Выбрать главу

Досьледы над Л. Статутам з пункту гледжаньня юрыдачнага скрысталізуюць нам выразьней праўныя паняцьці, характар праваадносін і асаблівасьці даўнейшага судаўніцтва на Беларусі. Выходзячы-ж з тэзы, што права зьяўляецца праявам агульнае псыхікі народу, разультаты гэтых досьледаў памогуць нам высьветліць гэтую псыхіку, пазнаньне якой кіне ўжо сьвятло на іншыя галіны навуковых шуканьняў i паможа нам няраз дасканальна зарыентавацца ў цёмных мейсцах нашае гісторыі.

Вывучэньне Л. Статуту з філёлёгічнага пункту гледжаньня паможа нам сконструяваць абраз разьвіцьця нашае мовы i пазнаць яе асаблівасьці. Досьледы-ж над Л. Статутам з гэтых пунктаў гледжаньня, ведзяныя ў шырэйшым маштабе — на фоне параўнаньня яго з юрыдычнымі памятнікамі іншых народаў, дазволяць нам выкрыць узаемныя ix на сябе ўплывы з аднаго боку, а з другога — дадуць магчымасьць аддзяліць самастойную частку Л. Статуту, выкрыцьцё якой прычыніцца да сконстатаваньня самабытнасьці нашай культуры, — факту, які для нас зьяўляецца ясным i, які аднак-жа вельмі часта квэстыёнуецца чужынцамі, што дае ім магчымасьць пытацца нас аб нашым гістарычным пашпарце. Рэч зусім ясная, што ў сям'і цывілізаваных народаў бяз гэтага пашпарту амаль немагчыма дабіцца раўнапраўнасьці. Вось-жа досьледы над памятнікамі нашае мінуўшчыны, сконцэнтраваныя каля асноўнае тэзы самастойнасьці нашае культуры — бяз сумліву дазволяць нам упісаць у нашу гістарычную легітымацыю ясна i выразна ня толькі нашае імя і прозьвішча, але хто мы i скуль паходзім. І Літоўскі Статут акажа тут неацэненыя ўслугі. Трэба толькі веды i добрае волі. З тэй-жа хвілінай, калі гэтая тэза будзе так яснай, што нават у вачох яе праціўнікаў, усялякія закіды проці яе будуць прадстаўляцца парадаксальнымі — беларускі юрыст, гісторык i філёлёг могуць лічыць сваё заданьне за больш менш споўненае.

Беларусы і суседзі

Была пара, калі гэтыя суседзі у прыраўнаньні з нашым народам былі слабыя i не маглі перашкодзіць разьвіцьцю нашага народу i будаваньню ягонае дзяржаўнасьці. I таму, калі Масква i Польшча выйшлі на шырокую гістарычную арэну, беларускі народ меў ужо сваю вялікую i моцную дзяржаву і мог весьці ня толькі памысную абарону, але i прадпрыймаць войны з мэтай задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў у сваім гаспадарсьцьве. У гэтым часе дачыненьні з Масквой i Польшчай з юрыдычнага глeдзішча складаліся нармальна. Ня было мовы аб іхных «правох» на беларускай зямлі.

А часам гэтыя суседзі самі шукалі дапамогі i знаходзіліся ў фактычнай апецы беларускага гаспадарства.

Дзякуючы, аднак, шэрагу гістарычных памылак, якія не дазволілі нам сваечасна зразумець, што на ўсходзе і захадзе растуць заўзятыя ворагі беларускага народу i ягонае свободы, ужо ад паловы XV стагодзьдзя мы бачылі вялікія зьмены ў нашых дачыненьнях з гэтымі суседзямі, а наўперад з Масквой. Узмацаваўшыся, яны пачынаюць свой наступ на Беларусь. Маскоўскі князь Іван III ужо афіцыйна выражае свае прэтэнзіі на беларускія землі і імкнецца ў вельмі прымітыўны спосаб ix абгрунтаваць. Галоўным яго аргумэнтам было супольнасьць веры ў беларусаў i маскалёў. Прэтэнзіі Масквы, якія падтрымоўваліся наступнікамі Івана, былі прычынаю доўгае i ўпорыстае барацьбы Беларусі з гэтым ворагам, якая цягнулася стагодзьдзі. Яе імкнуцца выкарыстаць палякі, каб шляхам умоваў, г.зв. «вуніяў» асягнуць уключэньня беларускага гаспадарства ў склад польскае Рэчыпаспалітае. Шляхам выкрутнае сафістыкі i сьведамага перакручваньня зьместу i сэнсу гэтых умоваў, яны хацелі вывесьці свае «права» на Беларусь. У васнове, аднак, i іхных прэтэнзіяў ляжыць толькі захопніцтва. Вуніі не даюць ім ніякага права. Нават апошняя з ix, Люблінская 1569 г., хоць i ўводзіла незначныя зьмены ў нас i тварыла супольную Рэчпаспалітую, але не падпарадкоўвала Беларусь Польшчы, бо ў сваёй істоце яна была умовай роўных з роўнымі. Дарэмна прадстаўнікі маскоўскае i польскае дзяржаўнасьці, ня грэбуючы сродкамі, імкнуліся знайсьці хоць для вока нейкае «права» на нас. Усе іхныя меркаваньні на гэтую тэму пацьвярджалі толькі іхны імпэрыялізм. Мінуўшчына Беларусі ня можа быць для ix крыніцай ніякага права. Наадварот, яна паказвае, што беларускі народ, нават у найцяжэйшыя хвіліны, умеў змагацца супроць маскоўскага і польскага захопніка i бараніць свае правы да свабоднага жыцьця.