У гэткай ролі яны i выступілі ў дачыненьні да Беларусі пасьля Першага Усебеларускага Кангрэсу ў 1918 г., калі было пераканальна, што беларускі народ ня хоча быць аб'ектам іхных крывавых апэрацыяў і адкідае іхную няпрошаную апеку. Акупаваўшы Беларусь, бальшавіцкая Масква, ня пытаючы волі беларускага народу, прарабляе над ім розныя палітычныя экспэрымэнты, раздае ягоную тэрыторыю каму хоча, паклікае адзін за другім розныя палітычныя наватворы, якія маюць «задаволіць» дзяржаўныя імкненьні беларускага народу. Усе гэтыя палітычныя крокі бальшавіцкае Масквы накіраваныя на адну мэту: разьдзяліць і аслабіць беларускі народ, каб як найхутчэй вычыркнуць яго з лічбы жывых народаў. Гэткім чынам яшчэ да агульна ведамага Рыскага Трактату аб падзеле Беларусі з 18.1.1921 году бальшавікі заключылі шэраг умоваў i выдалі шэраг пастаноў, сутнасьць якіх палягала на падзеле Беларусі.
Мы ня маем патрэбы спэцыяльна займацца ані гэтымі дагаворамі, ані пастановамі савецкага ўраду, зробленымі бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу i cyпроць ягонае волі. Гэтыя пастановы i дагаворы былі пазьней ануляваныя, або зьмененыя тым-жа бальшавіцкім урадам. Мы толькі хочам падчыркнуць ix антыбеларускі характар i тую лёгкасьць, з якой бальшавікі распараджаліся беларускай тэрыторыяй i лёсам беларускага народу. Мы хочам толькі адцеміць, што ніводзін з гэтых дакумэнтаў ня ішоў на спатканьне беларусам, а заўсёды быў накіраваны супроць ix. Але найвялікшым злачынствам бальшавіцкае Масквы ў дачыненьні да Беларусі, аб свабодзе якой яна так дзёрла горла, быў г. зв. Рыскі Трактат з 18. 1. 1921 г. аб падзеле Беларусі паміж Масквой i Польшчай.
Тут трэба адцеміць, што ў дачыненьні да Беларусі бальшавіцкая Масква заўсёды дзеіла ў згодзе з Польшчай. Каб паняволіць беларускі народ, ня даць нашаму селяніну належнае яму зямлі, а нашаму работніку фабрыкаў і абярнуць аднаго i другога ў вечных нявольнікаў, бальшавіцкі, маскоўскі пpалетар працягнуў руку польскаму пану, запрашаючы яго да супольных крывавых нарадаў аб тым, як найлепш i найхутчэй зьнішчыць беларускі народ. Гэтым маскоўскі пралетар аказаўся блізшым польскаму пану, чымся беднаму беларускаму селяніну i paботніку, і гэта толькі таму, што беларускі селянін і работнік адважыліся загаварыць аб собскай свабодзе. Сяньня вядомы ўвесь цынізм гэтых народаў, у выніку якіх наступіў падзел Беларусі на Усходнюю i Заходнюю. Так прыкладам прадстаўнік Польшчы Домбскі адмовіўся ад далучэньня да Польшчы Менску, які суліў яму Ёффе, прадстаўнік маскоўскага пралетарыяту. Адмовіўся даслоўна таму, што гэта было-б лішне вялікай «беларускай скулай» на «польскім целе», інакш кажучы, палякі не спадзяваліся яго стравіць. Ёффе згадзіўся з гэтым, ведаючы згары, што ў СССР ёсьць досыць месца, а ГПУ ёсьць лішне моцнай установай, каб беларускае жыхарства Менску, што ў гады рэвалюцыі так актыўна змагалася за беларускую справу, расьцярушыць i загубіць. З гэтага мы бачым усю пэрфідыю, усе тыя нікчэмныя пабуды, якія тады кіравалі маскоўскага пралетара i польскага пана.
Абодвым ішло аб вышуканьне найлепшых i найпэўнейшых сродкаў зьнішчэньня беларускае нацыі.
Беларускі народ пратэставаў супроць гэтае ўмовы i ніколі яе ня прызнаваў. Усе пазьнейшыя падзеі на Беларусі былі адным вялікім, народным пратэстам супроць гэтага гвалту. Бальшавікі i палякі хутка пераканаліся, што самы падзел Беларусі, зроблены ў Рызе, яшчэ ня можа зьнішчыць беларускага народу, што патрэбныя іншыя, яшчэ больш гвалтоўныя мерапрыемствы. Тады між Масквой i Польшчай наступае ціхае паразумленьне, што да правядзеньня гэтых мерапрыемстваў. Pаспачынаецца амаль адначасна так у Усходняй, як i Заходняй Беларусі плянавае нішчэньне беларускае інтэлігэнцыі: у Польшчы пад закідам камунізму, а ў саветах — фашызму.
Мы ня хочам праз гэта сказаць, што маскоўскі пралетар ня быў ворагам панскае Польшчы. Як расеец, як захопнік, ён, зразумела быў ворагам усякае Польшчы, калі яна ня будзе бальшавіцкай, падпарадкаванай Маскве. Але нас гэты бок справы ня цікавіць. Нам важна ведаць толькі тое, што ў дачыненьні да Беларусі Масква i Польшча мелі тыя самыя мэты i тасавалі прыблізна тую самую тактыку нішчэньня, толькі, зразумела, у бальшавікоў яна выглядала куды жудасьней i таму мы бачым тут такое вялізарнае cпyсташэньне ў радох беларускае інтэлігэнцыі, сялянства і работніцтва.