дасягненьне якіх уважаюць за адзін са сваіх пастулятаў. Не ўваходзячы ў ацэнку сэнсу гэтага імкненьня, трэба сьцьвярдзіць, што а ні цяперашняя практыка, a ні тэорыя не даюць нават прыблізна абраза гэтых «народных» судоў. Копныя суды як суды тыпова народныя з гэтага гледзішча прадстаўляюць вялікую цікаўнасьць.