Калі, аднак, пасьля ўпадку беларускай дзяржаўнасьці ў нас наступіў перыяд нацыянальнага прыгнёту ў поўным сэнсе гэтага слова, калі ня было чутно ўжо беларускага голасу ў вабароне сваіх інтарэсаў, дужэйшыя за нас Масква і Польшча маглі ўжо бесканкурэнцыйна даводзіць «лепшасьць» сваіх правоў на Беларусь. Польшча, што таксама, хоць і пазьней за нас, страціла сваю незалежнасьць, інтэлектуальна стаяла вышэй за расейцаў і ў дадатку знаходзіла спагад у Заходняй Эўропе і таму памысна канкуравала з Масквою. Паступова ў Заходняй Эўропе вырабіўся погляд, што Беларусь, як штось апрычонае ня існуе, што гэта толькі гэографічны назоў бліжэй неазначанай тэрыторыі, якая зьяўляецца прадметам маскоўска-польскіх спрэчак. Гэтыя спрэчкі вяліся ў тым кірунку, што Масква даводзіла «истинно русский» характар Беларусі і яе прыроды, а палякі, паклікаючыся на яе прысабечаную гісторыю і перакручваючы сэнс вуніяў, ды на кожным кроку гаворачы аб сваёй быццам выкананай культурнай місіі, — цьвердзілі аб яе польскасьці. Ужо гэтая супярэчнасьць поглядаў нашых суседзяў на нацыянальна-культурную сутнасьць Беларусі, дыямэтральная розьніца паміж гэтымі поглядамі, паказвала, што ў васнове іхных прэтэнсіяў да Беларусі ляжаць выключна імпэрыялістычныя імкненьні, а не якоесь права. Але нават у гэтых спрэчках за Беларусь наглядаецца пэўны кампраміс і згода. Відавочна абое адчувалі, што бароняць не сваё, а толькі хочуць захапіць чужое. Расейцы прысвоілі з нашай гісторыі тое, што зрабілі беларусы праваслаўныя, а палякі — што зрабілі беларусы каталікі. Вычувалася, што абодвы канкурэнты гатовыя падзяліць Беларусь паводле рэлігійнага прынцыпу: праваслаўныя беларусы — гэта расейцы, беларусы каталікі — гэта палякі. Гэты падзел абасноўваўся нават некаторымі гісторыкамі з польскага і расейскага боку.
3) Шкоды маскоўска-польскага панаваньня
Трэба сказаць, што два вякі гэтага нацыянальнага прыгнёту прынесьлі нам вельмі шмат шкоды. І таму, калі з XIX стагодзьдзя пачалося нашае адраджэньне, спачатку культурнае, а пасьля палітычнае, дык мы былі так моцна адарваныя ад сваёй мінуўшчыны, што не маглі і ня ўмелі выкарыстаць яе, як крыніцу нашых правоў да нашай зямлі і спаткаліся з так хітра сплеценай маскоўска-польскай павуцінай гэных прэтэнсіяў да Беларусі, што доўгі час не маглі адважыцца выступіць з сваім собскім палітычным абліччам, ня то што перад іншымі народамі, але і перад сваім собскім. І ня лёгка было шукаць гэтага свайго беларускага палітычнага аблічча. Шмат хістаньняў і перашкодаў павінен быў перамагчы беларускі рух, пакуль знайшоў гэты шлях. Праз нясьмелыя выказваньні жаданьня быць ня горшымі за іншых — «звацца людзьмі», праз фэдэрацыйныя плыні ў бок ці то Расеі, ці то Польшчы, беларускі нацыянальны рух вырабіў нарэшце свой собскі палітычны сьветапагляд. Гэты сьветапагляд, гэтыя доўга шуканыя ідэалы беларускага народу, выказаны ў эпохавым акце нашай гісторыі — Трэцяй Устаўной Грамаце з 25 сакавіка 1918 году, якім Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, як правамоцнае прадстаўніцтва Беларускага народу, парвала ўсялякія палітычныя сувязі Беларусі з Масквою і Польшчаю і абвесьціла яе незалежнасьць. Толькі ад гэтага часу мы можэм гаварыць аб адраджэньні нашага беларускага «я», аб скрышталізаваньні нацыянальна-палітычных мэтаў беларускага народу.