Выбрать главу

1) рознага роду кражы, як коні, статку, рознае маёмасьці, рознага збожжа, у цэрквах з узломам ix, у млыне, катлоў на броварах, схаванае ў зямлі маёмасьці, 2) забіўствы, 3) патрава (іспаш), 4) чараўніцтва, 5) падраньне пчолаў, 6) падпалы, 7) разбойства, 8) пабіцьцё, 9) пагранічныя спрэчкі i г. д. Словам, запраўды компэтэнцыя копных судоў была ў справах каральных шмат шырэйшай, чымся тая, аб якой кажа апошні Статут з 1588 г. Толераваньне пісаным беларусам правам гэтакае шырокае компэтэнцыі капы аб'ясьняецца тым, што ўсе тры Статуты зусім ня мелі наўвеце абмежыць компэтэнцыі капы, a толькі ўрэгуляваць дзейнасьць у тых каральных справах, якія вельмі часта здараліся, або ў тых, у выкрыцьці каторых часова ня было беспасярэдне зацікаўленае асобы ў дадзеным копным раёне, як прыкладам у прыпадку забіўства беспляменнага чалавека. Пазнаёміўшыся ў кароткіх начырках з конструкцыяй копнага суду, пярэйдзем да разгляду копнага судаводзтва, спыняючыся на найважнейшых i найхарактарнейшых яго мамэнтах.

Вышэй было зацемлена, што капа была ўстановай звычаёвага права i мела пад сабой стагодзьдзямі выраблены грунт. Апіраючыся на гэтым копным праве звычаёвым, скліканая капа й прыступала да свае дзейнасьці. Як было зацемлена вышэй, капа старалася кожную справу скончыць у тры зборкі. Першая зборка або гарачая капа складалася толькі з найбліжшых суседзяў пакрыўджанага i склікалася ім у тым прыпадку, калі «шкоднік» пакінуў за сабой сьвежыя сьляды (прыкладам сьляды ног босых, абутых у лапці ці боты, сьляды жывёлы, колаў i г. д.), па якіх можна было за ім гнацца.

Калі пакінены праступнікам сьлед прыводзіў капу да якогась сяла або двору, капа выклікала яго жыхараў і дамагалася адводу сьледу, г. зн. доваду, што сьлед не канчаецца ў дадзеным селішчу, а йдзе далей. Калі капа пераконавалася ў праўдзівасьці гэткага доваду, дык вяла сьлед далей. Там, дзе сьледу не маглі або не хацелі адвесьці, капа рабіла свой прысуд, што тыя, каторыя не адвялі сьледу, павінны былі самі лічыцца за шкоднікаў i адказаваць, калі ня знайдуць між сабой праступніка. Звычайна праступнік борзда знаходзіўся i тады павінен ён быў адказаваць перад капой.