З пачуцьця радні з «панскай» культурай плыве пагарда раба да сваёй. Інтэлігенцкі беларускі раб хоча ўва ўсім быць падобным свайму пану. Пляма, аднак, «няпанскага» культурнага паходжаньня мучае раба i магчыма ад часу-да-часу ўзварушыць яго сумленьне. З тым большым разгонам кідаецца ён на нішчэньне сьлядоў собскага паходжаньня. Іменна сьлядоў паходжаньня, бо пакуль яны будуць відавочны, датуль раб спакойна жыць ня можа.
Жаролы беларускай культуры, яе багацьце i самастойнае значэньне між культурамі расейскай i польскай, найлепш паказвае наша гісторыя. Вось-жа дзеля апраўданьня культурнай асыміляцыі беларусаў, неабходна беларускую гісторыю зьнішчыць, інакш з яе можна будзе заўсёды даведацца аб паходжаньні і ролі беларускасьці. З гэтай мэтай паны i іхнія беларускія рабы з асаблівай энэргіяй стараюцца вычыркнуць беларусаў з гісторыі. З усёй пэўнасьцю можна казаць, што беларуская гісторыя адчула наймацней разбураючую руку рабоў-беларусаў. У сваёй разбураючай працы рабы карыстаюцца аружжам, выдуманым панамі. Гэтак рабы расейскага пана паўтараюць за ім, што ніякага беларускага народу няма i ня было, быў i ёсьць «единый русский народ», складовай часткай якога зьяўляюцца між іншымі i беларусы. Ніякай апрычонай гісторыі беларусы ня мелі, была толькі гісторыя «общерусская». З гэтай мэтай расейскі пан папросту ўкраў багатую беларускую i ўкраінскую гісторыю i далучыў яе да маскоўскай. Менш аб тое, што з гэтага мэханічнага злучэньня нічога ня выходзе i што нават да апошніх часоў расейскія гісторыкі ня могуць выпрацаваць сынтэтычных асноў гэтай «общерусской» гісторыі, інакш даказаць арганічную цэласьць яе. Рабом гэта не патрэбна. Для ix хопіць бязмыснага паўтараньня за панам, што сталіцамі Расеі былі Ноўгарад, Кіеў, Уладзімір на Клязьме, Масква, Пецярбург, што Полацак, Менск, Смаленск, Пскоў i іншыя беларускія цэнтры былі толькі «общерусскими удзелами». Гэты мэханічны зьбіцень чужых гісторыяў імпануе беларусам з рабскімі прэдыспозыцыямі. Хіба праўдзівыя «слёзы уміленія» выклікала ў ix заява расейскага цара на эміграцыі Уладзіміра Кірылавіча, які, запярэчыўшы магчымасьці каранаваньня яго на асобнага ўкраінскага цара, сказаў, што хто-б дапушчаў гэта, той: «совершенно не знал бы истории императорской России. Ведь Киев — это колыбель России».
Рабы польскай культуры карыстаюцца так-жа дадзеным ім у рукі аружжам. Тут гаворыцца, што Вялікае Княства Бел.-Літ. было натолькі агорнута польскай культурай, што лічылася ня больш, як польскай правінцыяй. Міцкевіч, Сыракомля, Касьцюшка, Крашэўскі назаўсёды злучылі землі Вял. Княства з Польшчай. Толькі польскі дух быў тут творчым i рабіў гісторыю. Усё, што ў яго рамы не ўкладалася, — было ўсходам, барбарствам, нягістарычным.
З гэткім аружжам нашыя рабы чужых культур стараюцца, хоць i дарэмна, збурыць собскую гісторыю, зацёрці сьляды свайго паходжаньня... А гэта мела-б для ix колёсальнае значэньне. Тады яны з ўсёй пэўнасьцю маглі-б гаварыць, што беларускі рух гэта нешта новае, сэзоновае, нягістарычнае, а у найгоршым прыпадку выдуманы варожымі агентурамі. Сумленьне рабоў у гэткім прыпадку было-б чыстае.
Рабы працуюць для чужой культуры з поўнай адданасьцю i сэнтымэнтам. Характэрна, што для беларускай культуры яны ня маюць ня толькі ніякае спагаднасьці, але прагавіта жадаюць ейнай сьмерці. Можа ix узварушыць загуба — скажам — мэксыканскай, абісынскай культур, але ніколі беларускай. Трагедыя апошняе можа выклікаць у ix толькі ціхую радасьць. Адданасьць у працы для чужой культуры, спатыканая ў рабоў, ёсьць зразумелай з вышэйшых разважаньняў. Але скуль бярэцца тут пачуцьцё, сэнтымэнт да яе?
Рабы-інтэлігенты, з беларускага сялянства або мяшчанства, стыкаюцца з чужой панскай культурай у романтычным апрацаваньні. Романтызм, «багацьце», «шляхэтнасьць» польскае культурнае творчасьці выдаецца ім натолькі захопліваючымі i натолькі процілежнымі да ўбогасьці собскага культурнага асяродзьдзя, што безапэляцыйна дэцыдуюць аб іхняй культурнай душы, будзяць у ёй сэнтымэнт да сябе. «Бедная» беларуская сялянска-мяшчанская культура выдаецца ім простай, грубой i гэтым самым няздольнай выклікаць і адрабіны таго пачуцьця, якое рабы маюць да чужой. Гэта некарыснае параўнаньне забірае ў ix далейшую цікавасьць да здабыткаў беларускіх культурнікаў. Змаганьне беларускіх культурнікаў з чужымі культурамі, прыняўшае апошнімі часамі шырокі размах, будзіць у ix душах нясмак да беларускасьці i яшчэ большы сэнтымэнт да чужыншчыны, з якой зрасьліся.
Мы стараліся паказаць прычыны паўстаньня i практычную дзейнасьць беларускіх рабоў. А якой мае быць ацэна гэтага зьявішча?