Выбрать главу

Палеоліт зьмяніла наступная пара — нэолітычная, або шліхаванага камяня. Факт існаваньня чалавека ў Беларусі ў гэтую пару выплывае з папярэдняга i сьцьвярджаецца ўжо шматлікімі знаходкамі гэтай пары. Каменных прыладаў нэоліту знойдзена шмат на тэрыторыі ўсяе Беларусі. Параўнальна дагэтуль найбольш ix аказалася ў Віцебшчыне, Віленшчыне, Меншчыне, Магілёўшчыне i Полаччыне, найменш — у Горадзеншчыне, Слонімшчыне, Ваўкавышчыне, Беласточчыне, Смаленшчыне[22]. Апрача маладых беларускіх архэолёгаў, нэолітычныя стаянкі ў Беларусі знайшлі, або ix студыявалі, галоўна да вайны, расейскія i польскія архэолёгі, як А. Сементкоўскі, графы Уваравы, графы Тышкевічы, Ф. Дабранскі, Татур, Н. Авэнаріус. М. Кусьцінскі, Е. Раманаў, В. Шукевіч, А. Сьпіцын, i іншыя[23]. Былі гэта пераважна архэолёгі-аматары, каторыя займаліся галоўна раскопкамі курганоў i ў гэтых працах траплялі на астачы нэолітычных стаянак у Беларусі. З боку адпаведных архэолёгічных расейскіх ці польскіх устаноў ня было наладжана сыстэматычных i плановых досьледаў. Архэолёгі-аматары абшар досьледаў выбіралі прыпадкова. Дзе гэтых аматараў ня было, там агулам i ніякае архэолёгічнае працы не вялося, хіба якімсь адумыслова прыехаўшым з „цэнтру" архэолёгам i зь якойсь спэцыяльнай мэтай[24].

Нешматлікія знаходкі не даюць яшчэ магчымасьці пазнаньня жыцьця палеолітычнага чалавека ў Беларусі. Затое адносна нэолітычнае пары вучоныя робяць на аснове ўжо дасюлешніх знаходкаў выснавы аб жыцьці чалавека ў гэтую пару, прычым некаторыя з ix можна лічыць цьвёрда ўстаноўленымі навукова. Дасьледчыкі кажуць, што нэолітычны чалавек у Беларусі жыў пераважна на берагох рэк i надта рэдка на берагох вазёр[25]. Жыльлём для гэтага чалавека былі зямлянкі, але ня выключана, што ён будаваў адумысныя для гэтага шалашы.

Гэта асабліва пацьвяржаецца знаходкамі беларускіх архэолёгаў за апошняе дзесяцігодзьдзе. Сьцены гэткага шалаша рабіліся з гальля, абмазанага глінай, a магчыма i ca скуры зьвяроў. Падлога рабілася з бітай гліны, а пасярод яе знаходзілася вогнішча наўперад дзеля прыгатаваньня ежы. Астачы глінянае пасуды паказваюць, што чалавек ёю карыстаўся i ўмеў вырабляць. Пасуда ляпілася з гліны чырвонае, або шэрай, дрэнна апаленай, з дамешкаю пяску або жарствы. Форма пасуды была розная, орнамэнт просты i даволі аднастайны[26]. Асядаючы па берагох рэк i вазёр нэолітычны чалавек здабываў у ix для сябе яду — рыбу i асобную ракавіну, г. зв. unio pictorum. Па берагох-жа рэк ён знаходзіў для сябе ў вялікай колькасьці крэмень, служыўшы для вырабу каменных прыладаў[27]. У лясох чалавек паляваў на зьвярыну. Рыбалоўства і паляваньне былі найгалаўнейшымі заняткамі нэолітычнага чалавека ў Беларусі. Хоць насельніцтва каменнага пэрыяду ў Беларусі групавалася па берагох рэк i вазёр, аднак, паводле некаторых дасьледчыкаў, яно не вяло аднолькавага спосабу жыцьця. Гэтыя дасьледчыкі, апіраючыся на тым, што каменныя прылады на поўначы Беларусі спатыкаюцца малымі групамі, а на поўдні вялікімі, робяць выснаў, што насельнікі паўночнай Беларусі вялі вандроўнае жыцьцё, тады, як на поўдні (ад Дзьвіны) жыло аселае насельніцтва[28]. Сементкоўскі дапушчае нават, што ўжо ў гэтую пару насельнікі Беларусі вялі гандаль з суседзямі, бо часам трапляюцца прылады з гэткіх пародаў камяня, каторыя не спатыкаюцца ў дадзенай мясцовасьці[29]. Нешматлікія знаходкі паказваюць, што каменны чалавек сваіх нябошчыкаў хаваў розна, часам ix паліў, часам закапываў у зямлю, пры гэтым разам з рэчамі нябошчыка[30].

