Выбрать главу

Беларускі народ пратэставаў супроць гэтага дагавору і ніколі яго не прызнаў. Усе пазьнейшыя падзеі на Беларусі былі адным вялікім народным пратэстам супроць гэтага гвалту. Бальшавікі і палякі хутка пераканаліся, што самы падзел Беларусі, зроблены ў Рызе, яшчэ ня можа зьнішчыць беларускага народу, што патрэбны іншыя, яшчэ больш гвалтоўныя мерапрыемствы. Тады паміж Масквой і Польшчай наступае ціхае паразуменьне, што да правядзеньня гэтых мерапрыемстваў. Распачынаецца амаль што адначасна так у Усходняй, як і ў Заходняй Беларусі плянавае нішчэньне беларускай інтэлігэнцыі — у Польшчы пад закідам камунізму, а ў Саветах — фашызму.

Мы ня хочам праз гэта сказаць, што маскоўскі пралетар ня быў ворагам панскай Польшчы. Як расеец і захопнік ён, зразумела, быў і ворагам усялякай Польшчы, калі яна ня будзе бальшавіцкай, падпарадкаванай Маскве. Але нас гэты бок справы ня цікавіць. Нам важна ведаць толькі тое, што ў дачыненьні да нас Масква і Польшча мелі тыя самыя мэты і стасавалі прыблізна тую самую тактыку нішчэньня, толькі, зразумела, у бальшавікоў яна выглядала куды жудасьней. Таму мы бачым тут такое вялізарнае спусташэньне ў радох беларускай інтэлігэнцыі, селянства і работніцтва.

5) Нямецка-польская вайна 1939 г.

Выбух нямецка-польскае вайны 1939 г. акрыліў беларусаў пад Польшчаю надзеямі на магчымасьць здабыцьця лепшай будучыні. Пасьля ўпадку Польшчы ў гэтай частцы Беларусі ня было ўжо ніякіх перашкодаў да дасягненьня запраўднае свабоды. Але нядоўга трывалі гэтыя надзеі. Хутка зьявіліся праз нікога няпрошаныя бальшавіцкія «вызвольнікі».

Нахабства і цынізм Масквы перайшлі ў гэтым выпадку ўсялякія межы. Падзеі 1939 г. у Заходняй Беларусі ёсьць яшчэ адным і апошнім довадам таго, што і пралетарская Масква зьяўляецца заклятым ворагам свабоды беларускага народу, ды ня толькі беларускага.

Чаго прышлі гэтыя вызвольнікі? Ад каго яны мелі вызваліць заходніх беларусаў, калі там ужо ня было польскае ўлады і наагул Польшчы? Хто іх прасіў аб гэтае вызваленьне? Рэшты польскіх паліцыянтаў уцякалі самі, дык навошта тут была патрэбна чырвоная дапамога?

Але сучасныя крамлёўскія цынікі, падобна іхным продкам Іванам ІІІ-м ды Грозным, мала з гэтым цэрамоніліся. У адозве Цімашэнкі і Молатава патрэба вызваленьня матывавалася тым, што «Польшча разьбітая, польскі ўрад уцёк і пакінуў заходніх беларусаў без апекі. Што-ж яны мелі пачаць без яе? Ім заставалася толькі роспач і плач. І таму бацька Сталін, які ўсё бачыць і ўсяго дапільнуе, міласьціва згадзіўся замяніць ім польскага апякуна». — Вось тут клясычны клад цынізму і нахабства «пралетарскай» Масквы, якому няма падобных; вось паказьнік і апошні доказ таго, як гэтая Масква адносіцца да свабоды беларускага народу!

Мабыць бальшавікі і самі зразумелі гэты цынізм і таму пасьпяшаліся як найхутчэй улегалізаваць гэты новы гвалт над беларускім народам. Таму яны безадкладна прыступілі да выбараў у г. зв. Народнае Сабраньне Заходняй Беларусі, якому згары вызначылі мэты: далучыць гэту частку Беларусі да Савецкай Беларусі, а праз гэта ўключыць яе ў склад СССР. Далучэньня да Савецкай Беларусі бальшавікі не баяліся. Там уся ўлада была ў савецка-расейскіх руках і беларусы калі і былі там, то ня мелі ніякага ўплыву.

Як адбываліся гэтыя выбары, гаварыць ня варта. Яны былі аднолькавыя, як і ў ва ўсім Савецкім Саюзе. Фактычна выбараў ніякіх ня было; кандыдаты былі накіненыя акупацыйнай бальшавіцкай уладай і жыхарству нічога іншага не заставалася, як толькі іх прыняць. А калі-б нават яно іх і не прыняло, дык і гэта ня мела-б ніякага значэньня, бо бальшавікі такія выбары на кожным кроку фальшавалі, дасыпаючы да ўрны столькі галасоў, колькі ім было патрэбна. Скліканае такім чынам Народнае Сабраньне Заходняй Беларусі ня мела ніякай легальнасьці і ўжо таму не магло прадстаўляць жыхарства, выражаць ягоную волю. На гэтай аснове ягоная пастанова, аб уключэньні Заходняй Беларусі праз далучэньне да БССР, ня мае ніякай праўнай моцы. Гэта быў новы акт гвалту камуністычнае Масквы над беларускім народам. 3роблены ён быў адзіна з мэтай апраўдаць хоць фармальна тыя жудасныя мерапрыемствы: высылкі, арышты, расстрэлы, калектывізацыю і г. д. у дачыненьні да беларускага народу, якія ў Усходняй Беларусі праводзіліся ўжо звыш дваццацёх гадоў.