Масква і Польшча пільна сачылі за разьвіцьцём беларускае палітычнае думкі. Сачылі, бо ведалі, што прыходзіць трэці канкурэнт, гэтым разам найнебясьпячнейшы, бо — праўны гаспадар, спадкаемца сваіх нашчадкаў, легітымацыя якога ў поўным парадку.
У часе, калі гэта думка была яшчэ сьціплай і нясьмелай, калі яшчэ блыталася ў фэдэрацыйных канцэпцыях, калі мы ня мелі яшчэ адвагі выкінуць з галавы пачуцьцё ніжэйшасьці нават пры азначэньні сваіх палітычных ідэалаў, Масква і Польшча адносіліся да нас згары, глядзелі на наш рух з дамешкай гіроніі. Аднак, калі яны пабачылі, што гэты рух хоча адзін панаваць у Беларусі, хоча бачыць у беларускім народзе адзінага праўнага гаспадара краю, адкідаючы ўсе польскамаскоўскія прэтэнсіі, адносіны Масквы і Польшчы да нас зьмяніліся на яўна варожыя.
Дэлегаткі і Дэлегаты Кангрэсу! Вы разумееце, што мы зрабілі гэты выбег у гісторыю дачыненьняў Беларусі з Масквою і Польшчаю не для таго, каб пры нагодзе заспакоіць нашую цікавасьць, як гэтыя дачыненьні складаліся ў мінуўшчыне. Нашай мэтай было выясьніць што ў васнове маскоўска-польскіх прэтэнсыяў да Беларусі ляжала заўсёды толькі захопніцтва, а не якоесь права, што спосаб якім яны па чарзе няволілі Беларусь, быў гвалт, а не якіясь дабравольныя дагаворы ці традыцыі, і напасьледак, што гісторыя не дае ніякага абаснаваньня іхным прэтэнсыям да Беларусі, аб якіх мы і сяньня так шмат чулі і чуем. І дарэмна яны паклікаюцца на яе, як на крыніцу, як на сьветку іхных правоў да Беларусі.
А калі мы сарвём з нашых суседзяў гэтую бяспраўна надзетую «гістарычную» вопратку, тады перад намі і сьветам стануць голыя звычайныя імпэрыялістыя, якія імкнуцца накінуць нам ярмо няволі таму, што гэта ляжыць у натуры кожнага захопніка.
У гэткай ролі яны выступілі ў дачыненьні да Беларусі пасьля Першага Усебеларускага Кангрэсу ў 1918 г., калі было пераканальна, што беларускі народ ня хоча быць аб'ектам іхных крывавых апэрацыяў і адкідае іхную няпрошаную апеку. Акупаваўшы Беларусь, бальшавіцкая Масква, ня пытаючы волі беларускага народу, прарабляе над ім розныя палітычныя экспэрымэнты, раздае ягоную тэрыторыю каму хоча, паклікае адзін за другім розныя палітычныя наватворы, якія маюць задаволіць дзяржаўныя імкненьні беларускага народу. Усе гэтыя палітычныя крокі бальшавіцкай Масквы накіраваны на адну мэту: разьдзяліць і аслабіць беларускі народ, каб як найхутчэй вычыркнуць яго з лічбы жывых народаў. Гэткім чынам яшчэ да агульна ведамага Рыскага Трактату аб падзеле Беларусі з 18. III. 1921 г. бальшавікі заключылі рад дагавораў і выдалі рад пастановаў, сутнасьць якіх палягала на падзеле Беларусі.
Мы ня маем патрэбы спэцыяльна займацца ані гэтымі дагаворамі, ані пастановамі савецкага ураду, зробленымі бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу і супроць ягонай волі. Гэтыя пастановы і дагаворы былі пазьней ануляваныя або зьмененыя тым-жа бальшавіцкім урадам. Мы хочам толькі падчыркнуць іх антыбеларускі характар і тую лёгкасьць, з якой бальшавікі распараджаліся беларускай тэрыторыяй і лёсам беларускага народу. Мы хочам толькі адцеміць, што ніводзін з гэтых дакумантаў ня ішоў на спатканьне беларусам, а заўсёды быў накіраваны супроць іх.
4) Рыскі трактат 1921 г.
Але найвялікшым злачынствам бальшавіцкай Масквы ў дачыненьні да Беларусі, аб свабодзе якой яна так дзёрла горла, быў г. зв. Рыскі Трактат з 18. III. 1921 г. аб падзеле Беларусі паміж Масквой і Польшчай.
Тут трэба адцеміць, што ў дачыненьні да Беларусі бальшавіцкая Масква заўсёды дзеіла ў згодзе з Польшчай. Каб паняволіць беларускі народ, ня даць нашаму селяніну належнай яму зямлі, а нашаму работніку — фабрыкаў, і абярнуць аднаго і другога ў вечных нявольнікаў, бальшавіцкі маскоўскі пралетар працягнуў руку польскаму пану, запрашаючы яго да супольных крывавых нарадаў аб тым, як найлепш і найхутчэй зьнішчыць беларускі народ. Гэты маскоўскі пралетар аказаўся бліжэйшым польскаму пану, чымся беднаму беларускаму селяніну і работніку толькі таму, што беларускі селянін і работнік адважыліся загаварыць аб собскай свабодзе. Сяньня ведамы ўвесь цынізм гэтых нарадаў, у выніку якіх наступіў падзел Беларусі на Заходнюю і Усходнюю. Так, прыкладам, прадстаўнік Польшчы Домбскі адмовіўся ад далучэньня да Польшчы Менску, які суліў яму бальшавік Іоффэ, прадстаўнік маскоўскага пралетарыяту. Адмовіўся даслоўна таму, што гэта было-б лішне вялікай «беларускай скулай» на польскім целе, інакш кажучы — палякі не спадзяваліся яе стравіць. Іоффэ згадзіўся з гэтым, ведаючы згары, што ў СССР ёсьць даволі мейсца, а ГПУ ёсьць лішне моцнай установай, каб беларускае жыхарства Менску, што ў гады рэвалюцыі так актыўна змагалася за беларускую справу, расьцярушыць і загубіць. З гэтага мы бачым усю пэрфідыю, усе тыя нікчэмныя матывы, якімі тады кіраваліся і маскоўскі пралетар і польскі пан. Абодвым ім ішло аб вышуканьні найлепшых і найпэўнейшых сродкаў для зьнішчэньня беларускага народу.