Выбрать главу

Але калі прасачыць гісторыю пашырэньня ў Беларусі каталіцтва, дык i тады будзе ясным, што каталіцтва прыймалі i праваслаўныя беларусы, а ў XVII ст. нават масава. На прыкладах беларускіх магнатаў і баярства гэта выступае з асаблівай яснасьцю. А магнаты i баяры, перайшоўшыя з праваслаўя ў каталіцтва, заводзілі апошняе ў сваіх вялікіх земляўладаньнях з беларускім насельніцтвам. У канцы зусім ня выключана, а нават i пацьвярджаецца жароламі, што і ў 1387 годзе, калі быў каталіцкі хрост літоўцаў, мноства праваслаўных, а значыцца беларусаў, такжа перахрысьцілася ў каталіцтва. Гэткім парадкам каталіцтва пашыралася ў нас адразу ня толькі між літоўцаў, але i беларусаў. Шляхі пашырэньня каталіцтва на землях б. Вялікага Княства Літоўскага, прычыны гэтага зьявішча i ягоны абсяг зусім не прадстаўляюцца гэтак проста, як думаюць літоўцы, i таму залічваньне ўсіх беларусаў каталікоў да літоўцаў з паходжаньня ёсьць абсалютна безасноўным. І як ня можа апраўдаць літоўскіх пратэнсыяў да беларускіх земляў першая адмена гістарычнага аргуманту, гэтак сама ня можа ix апраўдаць i другая, толькі што разгледжаная.

Гэтак прадстаўляецца збольшага літоўская аргумантацыя. Трэба сказаць, што літоўскую старану ўвяло ў абмылку не ў малой ступені імкненьне мерыць «літоўскасьць» Вялікага Княства Літоўскага сучасным сэнсам гэтага слова. А тымчасам гэтыя два паняцьці літоўскасьці (даўней i цяпер) зьяўляюцца проста нясумернымі. Таму меў поўную рацыю прафесар Конэчны, калі прапанаваў назваці тое, што было зроблена этнаграфічнымі жамойцамі (цяперашнімі «літоўцамі») у мінуўшчыне, «летуўскім», а не літоўскім! Толькі пры гэткім размяжаваньні гэтых тэрмінаў гісторыя «Летувы» атрымае правільнае асьвятленьне, якое выключыць i «гістарычнае» абасноўваньне літоўскіх пратэнсыяў да беларускіх земляў і зробіць для собскага народу зразумелым яго гісторыю. Калі зірнуць вокам на эвалюцыю навейшай літоўскай гісторыяграфіі, дык здаецца, што яна хоць і пад прымусам, але ідзе ў гэтым напрамку.

Выступленьне на Другім Усебеларускім Кангрэсе ў Менску 27 чэрвеня 1944 года

1) Расейска-Польскія дагаворы

Дэлегаты і дэлегаткі Усебеларускага Кангрэсу!

У часе вайны, калі грымяць гарматы і льецца навакол кроў, а адзіным прадстаўніком права зьяўляецца меч, можа выдавацца справай малаважнай займацца ўмовамі і пастановамі, хоць-бы і з галіны міжнародных дачыненьняў, але якія страцілі ўжо сваю актуальнасьць, значэньне і праўную сілу, дзякуючы зьменам, што прынясла вайна. Бо гэта, звычайна, ужо дакуманты, якім месца ў архіве і якія могуць быць у большай ці меншай меры цікавымі перадусім толькі для гісторыка. З нашага гледзішча гэткімі архіўнымі дакумантамі зьяўляюцца розныя польска-бальшавіцкія дагаворы, аб'ектам якіх была тэрыторыя Беларусі і яе народ. І гэта з дзьвюх прычынаў:

1. Гэткія дагаворы былі зробленыя без нашага ўдзелу, накіненыя гвалтам і ўжо бадай таму мы ня можам прызнаць ім у дачыненьні да нас праўнае сілы. Практычна, зразумела, мы змушаныя былі мець іх на ўвазе, бо выкананьне іх гарантавала сіла, але па сваёй істоце яны былі разгляданыя намі заўсёды — як акты гвалту, і ніколі — як акты, у васнове якіх ляжала права.

2. З другога боку вайна зьмяла з нашых земляў стары польскабальшавіцкі дзяржаўны лад і стварыла на яго руінах магчымасьці пабудовы новага, у якім беларускі народ хоча быць і будзе ўжо не аб'ектам, а суб'ектам права. (Воплескі).

Гэта пацьвярджала-б вышэй выказаную думку, што польска-бальшавіцкія дагаворы што да Беларусі могуць ужо фактычна быць прадметам зацікаўленьня толькі дасьледчыка. І мы перакананыя, што яны ніколі не набудуць у дачыненьні да Беларусі сваёй папярэдняй моцы. Але ёсьць матывы, якія змушаюць яшчэ і сяньня зьвярнуць на іх увагу беларускага палітыка і паддаць іх пад развагу нават так высокага народнага прадстаўніцтва, як Усебеларускі Кангрэс. Якія-ж гэта матывы?