Праф. М. Шчакаціхін кажа, што ўжо ў гэтую пару назіраецца хоць i прымітыўнае, але ўсё-ж імкненьне да мастацкага апрацаваньня каменных сякераў i вырабаў керамікі. Орнамэнтыка сякераў азначаецца вельмі простымі лінейнымі ўзорамі i ёсьць больш рознастайнай у кераміцы. Тут найпрасьцейшым рысункам ёсьць дзьве раўналежныя лініі па берагу пасудзіны. У далейшым разьвіцьцю гэтыя лініі ламаюцца на кавалкі ды зварочваюцца да сябе наўскос або стоць, творачы вуглы, крыжыкі i г. п. Надта характэрна, што ўжо ў гэтым часе спатыкаецца рысунак «капыцікаў», якія захаваліся яшчэ i цяпер на сучасных вясковых беларускіх паясох. З часам орнамэнтыка робіцца ўсё больш складанай: зьяўляюцца просталінейныя геомэтрычныя фігуры (трыкутнікі, ромбы, прастакутнікі) i рысункі крывалінейныя (хвалявыя лініі, колцы, сярпы, паўмесяцы i г. д[31].

вернуться

22

Згэтага відаць, што нэолітычны чалавек гусьцей жыў на ўсходзе Беларусі. Пярэчыў-бы гэтаму факт, што нэолітычных знаходак адносна мала адкрыта ў Смаленшчыне. Трэба аднак узяць пад увагу, што досьледы Смаленшчыны з гэтага гледзішча пачаліся толькі ў 1924 г. беларускімі архэолагамі. Гэтак А. Ляўданскі ў 1924 г. знайшоў першую нэоліт. стаянку ў 20 клм. ад Смаленска каля ст. Катынь, а другую ў 1925 г. 24 клм. ад Смаленска недалёка ад вёскі Ніжніх Нямыкараў. У гэтым-жа 1925 г. H. Савін знайшоў нэоліт. стаянкі ў Дарагабужскім павеце, каля Дарагабужу i ўніз па Дняпры ў в. Хатычкі, Бізюкова, Аляксейкава, Бабаедава i на р.Угры пры ўтоку ў яе р. Вароны. Ёсьць сьляды нэолітычных стаянак i каля в.в. Ліцьвінава і Стара-Меншыкава, Вяземскага пав. Магчыма дзеля гэтага, што адносная рэдкасьць нэоліт. знаходак у Смаленшчыне аб'ясьняецца спозьненымі досьледамі, як дапушчае і А. Ляўданскі, але ня выключаецц думка, што нэалітычны чалавек тут радзей. Тады трэба было-б лічыць, што гэты чалавек найгусьцей жыў у сярэдняй Белаврусі (глядзі А. Ляўданскі. Неалітычныя стаянкі ў Смаленскай губ. Гістарычна-архэолёгічны зборнік Інястытуту Беларускае Культуры № 1. Выданьне І.Б.К. Менск, 1927., б. 177-179).

