Выбрать главу

Тут шмат гаварыць ня прыдзецца. Культурныя рабы — гэта іменна i ёсьць той «гной», на якім мае буйна ўзрасьці на беларускай ніве чужая культура. Усе імкненьні чужынцаў да культурнае асыміляцыі беларусаў асноўваюцца іменна на дапушчэньні існаваньня гэтага «гною» — рабства ў асыміляваным асяродзьдзі. Асымілятары аблічаюць, што гэтыя рабы знайдуцца, ідзе ім толькі аб тое, каб было ix як найбольш. Існаваньне гэтага «гною» у значнай ступені апраўдвае нават прымусовую «культурную» асыміляцыю ў вачох ейных праваднікоў. А праз «нявінную» культурную асыміляцыю вядзецца ўжо лягчэй i палітычная, што зусім зразумела. Грамадзянства, асыміляванае палітычна i культурна, ня ёсьць жывым. Да гэтага імкнуцца чужыя культурныя асымілятары, або, якix называюць часьцей, «культуртрэгеры» ў адносінах i да беларусаў.

Гэткім парадкам, ведаючы, што асыміляцыі паддаюцца людзі з рабскімі склоннасьцямі, што існаваньне рабства ў грамадзянстве зьяўляецца моцна небясьпечным, бо рабы — гэта першыя праваднікі чужой культуры ў сваім асяродзьдзі, а тым самым і першыя ворагі гэтага асяродзьдзя, усёроўна — сьведамыя ці нясьведамыя, — разгляданая тэма заслугоўвае на пільную ўвагу грамадзянства. Культурнае рабства — гэта хвароба ў грамадзкім арганізьме, з якой неабходна змагацца.

У канцы, — каб ня было памылак,—хочам падчыркнуць, што да культурных рабоў, само сабой разумеецца, ня можна аднесьці тых беларусаў, якія, хоць i ўзгадоўваліся ў чужой — расейскай або польскай культуры, але асталіся думаючымі па-белоруску. Гэтыя беларусы нічога супольнага з рабамі ў разгледжаным сэнсе ня маюць, бо культурны раб паводле пададзенага тут азначэньня — гэта адзінка сьляпая, думаючая крытэрыямі свайго пана.

У трохсотныя ўгодкі сьмерці Вялікага Канцлера Льва Сапегі

У 1933 годзе мінае трыста гадоў ад дня сьмерці Вялікага Канцлера Літоўскага Льва Сапегі, згуляўшага ў гісторыі беларускага народу і культуры гэткую вялікую і дадатную ролю, што пара яго справядліва завецца “залатой”.

Аб Сапезе захавалася да нашых дзён вельмі многа аўтэнтычных дакумэнтаў, на падставе каторых асабістасьць яго можна зусім выразна схарактэрызаваць, дэфінітыўна азначыць яго нацыяналь­насьць і культурную прыналежнасьць. Між іншым, у гэтым арты­куле аўтар карыстаўся ў вялікай меры пісьмамі Льва Сапегі да ві­лен­скага выяводы Крыштофа Радзівіла. Пісьмы гэтыя, выдадзе­ныя ў VIII томе збору «Scriptores rerum polonicarum», ма­юць вя­лі­кую вагу дзеля пазнаньня асабістасьці Сапегі і прад­стаўляюць гі­ста­рычны матэрыял першараднае вагі, бо, як слушна сказаў прад­моў­ца да ўспомненага збору, пісьмы вялікіх людзей эпохі Сапегі мелі шмат вялікшае значэньне, чым звычайная ка­рэс­пандэнцыя. Яны былі свайго роду артыкуламі, у якіх даная асоба выказвала свае пагляды і давала парады парозным пытаньням дня. Пісьмы Са­пегі, атрымліваныя Крыштофам Радзівілам, да таго-ж ставаліся веда­мы­мі і шырэйшаму агулу шляхты пры радзівілаўскім двары, комэнта­валіся, выклікалі дыскусію і ў выніку крыста­лі­за­ва­лі пуб­лічную дум­ку. А зьмест пісем Сапегі асабліва цікаўны і вель­мі добра ха­рак­тарызуе Вялікага Канцлера, як абаронцу правоў Вя­лі­ка­га Князь­ства і панаваўшае ў ім беларускае культуры. Апрача та­го, пісьмы гэтыя падаюць запраўдныя матывы паступаньня Сапе­гі ў розных важ­ных справах. Гэтыя ўкрытыя матывы маюць далёка большае значэньне, чым штучна прыдумываныя пры афіцыяльных выступ­леньнях.

Леў Сапега жыў у эпоху, каторая ў гісторыі Беларусі можа быць названа эпохай рэфармацыі і позьняга гуманізму. Аднак, ня гледзячы на вялікі ўздым культурнага жыцьця, эпоха Сапегі мела ўжо ўсе зачаткі палітычнага і культурнага заняпаду. Асабліва вялікай заслугай Сапегі зьяўляецца іменна тое, што ён адзін ясна бачыў гэтыя прычыны заняпаду, перасьцерагаў перад імі сваё грамадзянства і, як мог, стараўся параліжаваць.

Каб адзначыць трохсотлецьце сьмерці Льва Сапегі і даць запраўдны абраз гэтае нязвычайнае адзінкі, пяройдземо да агляду жыцьця і працы Вялікага Канцлера.

Сапегі — вельмі стары беларускі род, які быў у далёкай кроўнай сувязі з Гедымінавічамі і згуляў даволі важную ролю ў гісторыі беларускіх зямель ужо да XV стагодзьдзя. Паводле дакумэнтаў Мэтрыкі Вялікага Князьства Літоўскага, калыскай роду Сапегаў была Смаленшчына. Продкі Сапегі былі праваслаўнае веры, аб чым сьведчаць іх імёны: Сямён, Іван (Івашка), Богдан, Глеб і другія. Род Сапегаў быў, аднак, бедны. І Леў першы залажыў асновы яго пазьнейшае вялікасьці і магутнасьці. Бацькамі Льва былі: Іван Іванавіч Сапега, стараста дарагічынскі і ваявода падляскі (памёр у 1580 г.) і княгіня Багдася Друцкая-Сакалінская (памерла ў 1584г.). Радзіўся Сапега ў 1537 г. у двары Астраўку і меў двух братоў: Грыгора, падкаморага аршанскага (памёр у 1600 г.), і Андрэя, які быў перш аршанскім старастам, пасьля віцебскім кашталянам і мсьціслаўскім ваяводам (памёр у 1611 г.). Акром братоў меў тры сястры.