«Руская Праўда», як памятка пісанага ўкраінскага права, магла быць выкарыстана пры ўкладаньню беларускага пісанага права як прыкладам Літоўскага Статуту, але ніколі не магла выклікаць глыбейшых зьменаў, у разьвіцьці беларускага звычаёвага права, уся моц каторага з натуры самога паняцьця звычаю, фундавалася на собскай традыцыі. З разгледжаных прычынаў тэорыя наладжаньня копных судоў ад даўнейшых народных судоў «Рускае Праўды» павінна быць адкінена.
Тэорыя, што шукае пачаткаў копных судоў у старадаўным беларускім вечу, мае глыбокія навуковыя асновы i выясьняе добра ня толькі сам працэс хвармаваньня копных судоў, але ў ix юрыдычную канструкцыю. Гэтая тэорыя дае нам вычэрпуючы адказ на пытаньне, якім спосабам, шляхам якога працэсу ладная частка судовае ўлады засталася пры тых народных зборках, якімі былі копныя суды, што існавалі да другой паловы XVIII ст. Над разглядам гэтага пытаньня мы ў першую чаргу й спынімся.
Як ведама з гісторыі, найдаўнейшай грамадзкай хвормай беларускага народнага жыцьця было веча, каторае на пачатку свайго існаваньня мела ўсю паўніню ўлады, г. зн. ужываючы цяперашнія тэрміны, — уладу правадаўчую, спаўняючую й судовую. У шматвяковым працэсе барацьбы князёў з вечам, першыя паступова адваявалі сабе ад веча ўладу спаўняючую, правадаўчую й судовую ў найважнейшых справах, датычучых інтарэсаў гаспадарства або князя. На працягу гэтае барацьбы паступова компэтэнцыя веча зьмяншалася, але ня зьнікала. З тэй-жа часінай, калі ў руках яго засталася толькі судовая улада, абмежаваная вылучна да рэгуляваньня паўставалых у штодзённым жыцьці між асобнымі адзінкамі канфліктау, — веча ня толькі перастала быць небясьпечным i шкодным для ўлады князя, але наадварот, сталася для яе вельмі пажаданай i карыснай установай. У гэтай хворме, народныя зборкі, пазбаўленыя палітычных тэндэнцыяў даўнейшага веча, зрабіліся адным з найвялікшых дзейнікаў, у сэнсе ўзмацненьня i падтрыманьня маральных асноваў у народзе.
Гэтыя народныя зборкі сталіся запраўдным «хуткім, справядлівым і сьвятым» народным судам. Ясна, што ў інтарэсах князёў не ляжала барацьба з гэтымі народнымі зборкамі (ці інакш копнымі судамі) але ўсебаковае ix падтрыманьне. I дзеля таго, дзякуючы свайму вялікаму моральнаму аўтарытэту з аднаго боку i падтрыманьню князёў з другога — копныя суды хутка перакінуліся з местаў, дзе яны перш за ўсё паўсталі (бо у местах было веча), на сяло i ахапілі сваёй дзейнасьцю ўсю этнографічную Беларусь. Заслугуе на ўвагу факт нязвычайнае сілы й жывучасьці беларускага старадаўнага веча, каторае не загінула бязсьледна як у іншых народаў, а ў першую чаргу ў нашых суседзяў, але перарадзілася ў установу, што згуляла вялізарную ролю i пры гэтым пазытыўную ў культурным жыцьці беларускага народу, сходзячы канчальна з гістарычнае сцэны толькі ў другой палове XVIII стагодзьдзя. На карысьць тэорыі паходжаньня копных судоў ад веча прамаўляе яшчэ пасярэдне наступны аргумэнт. Як пабачым ніжэй, копныя суды, хоць i былі, з гледзішча ix складу, інстытуцыяй усестановай, аднак, дзякуючы сваёй лічбавой перавазе, рашаючае значэньне ў ix мелі ў мястох — мяшчане, на вёсках — сяляне.
Гісторыя-ж нас вуча, што эволюцыя праўнага становішча ніжэйшых станаў ішла ў кірунку абмяжаваньня ix правоў, а не пашыраньня. Дзеля гэтага з цэлай пэўнасьцю можна казаць, што копныя суды ня былі ўстановай ad hoc створанай і накіненай ніжэйшым станам, установай, каторая ладне пашырала ix правы. Копныя суды былі бязумоўна раней установаю шмат шыршаю, пазьней-жа ix компэтэнцыя звузілася на карысьць князя i вышшых клясаў.
Па гэтых уступных увагах пярэйдзем да разгляду конструкцыі копнага суду i яго судаводзтва.