вернуться

23

Падамо тут найгалаўнейшыя працы гэтых дасьледчыкаў, у як1х можна знайсьці дадзеныя аб нэолітычных знаходках у Беларусі. А. Сeмeнтковскій. Белорусскія древности в. I. Спб. 1890 г. А.Уваров. Археологія Россіі т. 2. Москва 1891 г„ б. 39-46, 51-53, 137-138. E. Tyszkiewicz. Badania archeologiczne, Wilno, 1850 г. Ф. Добрянскій. Каталогь предметовъ Музея Древностей, состоящаго при Виленской Публичной Библиотeк, Вильна, 1879 г. Татуръ. Очеркъ археологическихъ памятниковъ на пространстве Минской губерніі. К. Туszkiewicz. O kurhanach na Litwie і Rusi Zachodniej, Berlin, 1868 г. H. Авенаріусь. Заметка о раскопках въ Минской губерніі въ 1889 и 1890 годахъ (Труды Виленскаго Одделенія Моск. Предвар. Комитета по устройству въ Вільне IX Археологическаго Съезда. Вильна, 1893). М. Кустінскій. Докладъ о раскопкахъ въ области Кривичей (Древности, т. IV. Москва. 1874 г.). Е. Романовъ. О раскопкахъ въ Могилевской губерній (Древности, т. XII. Москва, 1888 г.). Яго—ж. Раскопки въ Могилевской губ., въ 1888 г. (Древности т. XIII. в. I. Москва. 1889 г.). Яго-ж. Археологіческія разведки въ Могилевской губ., Вильна, 1912 г. Яго-ж. Матеріялы по исторической топографіі Витебской губ., Могилевъ, 1898 г. Я г о—ж. Археологіческій очеркъ Гомельскаго уезда, Вильня, 1910 г. П. Лерхъ. Орудія каменнаго і бронзоваго вековъ въ Европе (въ Изв. Имп. Арх. Общ. т. IV. Спб. 1863 г.). Глядзі так-жа: Каталогъ Собранія древностей г р. А. С. Уварова, Москва, 1887 г., б. 21 i Каталогъ предметовъ выставки VIII археологическаго съезда, Москва, 1890 г.

вернуться

24

Праўда, у 1869 г. у Вільні паўстаў г. зв. „Северо-Западный Отдълъ Импер. Русскаго Географ. Общества", пры якім была створана сэкцыя архэолёгіі, якая магла-б заняцца сыстэматызаваньнем архэолёгічных досьледаў і іx вывучэньнем. Аднак да 1910 г. увесь аддзел разам з сэкцыяй існаваў толькі на паперы. У 1910 г. ён быў узноўлены. Аддзел зьмясьціў некалькі прац архэолёгаў-аматараў, перэважна з курганнай пары, у сваіх „Записках" i плянаваў сыстэматычнае вывучэньне краю з гледзішча яго архэолёгіі, аднак гэтаму перашкодзіла вайна (глядзі „Записки" Сев.-зап. отдел. Имп. Рус. Геогр. Общ. за 1911—1913 г., выдадзеныя ў Вільні). З гледзішча архэолёгічнага мелі сваё значэньне ладжаныя ў розных гарадох Імпер. Археол. Обствам у Маскве штогоднія архэолёгічныя зьезды, на якія прыгатаўляліся даклады аб архэолёгічных здабытках у розных краінах б. Расеі і між іншым у Беларусі.

