Яны маюць вярнуцца да Літвы i тады пачнецца іхняе адбеларушчаньне. Таму літоўцы не ўважаюць патрэбным дэкляраваць нейкую аўтаномію для земляў з каталіцкім беларускім насельніцтвам. Проста пачалася-б рэвіндыкацыя ўкрадзеных душ, як яна адбываецца ў іншых краінах. I хоць гэты аргумант у новай форме ёсьці куды скрамнейшы ад папярэдняга, аднак i ён ня можа ўтрымацца ў сьвятле дасюлешніх навуковых дадзеных. Бо калі хоць на хвіліну пагадзіцца з літоўскім поглядам, што беларусы толькі былі праваслаўнымі, тады трэба раз назаўсёды адкінуць літоўскія пратэнсыі да Горадні і Вільні, бо гэтыя гарады заложаны праваслаўнымі беларусамі.
Што да Горадні, дык апошнія раскопкі Едкоўскага ўстанавілі, што Горадня была «рускім» (беларускім) горадам ад свайго пачатку i што ўжо ў XII ст. тут былі праваслаўныя мураваныя цэрквы! Дапушчэньне праф. Г. Лаўмянскага, быццам Горадня была спачатку літоўскім аселішчам i толькі ў XV ст. сталася горадам, аказалася ні на чым не апёртай байкай. Няма ніякіх дадзеных, каторыя пацьвярджалі-б «літоўскі» (летуўскі) пачатак Горадні.
Што да Вільні, дык тут на карысьць беларусаў прамаўляюць ня толькі архэалягічныя дадзеныя, але i пісьменныя дакуманты. «Крывы горад», дзе вядуцца раскопкі, як і назовы гары, дзе ён быў («Лысая», «Крывая», пакуль яе не замянілі на «гapy Бэкеша») сьведчаць цалком ясна, што тут ад пачатку было славянскае крывіцкае аселішча, што ёсьць згодным з весткай Васкрэсенскага летапісу аб Вільні. Незалежна ад гэтага там, дзе цяпер ёсьць Бакшта, быў другі «рускі» (беларускі) умацаваны горад. A калі зьвярнуцца да пісьменных дакумантаў аб Вільні, дык адразу робіцца ясным, што найстарэйшая частка Вільні, яе «сэрца» была «рускай» (беларускай) i праваслаўнай. Гэтае «сэрца» Вільні знаходзілася ў абрубе даўнейшых віленскіх муроў, якія паводля М. Лаўмянскай («Вільно пшэд наяздэм москевскім 1655 р.») пачыналіся ад цяперашняй Катэдральнай званіцы i ішлі вуліцай Боніфратэрскай, Людвісарскай да Віленскай, потым між Пазнанскай i Жэлігоўскага і, не даходзячы да Завальнай, беглі ўздоўж яе да Конскай, потым па Базыльянскай да Субача, скуль да мосту праз Віленку пры Мэтрапалітальнай царкве; з гэтуль ішлі ўздоўж Віленкі да мосту пры Бэрнардынскім касьцёле, дзе і канчаліся, бо далей места забясьпячала Віленка аж да замку. У гэтай «рускай» частцы Вільні было 10 цэркваў, з якіх бальшыня зьявілася надоўга перад касьцёламі. Тут канцэнтравалася ўсё жыцьцё гораду. Найдаўнейшыя касьцёлы былі тут збудаваны толькі ў канцы XIV ст. (Катэдра i Сьв. Мікалая, які абслугоўваў каталіцкіх «гасьцей» (купцоў), пераважна немцаў). Назовы брамаў у мурох — Субача, Вострая, Спаская, Рудніцкая (ад слова «Руднікі»), Татарская, Вялейская, Бэрнардынская i Магдалены (дзьве апошнія выступаюць пазьней), як i вуліц з «завулкамі» (Вялікая, Замковая, Зарэчная, Савіча (сяньня Бакшта), Спаская (сяньня Міласэрная), Рудніцкая, Конская, Філіпаўская (сяньня Гаона), Прачысьценская (сяньня Мэтрапалітальная), Цялячча (сяньня Людвісарская), Скапоўка (ад слова «капа», «скапіцца», што азначала месца, дзе зьбіраўся копны суд, а не ад нейкага баламутнага «смока», як выводзе Клос у сваім правадніку па Вільні, бо ў беларускіх местах да ўвядзеньня майтборскага права судоўніцтва знаходзілася ў руках г. зв. конных судоў) і іншыя — гавораць самі за сябе. Нічога «летуўскага» тут знайсьці немагчыма. Гэтак выглядае справа Горадні і Вільні, нават калі пагадзіцца з цяперашнім літоўскім пунктам гледжаньня аб літоўскім паходжаньні беларусаў-каталікоў.
Але літоўскае гледзішча ёсьць памылковым з іншых прычынаў. Наўперад трэба адкінуць думку аб масавай беларусізацыі літоўцаў на працягу гісторыі. Калі частка літоўцаў i зьбеларушчылася, дык, адносна, вельмі малая i то там, дзе літоўцы жылі зьмяшаныя з беларусамі. Раскопкі ведзеныя ў Дзісеншчыне, Пастаўшчыне, Вільні i Горадні даказалі ўсюды наяўнасьць славянскага (крывіцкага) насельніцтва на мясцох раскопак ад найранейшай пары гісторыі. Гэткім парадкам зьбіваецца пагляд, быццам этнаграфічная літоўская мяжа даўней праходзіла значна больш на поўдзень (Паставы — Маладэчна — Ваўкавыск – Слонім, да якой мяжы больш менш даходзіла беларускае насельніцтва паводля праф. Г. Лаўмянскага, а за якой на поўнач ляжалі або абшары заселеныя літоўцамі, або пустыя). Магчыма, што далейшыя раскопкі выявяць наяўнасьць крывічоў далей на паўночны захад ад Вільні, Горадні, Пастаўшчыны i Дзісеншчыны і зблізяць этнаграфічную мяжу між беларусамі i літоўцамі, існаваўшую ў мінуўшчыне, да сучаснай. Як-бы там ня было, трэба думаць, што ў некаторых мясцох уздоўж сучаснай этнаграфічнай беларуска-літоўскай мяжы ляжалі, як дапускае Г. Лаўмянскі незаселеныя пушчы. З цягам часу гэтыя пушчы калянізаваліся з абодвух бакоў — літоўскага i беларускага. Паўставалі мяшаныя абшары. Ня былі яны аднак гэткімі шырокімі, як думае Лаўмянскі, бо вузкасьць ix пацьвярджаюць раскопкі. Толькі на гэтых мяшаных абшарах літоўскае насельніцтва беларушчылася, бо было слабейшым ад беларускага лічбова, ня кажучы ўжо аб нізшасьці культурнай i палітычнай. Гэткім парадкам у сьвятле навейшых навуковых дадзеных выключаецца магчымасьць беларушчаньня ў мінуўшчыне суцэльных этнаграфічна літоўскіх абшараў. Там дзе літоўцы зьбеларушчыліся, яны напэўна былі мяншынёю ў параўнаньні з беларусамі. Ужо гэта выключае магчымасьць залічаньня абшараў заселеных цяпер беларусамі-каталікамі да некалішніх этнаграфічна літоўскіх, а самых беларусаў-каталікоў лічыць зьбеларушчанымі літоўцамі.