У пісьме з 15 ліпня 1588 г. Сапега, адказываючы на пытаньне Радзівіла, што «кароль здаецца ўжо лепш адносіцца да нашага народу», заўважае скептычна, што ён «гэтага не абсэрваваў, а наадварот з рэспонсу пану Мінскаму відаць, што кароль жалее таго, што каліколечы зрабіў ліцьвіну. Не хачу быць рrо formа пры двары і ўраду свайго наражаць на зьнявагі, бо ўрадуе камора, а ўраднікі ёсьць непатрэбнымі».
Аднак, ня гледзячы на гэтыя труднасьці, Сапега астаўся пры двары. Узаемаадносіны паміж Жыгімонтам і Сапегаю зьмяніліся крыху на лепшае, калі паўстала небясьпека вайны з туркамі і татарамі. Гэтую небясьпеку выклікаў Жыгімонт III сваёй вузка дынастычнай палітыкай. Шукаючы прыхільнікаў, Ваза стараецца зьяднаць сабе Сапегу, ведаючы, што апошні здабываў штораз вялікшы аўторытэт у Вялікім Князьстве. Як бы ў сувязі з гэтым, Жыгімонт даручае Сапезе важныя справы, датычучыя Вялікага Князьства, і перадусім згаджаецца на ягонае кіраўніцтва працамі над Трэцім Статутам.
Прыступаючы да спаўненьня гэтага вялікага заданьня, Сапега меў 31 год, аднак, ня гледзячы на гэткі малады век, абавязкі свае споўніў бліскуча, здабыўшы ўдзячнасьць сучасьнікаў, памяць і хвалу ў патомкаў.
Статут 1588 г. вырас паступова. Ужо на Люблінскім Сойме 1569 г. было пастаноўлена стварыць адумысную камісію, каторая-б занялася перапрацоўкай статуту 1566 году, зьмяняючы апошні адпаведна да пактаў Люблінскае вуніі і новага палажэньня Вялікага Князьства. У склад камісіі ўвайшлі гэткія асобы, выбраныя на Люблінскім Сойме. З рады гаспадарскае ўвайшлі: Валерыян, біскуп віленскі, Мэльхіор Шэмет, кашталян Жамойцкі; да іх назначаны быў сэкрэтаром «доктар абайга правоў» Аўгустын Ротундус, віленскі войт. Ад шляхты ў камісію ўвайшлі прадстаўнікі ад кожнага ваяводзтва Вялікага Князьства Літоўскага — па адным: Мікалай Дарагастайскі, князь Лукаш Сьвірскі, Ян Стэцковіч, Бэнэдыкт Юрага, князь Павал Сакалінскі, Ян Скалка, Кірдзей Крычэўскі, Сялецкі, Марцін Валадкевіч. Да гэтых дэпутатаў ад ваяводзтваў былі прыдзелены два земскія пісары: Андрэй Мачковіч — віленскі і Пятро Станіславовіч — ашмянскі. Працы камісіі адбываліся ў Вільні. На ўтрыманьне дэпутатаў быў вызначаны, аж да сканчэньня працы, асобны падатак, які плацілі толькі грамадзяне Вялікага Князьства (акром украінскіх земляў). Склад камісіі ня быў праз увесь час адзін і той-жа, бо некаторыя сябры паміралі, іншыя зьмяняліся. Паводле соймавае канстытуцыі, направа Статуту павінна была адбывацца такім чынам, каб дэпутаты ня толькі зьмянілі або зусім выкрэсьлілі спрэчныя з пактамі Люблінскае вуніі артыкулы, але самае права цывільнае Вялікага Князьства памагчымасьці зблізілі да права Кароны. Апрацаваны гэткім спосабам Статут павінен быў быць, паводле тэй-жа Люблінскае ўмовы, перагледжаны і зацьверджаны «супольным» польска-літоўскім Соймам.
Працы камісіі пасоўваліся, аднак, вельмі павольна; і толькі тады, як справа гэта была даручана Льву Сапезе, — праз два гады, пайменна ў 1588 г., статут быў гатовы. Леў Сапега вельмі добра справіўся з сваім заданьнем і ня толькі апрацаваў Статут, але і выдаў яго ўласным коштам і пад асабістым даглядам у 1588 г. ў Вільні.
Выдаючы новы статут, Леў Сапега зламаў пастановы Люблінскага Сойму ў двух найгалаўнейшых кірунках: фармальным і матэрыяльным. Фармальнае зламаньне выявілася ў тым, што Статут 1588 г. атрымаў абязываючую сілу не на падставе пастановы «супольнага» Сойму (як вымагала Люблінская вунія), а на падставе пацьвярджэньня яго гаспадарам Жыгімонтам Вазай асабіста, г. зн. парадкам, які абязываў у Вялікім Князьстве Літоўскім пры выдаваньні законаў перад Люблінскай вуніяй. Апрача гэтага прывілей гаспадара, пацьвярджаючы Статут, быў выданы за аднэй пячацьцю Вялікага Князьства Літоўскага, за подпісам гаспадара Жыгімонта III і за змацаваньнем падканцлера Льва Сапегі ды пісара Габрыэля Войны. Гэтым спосабам Сапега выэлімінаваў магчымасць якіх-колечы фармальных пратэнсіяў з боку Кароны да свае працы. Матэрыяльнае зламаньне пастановаў Люблінскага Сойму выявілася ў тым, што Трэці Статут ня толькі ня зьліў права Вялікага Князьства з польскім, як гэтага дамагаліся палякі ў Любліне, але навет захаваў усе тыя артыкулы, якія выклікалі вялікае абурэньне ў кароннай шляхты.