вернуться

25

На стаянкі на берагох вазёр натрапілі В.Шукевіч у Лідчыне, вазёры Дуба, Мачулы і інш., Е. Раманаў у б. Себескім пав. (Глыбочанскае воз.), К. Палікарповіч у б. Клінцоўскім пав. (Кажаноўскае воз.). К. Палікарповіч у 1926 г. знайшоў нэолітычную стаянку каля бапота Печанеж, Касьцюковіцкага раёну ў вадазборы р. Бесядзі (прыток Сажа). Гэты факт пярэчыў-бы ўспомненым выснавам, але Палікарповіч тлумачыць, што балота Печанеж у нэолітычную пару было возерам, а з часам замянілася на балота. Апошняя знаходка Палікарповіча (каля балота Печанеж) мае вялікую вагу. Як вядома, у архэолёгіі пануе адносная хронолёгія. Няма магчымасьці ўстанавіць абсалютныя даты трываньня нэоліту ў Беларусі. Знаходкі каля Печанежа паводле Палікарповіча могуць спрычыніцца да ўстанаўленьня абсалютнае хронолёгіі, а гэта шляхам дасьледваньня часу паўстаньня тарфяністага балота на месцы возера на аснове арганічных астачаў у тарфянішчах (глядзі К. Палікарповіч—Нэолітычная стаянка каля балота Печанеж на Калініншчыне, Гіст.-арх. зборнік І.Б.К. № 1, Менск 1927 г., бач. 235—240). Тады магчыма было-б азначыць час, калі панаваў нэолітычны пэрыяд у культуры насельнікаў Беларусі. Дагэтуль нэолітычную пару ў Беларусі прыблізна азначаюць не пазьней, як на 1000 гадоў да Нар. Хр. (Аб гэтым глядзі Л.Нідэрле. Человечество въ дойсторіческіе времена, переводъ Волкова, Спб. 1898 г., бач. 174, А, Спицинъ. Обозреніе невкоторыхь губерній и областей Россіі въ археологическом отношеніі ў розных месцах. Карскі, Белоруссы кн. 1. бач. 30 — 32, які паўтарае прыпушчэньне першых двух). Ёсьць гэта аднак пакуль што толькі гіпотэза.

вернуться

26

Аб шалашы, як жыльлі чалавека ў пару нэоліту, глядзі працу А. Ляўданскага. Нэопітычныя стаянкі ў Смаленскай губ. (Гіст.-архэолёг. Зборнік І.Б.К. № 1, 1927, Менск). Выснавы свае аўтар апірае на аснове знаходак стаянкі ў в. Ніжнія-Нямыкары ў Смаленшчыне. З гэтага гледзішча-знаходкі ў Ніжніх-Нямыкарах надта вартасныя.

вернуться

27

Уваровъ о. с. бач. 39 — 41, Сементковскій, о. с. бач. 80,, Лерхъ, о. с. бач. 168 і наст. Татуръ, о. с. бач. 58.

вернуться

28

Сементковскій о.с. бач. 80, Уваровъ, о. с. бач. 39. Гэтай-жа думкі трымаецца і В. Данилевичъ. Очеркъ історіі Полоцкой земли до конца XIV столетія, Кіев, 1896 г., бач. 40—41.

вернуться

29

Сeмeнтковскiй о. с. б. 81 — 82. Думку гэтую можа пацьвердзіць іншая епасьцярога, паіменна, што напр. у Полаччыне знойдзены месцы з мноствам няскончаных каменных прыладаў, што, пвводле некаторых дасьледчыкаў, дае асновы дапушчаць выраб гэтых прыладаў у мэтах гандлю (Глядзі Уваровъ, о. с. бач. 41, Лерхъ, о. с. бач. 168 i наст., Татуръ. о. с. бач. 58). Думку гэту паўтарае i В. Данілевіч, о. с. бач. 41.

вернуться

30

Знаходкі, зь якіх можна было-б рабіць выснавы аб хаўтуровых звычаях нэолітычнага чалавека трапляюцца вельмі рэдка. Заслугоўвае на ўвагу знаходка ў в. Зыкаве, б. Менскага пав. Тут знайшлі паіменна магілку, складзеную з каменных пліт у форме невялікае скрынкі, а пры нябошчыку аказаліся крамнёвы клін і чатыры гліняных начыньні. Каменныя могілкі знойдзены i ў іншых мясцовасьцях (глядзі В. Данілевіч о. с. б. 41—42).

вернуться

31

М. Шчакаціхін. Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. I. Выд. Інст. Белар. Культуры. Менск, 1928 г.), глядзі так-жа часапіс „Неман" 1932 г., № 3, Вільня. На аснове падобнасьці орнамэнтыкі нэолітычнае пары у Беларусі з орнамэнтыкай Скандынавіі і Фінляндыі праф. Шчакаціхін робіць вывад, што ўжо ў гэтую пару існавалі сувязі між Скандынавіяй i Беларусьсю.